Уборка бульбы: «Брыз» не саступае «Каралеве Ганне»

Нягледзячы на кастрычніцкае пахаладанне, на  палетках Палескай доследнай станцыі сінхронна ідуць работы па падрыхтоўцы глебы пад ураджай-2018 года, сяўба азімых, уборка кукурузы, закладка сіласу і капанне бульбы. Менавіта сюды накіраваліся з дырэктарам станцыі Аляксандрам Юзупанавым.

Работнікаў засталі падчас абеду, які прывезлі вадзіцель Барыс Карпец і повар сталовай гаспадаркі Дар’я Калешка. Дзяўчына толькі сёлета закончыла Лунінецкі сельскагаспадарчы каледж і рада частаваць смачнымі стравамі сваіх землякоў. Па ветліваму настрою працаўнікоў можна было зразумець, што ежа прыгатавана смачна, а справы ладзяцца нядрэнна. Тэхніка, якая на час абеду застыла ў чаканні сваіх гаспадароў, была спраўнай. Спрыяла рабоце і сухое надвор’е…

Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Рыгор Кавалец, усяго на ўборцы бульбы занята 9 адзінак тэхнікі. На кожнай з іх працуюць вопытныя механізатары. Так бульбаўборачныя камбайны ў надзейных руках старанных экіпажаў у складзе Вячаслава Гарагляда і Сяргея Фядчэні, Алега Шыгуўдзінава і Аляксея Бондара. Дзявяты сезон скошваннем бацвіння займаецца Дзмітрый Трухноў. Больш як 80 тон “другога хеба” за чатыры дні ўборкі перавёз трактарыст Віктар Бурдзялёў. А яшчэ зусім нядаўна ён абслугоў-ваў даільныя ўстаноўкі на адгоннай пашы. Не менш старанна працуе і яго калега з ПМС Іван Яраховіч. За шэсць дзён, якія ён дапамагае станцыі, зрабіў 25 рэйсаў з поля на сартавальны пункт, штораз перавозячы ў сярэднім па 7 тон клубняў…

На дзень наведвання гаспадаркі бульба была ўбрана на плошчы 31 гектар, што амаль палова занятых ёю плошчаў. Пры сярэдняй ураджайнасці 334 цэнтнеры  на круг накапалі 1035 тон. Урадлівымі сёлета аказаліся як айчынныя: “брыз” і “вектар”, так  і галандская “каралева Ганна”. Якім бу-дзе “ўладар”, пакажуць бліжэйшыя дні. Да яго ўборкі пакуль не прыступалі.

Аляксандр Юзупанаў адзначае, што такой высокай ураджайнасці бульбы на станцыі яшчэ не было. Што датычыць якасці, то клубні прыгожыя і здаровыя. Маючы бульбасховішча на 3 тысячы тон, праблема рэалізацыі ў любую пару года не стаіць, таму спяшацца ў гэтым плане асаблівай патрэбы няма. Гэта пацвердзіў і аграном па бульбаводству Яўген Вячорка, пад кантролем якога ідзе ўвесь ход работ на палях.

Практычна ўсю накапаную і дастаўленую да схо-вішча бульбу работнікі станцыі сартыруюць у той жа дзень і закладваюць на захоўванне, а пры неабходнасці рэалізуюць пакупнікам.

У такую гарачую пару на станцыі незанятых рук няма. У вытворчы працэс задзейнічаны нават вартаўнікі, сярод якіх Віктар Пратасавіцкі і Міхаіл Салуйчык. Падчас уборкі бульбы яны становяцца аператарамі сартавальнага пункта.

На дзень выхаду “ЛН” працаўнікам станцыі выкапалі бульбу на плошчы 36,5 гектара. Ураджайнасць склала 308,6 цэнтнера на круг.

Add Comment