Дом з драўляных чурак будуе дзятлаўчанін

На гэта незвычайнае збудаванне з драўляных чурак у Дзятлавічах нельга не звярнуць увагі. Гаспадар Андрэй ГРУШЭЎСКІ (на здымку справа) жартуе – будуе не для таго, каб праезджыя з вокнаў аўто “вылазілі” ці з веласіпедаў падалі, а для сябе.

Нешта шукаючы ў інтэрнэце, зацікавіўся незвычайнай тэхналогіяй будаўніцтва дамоў, вырашыў паспрабаваць. Тым больш, што нядаўна прыняў у спадчыну ўчастак. Абмеркаваў з бацькам, той падтрымаў. Зрабіўшы праект, пачалі ажыццяўляць задуманае.

– Дзякуй работнікам нашага лясніцтва – дапамаглі з драўнінай. Тут жа не абы якая патрэбна, а каб шмат год прастаяла. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі толькі сухі дуб і граб. Пасля заканчэння работ усё апрацуем спецыяльнымі ахоўнымі сродкамі.

Сам дом – вялікі, унутры ўсё распланавана. Звонку не хапае толькі вокнаў і дзвярэй. Хаця Грушэўскія пастаянна нешта ўдасканальваюць, эксперыментуюць. Прыдумаўшы, як палепшыць раствор для замацавання бярвенцаў, самі развалілі адну сцяну будынка і пераклалі па-новаму.

– Ды што вы пра нас напішаце? Нічога ж незвычайнага тут няма! – зноў задае пытанне Андрэй.

А тое і напішу, што малайцы. Што не спыніліся перад цяжкасцямі, не пабаяліся заўваг “спецыялістаў”, што ўласнымі рукамі ўпрыгожваеце вуліцу Міра. Жадаю, каб праз некаторы час у новым экала-гічным доме зазвінелі галасы нашчадкаў Грушэўскіх. І хто ведае, магчыма нехта возьме гэту тэхналогію будаўніцтва на ўзбраенне. І побач з прыгожымі цаглянымі і драўлянымі дамамі паявіцца нешта новае і незвычайнае.