Маладым – зялёнае святло

За апошнія два гады творчы калектыў культработнікаў Лунінеччыны значна памаладзеў, бо сюды прыбыў цэлы атрад адукаваных спецыялістаў. Сярод іх – Вікторыя СЛЕСАР і Леанід Дамарад, якія выкладаюць пастаноўку голасу, вучаць сальфеджыа і ігры на фартэпіяна, перадаюць свае веды і любоў да музыкі выхаванцам Дварэцкай музычнай школы. Наракаць на навічкоў вопытным калегам не даводзіцца, бо тыя не патрабуюць да сябе вялікай увагі. З першых дзён працы Вікторыя Уладзіміраўна і Леанід Мікалаевіч заявілі пра сябе арыгінальным творчым падыходам і мноствам цікавых ідэй.

Не месца ўпрыгожвае чалавека…

Вікторыя Слесар – з Дубаўкі. Як і многія дзяўчынкі ў маленстве, стаяла перад люстэркам з расчоскай у руках і ўяўляла сябе вядомай спявачкай. Бацькі, заўважыўшы  дачушкіна захапленне, вырашылі аддаць яе на харавое аддзяленне Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў. Вікторыя добра памятае, як упершыню пераступіла парог класа. Так, як і цяперашнім яе вучням, вельмі хацелася хутчэй асвоіць навуку па здабычы розных мелодый з чароўных клавішаў і спазнаць сакрэты вакальнага майстэрства. Яе выкладчыкам стала Юлія Бузынчык. Патрабавальная і творчая, яна зара-джала гэтай якасцю сваіх падапечных. Не дзіўна, што гле-дзячы на настаўніцу, дзяўчына вырашыла захапленне зрабіць сваёй прафесіяй, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Баранавіцкім дзяржаўным  музычным каледжы па спецыяльнасці “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”. Па размеркаванні трапіла ў Дварэц. Вікторыя прызналася, што яна –  адна з тых шчасліўчыкаў, каму пашанцавала трапіць у дружны калектыў. Іх, дарэчы, аб’ядноўвае не толькі работа, разам яны стварылі ансамбль “Элегія”. І хоць атрымаўся ён рознаўзроставым, аднак ад гэтага рэпертуар не менш разнастайны і каларытны. З нядаўняга часу дзяўчына з’яўляецца яшчэ і вакалісткай новага калектыву “Прысмакі”  пад кіраўніцтвам Андрэя Канапацкага. Прыўнесці новае, а не паўтарыць кімсьці зробленае – асноўны прынцып, якога прытрымліваецца Вікторыя ў сваёй рабоце. Адданасць прафесіі адчуваюць і вучні маладой настаўніцы, таму не дзіўна, што яны з задавальненнем спяшаюцца на яе  ўрокі. Педагог ужо рыхтуе да паступлення на эстраднае аддзяленне адну з вучаніц – Аляксандру Ячмяновіч. З вялікай адказнасцю наведвае заняткі яшчэ адна таленавітая дзяўчынка – Дзінара Хартановіч. Сёлета вырашылі паспрабаваць свае сілы ў абласным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «ART NOVA». На пытанне, адкуль Вікторыя чэрпае энергію, яна адказала, не раздумваючы:

– З работы, якую вельмі люблю, без якой не ўяўляю свайго жыцця. Жадання працаваць надаюць мне шчырыя ўсмешкі дзетак. Мне хочацца сустракацца са сваімі таленавітымі калегамі і разам увасабляць новыя ідэі і задумкі. Удзячна лёсу за сваю прафесію і за людзей, якія мяне акружаюць, робяць маё жыццё насычаным і лепшым. Думаецца, што гэта пачуццё ў нас – узаемнае.

 

«Сэрца любіць – душа квітнее…»

Некаторыя прысвячаюць музыцы ўсё жыццё, пакідаючы пасля сябе след у гісторыі. Хтосьці лічыць, што азоў, атрыманых у школьны час у «музыкалцы» хопіць, каб завесці душэўную песню на сямейных святах. Іншыя выступаюць са сваімі творамі на сцэне, а ёсць тыя, хто прыносіць музыку ў жыццё зусім яшчэ маленькіх, але такіх таленавітых чалавечкаў. Да іх адносіцца і Леанід Дамарад, які выбраў прафесію сэрцам.

Ён  нарадзіўся ў класічнай сям’і савецкіх часоў: тата – ваенны, мама – медык. Здавалася б, гледзячы з маленства на бацьку ў форме, сын абавязкова пойдзе па яго слядах.  Аднак хлопчык стаў першапраходцам у  музычнай справе. З маленства выступаў на сцэне. Займаўся вакалам у Доме культуры чыгуначнікаў пад кіраўніцтвам Андрэя Канапацкага. Наведваў школу мастацтваў па класе фартэпіяна і гітары. Пасля паспяховай здачы экзаменаў вырашыў паспрабаваць свае сілы ў Баранавіцкім каледжы мастацтваў. Аднак атрымаў адмову – узрост не дазваляў спраўдзіцца мары. Праз год самастойнай падрыхтоўкі 15-гадовы юнак злавіў фартуну “за хвост” і неўзабаве стаў студэнтам аддзялення харавога дырыжыравання (народны хор). Маладога спецыяліста размеркавалі на Лунінеччыну мастацкім кіраўніком у Палескі СДК. Але праз паўгода сцэ-нічныя касцюмы змяніў на армейскую форму і нават уявіць не мог, што пры вяртанні на месца работы паявіцца магчымасць паспрабаваць свае сілы ў ролі дырэктара Дома культуры. Адзін запіс у працоўнай кніжцы змяняў другі. Работа падабалася, аднак Лёня яшчэ з часоў каледжа марыў быць выкладчыкам. Прапанавалі месца ў Дварэцкай музычнай школе. Хлопец прызнаецца, што толькі зараз адчувае сябе на сваім месцы, а работа з дзеткамі для яго – цэлы патаемны свет, поўны кур’ёзаў, радасці і шчырасці, усмешак і дабрыні. Зараз Лёня прымае ўдзел у розных раённых і абласных мерапрыемствах. Як і Вікторыя, наведвае вакальны ансамбль “Элегія” і калектыў “Прысмакі”. А зусім нядаўна ў яго жыцці адбылася яшчэ адна значная падзея – жаніцьба. Як жартуе маладая пара, будучую жонку Лёня запрыкмеціў яшчэ ў паўзунках, калі прыходзіў у госці да лепшага сябра і аднакласніка. Анастасія – будучы інжынер-будаўнік. Здавалася б, у сур’ёзнай прафесіі няма месца творчасці. Аднак Насця вельмі цудоўна малюе. У будучыню маладажоны глядзіць  з энтузіязмам, будуюць сумесныя планы і маюць адну мару на дваіх – мець поўны дом дзетак.

– Дзесьці пачуў фразу: “Калі сэрца любіць – душа квітнее”. Мая квітнее дакладна: ад любімай работы, якая прыносіць задавальненне, ад каханай жонкі, якая заўсёды падтрымлівае, а яшчэ ад магчымасці дарыць радасць і ўсмешкі землякам.

Гледзячы на Вікторыю і Леаніда, разумееш, што прафесіі культработніка не навучышся, калі не будзе ў сэрцы творчага запалу. Прыемна адзначыць і тое, што маладыя спецыялісты вярнуліся ў родны раён па ўласным жаданні. Яны прагнуць на малой радзіме набыць не толькі першы патрэбны працоўны вопыт, але і ў поўны голас заявіць пра сябе, каб зрабіць сваю маладосць цікавай і яркай. Тым больш, што іх марам спрыяюць вопытныя калегі, якія бачаць у іх годных паслядоўнікаў слаўных культурных традыцый раёна.

Add Comment