Паўтара гады, штраф і кампенсацыя ўрону — сумны вынік рыбалкі

Гісторыя пра рыбака і рыбку ў нашым выпадку зусім адрозніваецца ад вядомай казкі Пушкіна. Хаця рэальны фігурант гэтай крымінальнай справы ў нечым нагадвае выдуманы персанаж, для якога не існуе мяжы прагнасці і тым больш яго не вучаць мінулыя памылкі.

Работнікі Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету рэгулярна публікуюць на старонках “ЛН” інфармацыю пра пачатак і заканчэнне перыяду здабычы рознай рыбы і дзічыны. Аднак асобныя аматары свежай юшкі і духмянай свежаніны, на жаль, зусім не прытрымліваюцца правілаў, свядома ідуць на парушэнне заканадаўства. А самае прыкрае, што робяць гэта неаднойчы. Так было і з 25-гадовым жыхаром аднаго з аграгарадкоў Лунінеччыны.

На злачынную сцяжыну ён ступіў яшчэ вясной 2012-га. Спачатку быў крадзеж, за які прыгаварылі да пакарання ў выглядзе грамадскіх работ на тэрмін 120 гадзін. Потым незаконная здабыча рыбы “вылілася” ў штраф у памеры 51 базавай велічыні. Здавалася б, чалавеку варта перагледзець лад жыцця, задумацца аб сваёй будучыні. Ды дзе там! Для браканьера такіх планаў не існавала. І фігуранту чарговых крымінальных спраў абмежавалі волю на адзін год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, кампенсацыі чакаў немалы штраф. Злачынны ланцужок цягнуўся аж да 2015 года, а вынікам учыненых правапарушэнняў стала рэальнае пазбаўленне волі. Ці зрабіў належныя вывады малады чалавек, седзячы ў калоніі? Мяркуючы па крымінальным эпізодзе, што здарыўся сёлета, не.

Сонейка ў тую чэрвеньскую раніцу толькі збіралася ўставаць, а мужчына ўжо ўзяў накірунак на адпачынак. Дызель хутка даімчаў да месца прызначэння, а да канала “Мікашэвіцкі”, што размешчаны каля рачнога порта, дайшоў пехатой. З сабой вясковец прыхапіў драўляны плыт і вядро, куды планаваў скласці жаданы ўлоў. Ад-праўляючыся на чарговае кантрольнае мерапрыемства, супрацоўнікі міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету нават і падумаць не маглі, што затрымаюць даўняга знаёмага. Ён жа, без дазволу і з дапамогай забароненых прылад і спосабаў, здабыў 13 асобін белавочкі і 1 плотку. Урон, нанесены навакольнаму асяроддзю, ацанілі ў 621 рубель, а кошт самаго ўлову – 31,05 рубля.

Матэрыялы рэйду выліліся ў чарговую крымінальную справу. Канчатковую кропку ў ёй паставіў суд, на пасяджэнні якога старшы памочнік пракурора Ганна Пенер падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне. Улічваючы, што вясковец учыніў наўмыснае злачынства, мае судзімасці, але не зрабіў ніякіх вывадаў для сябе, быў вынесены прыгавор у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штрафу ў памеры 166 рублёў 54 капейкі. Пракурорам раёна таксама быў пададзены іск па спагнанню сумы ўрону, прычыненага навакольнаму асяроддзю. У выніку ў даход дзяржавы вернута 652 рублі 5 капеек. Шчыра хочацца верыць, што ўрэшце такая сур’ёзная мера ўсё ж стане дзейснай да выпраўлення рэцыдывіста.

Аляксандр КАХАВЕЦ, памочнік пракурора.

 

Add Comment

Войти с помощью: