Чужое прозвішча носіць лунінчанін Вячаслаў Палавых

«Грамадзянін жыве пад чужымі дакументамі» – напэўна ў кожнага з нас такія словы выклікаюць насцярожанасць і недавер да іх уладальніка. Але бываюць сітуацыі, калі замест аферыста перад намі паўстае чалавек станоўчы. Напрыклад, праблемы з дакументамі ў час Вялікай Айчыннай вайны ўзніклі ў лунінчаніна Вячаслава ПАЛАВЫХ. І, дзякуючы гэтай падмене, ён выжыў у той момант, калі стан быў крытычным…

Іх сям’я пражывала ў Арлоўскай вобласці на ўзбярэжжы ракі. Бацьку забралі на фронт. Ён загінуў на крывавых рубяжах Курскай дугі. Шасцярых малалетніх дзяцей матуля да-глядала сама. Часта даводзі-лася галадаць.

Аднойчы па вёсцы пранеслася вестка, што ў лодках засталіся пакінутыя немцамі харчовыя запасы. Ісці туды было вельмі рызыкоўна, але якая маці будзе думаць пра сябе, калі крывіначкі просяць есці. Не ўстрымалася жанчына ад ракавога кроку, ды ўсё аказалася звычайнай пасткай. Як толькі людзі наблізіліся, варожыя снайперы ва ўпор іх расстралялі…

Клопаты пра столькіх сірот не мог узяць на сябе ніхто з родзічаў, малым пагражала галодная смерць. На першым часе крыху дапамагалі суседзі. Неяк яны даведаліся, што непадалёк у Задон-ску адкрылі дзіцячы прытулак. Туды і адвезлі хлопчыка 1942 года нараджэння, якога на той час звалі Леанід Бухціяраў. Ды ўсе памяшканні ўстановы былі перапоўнены, яго не прымалі. Але не было куды і вяртацца. Усе стаялі ў роспачы, не ведаючы, як быць.

Якраз у той дзень памёр маленькі выхаванец прытулка Вячаслаў Палавых. Нехта з персаналу прапанаваў нечаканае выйсце – памяняць месцамі нябожчыка і жывое дзіця. Так і вырашыўся лёс Леаніда – выратаваўся, меў ежу і дах над галавой, але назаўсёды застаўся пад чужым прозвішчам. У цяжкі ваенны час ніхто не заняўся перапіскай дакументаў, а пазней зрабіць гэта стала складаней.

Змянілася некалькі прытулкаў, у якіх малы пазнаваў жыццё. У школьны перыяд акрамя звычайных вучэбных дысцыплін сірот навучалі асновам этыкету, добрым паводзінам, прывівалі любоў да кніг і мастацтва. Усе аднакласнікі закончылі дзесяцігодку замест звычайных сямі класаў для выхаванцаў такіх устаноў. Жадаючыя маглі паступаць у ВНУ.

Але хлопцам спачатку прадстаяла служба ў арміі. Вячаслава накіравалі ў Беларусь, ён трапіў у Лунінец. За стараннасць і добрыя паводзіны часам атрымліваў некалькі гадзін на звальненне. Тады накіроўваўся ў ціхі і ўтульны горад, дзе многа моладзі збіралася ў клубе. Неяк на адной з такіх вечарынак і сустрэў будучую жонку Тамару. Яе родныя з радасцю прынялі зяця ў сваю сям’ю. Тут юнак, які дагэтуль не ведаў цёплай дамашняй атмасферы, па-сапраўднаму адчуў сябе шчаслівым.

Нельга сказаць, што ў маленстве Вячаслаў быў зусім адзінокім. Ніколі не страчваў сувязь з братамі і сёстрамі, нягледзячы на тое, што аказаўся далёка ад малой радзімы і насіў чужое прозвішча. Ад апошняй акалічнасці самому часам станавілася горка і балюча. На жаль, застаецца невядомай радаслоўная таго памерлага хлопчыка, пад чыімі дакументамі жыве зараз. Вайна і праз многія дзесяцігоддзі нагадвае аб сабе ў самых розных выявах.

Закончыўшы тэхнікум па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, Вячаслаў Пятровіч стаў працаваць на разнастайных аб’ектах Лунінеччыны. Мяняліся арганізацыі, але амаль нязменнымі былі абавязкі. Быў намеснікам дырэктара па капітальнаму будаўніцтву на заводзе электрарухавікоў. З яго ўдзелам узводзіліся “Уні-вермаг”, дзіцячы сад на вуліцы Чырвонаармейскай, жылыя дамы каля СШ №3. Займаўся будаўніцтвам кароўнікаў і свінарнікаў у калгасах, дарогі на Вялікія Чучавічы.

Апошнія 14 год перад выхадам на заслужаны адпачынак Вячаслаў Пятровіч працаваў на чыгунцы – майстрам па будаўніцтву і рамонту вакзалаў…

Пад цяжарам узросту жыццё набыло незвычайныя спакой і размеранасць. Разам з жонкай яны асталяваліся ва ўтульным доме на Залессі, дзе цішыню трывожыць толькі грукат цягнікоў. Тамара Аркадзьеўна свой працоўны шлях прысвяціла рабоце ў сферы эканомікі, зараз таксама на пенсіі. Два гады таму адсвяткавалі “залатое” вяселле. Як кажа галава сям’і, пачыналі сумесны шлях у беднасці, але жылі дружна. І захавалі такія цёплыя адносіны назаўсёды.

З нецярпеннем старэйшыя чакаюць у госці дзяцей, таксама лунінчан. Адна дачка Іна Пруднікава працуе на чыгунцы, другая – Ірына Кіндрук – акушэрка Залескай амбулаторыі. Радуюць першымі дасягненнямі ўнукі – Андрэй прысвяціў сябе сферы абслугоўвання, Аркадзь – студэнт сталічнага ўніверсітэта, будучы інжынер. Раман – курсант ваеннай акадэміі, будучы лётчык. Адзіная ўнучка Ангеліна вучыцца ў 9 класе.

Так склалася, што выпадкова атрыманае ў маленстве прозвішча Палавых не мае працягу – дочкі змянілі яго, выходзячы замуж. Але 70 год адклікаючыся на Вячаслава Пятровіча, ён неяк інтуітыўна чакае, што некалі назавуць Леанідам Міхайлавічам. А часам пачуўшы з тэлеэкрана такое блізкае сэрцу прозвішча “Бухціяраў”, нешта моцна шчыміць у грудзях, даўкі камяк падступае да горла…

Вячаслаў Пятровіч рады, што нашчадкі выраслі пад мірным небам, не чулі выбухаў і стрэлаў, не бачылі горычы і слёз, удзячны лёсу, што малодшыя не зведалі сіроцтва, якое некалі ў поў-най меры выпала на яго долю.