Мелодыі залатой восені

гучалі ў мінулую нядзелю ў кінатэатры “Кастрычнік” у Лунінцы, дзе ладзілася ўрачыстасць з нагоды Дня пажылых людзей.

Сюды спяшаліся землякі, для якіх узрост – гэта проста лічбы ў пашпарце. Яны шчыра ўсміхаліся адзін аднаму, віншавалі “з Днём моладзі”, абдымаліся. І з цікавасцю знаёміліся з экспанатамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, размешчанымі ў фае. А паглядзець тут было на што! Незвычайныя лялькі прывезла Жанна Лапаціна з Язвінак, папяровыя сувеніры і ўпрыгожванні з фаамірану – Таццяна і Ульяна Краўчук з Луніна. Работы з бісеру і старых часопісаў падрыхтавалі падапечныя аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Цёплымі словамі вітаў прысутных намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, які адзначыў, што гэта свята напоўнена міласэрнасцю і дабрынёй, удзячнасцю старэйшаму пакаленню за неацэнны ўклад у развіццё малой радзімы. Віншаванні з нагоды Дня пажылых людзей па праву можна адрасаваць больш як 20 тысячам жыхароў Лунінеччыны, чый узрост перавышае працаздольны рубеж. У кожнага – свой лёс, розныя жыццёвыя дарогі і прафесійныя шляхі. На долю некаторых выпалі жахі Вялікай Айчыннай вайны, цяжкасці аднаўленчай працы ў мірны час. Дзякуючы іх намаганням, наш родны край працягвае квітнець і радаваць яго народ. Анатоль Міхайлавіч справядліва заўважыў, што практычна ўсе людзі пажылога ўзросту займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, заўсёды з ахвотай удзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці раёна. Прагучала пажаданне заставацца такімі і надалей, адчуваць падтрымку сяброў, увагу і клопат блізкіх.

Не менш кранаючым было выступленне старшыні раённага савета ветэранаў Надзеі Лазіцкай. Асобныя словы віншаванняў яна адрасавала былым настаўнікам, чыё прафесійнае свята супала з Днём пажылых. Удзельнікі ўрачыстасці не засталіся без музычных падарункаў, пра якія паклапаціліся самадзейныя артысты Максім Перапёлкін, Іван Бушыла, Ганна Бандарэнка, Сяргей Місікаў, Валянціна Трухнова, Яўгенія Бугакава, Анастасія Калянковіч, калектыў эстраднага і бальнага танца “Абіссаль”, народны хор ветэранаў вайны і працы “Спадчына”, фальклорны калектыў “Крынічанька”. Канцэрт сапраўды атрымаўся на славу, аб чым сведчылі дружныя апладысменты гледачоў. Праўда, не шматлікіх… Было шкада, што ў зале так і засталіся незанятымі месцы на бясплатную дэманстрацыю фільма айчынных кінематагра-фістаў “Салодкае развітанне Веры”, які атрымаў залаты прыз “Рэмі” на прэстыжным амерыканскім кінафестывалі.

НА ЗДЫМКАХ: ветэран аховы здароўя Тамара Вайтовіч уражана выставай дэкаратыўнай творчасці; на свята завіталі былыя работнікі ламакатыўнага дэпо Іван Вярэніч і Іван Кацуба.

Add Comment

Войти с помощью: