«Всем, что связано с юностью, детством, мы обязаны учителям…»

Лунінеччына ўрачыста адзначыла Дзень настаўніка.

На свяце ў зале гарадскога Дома культуры сабраўшыхся віталі старшыні: раённага выканаўчага камітэта – Аляксандр Пачко і раённага Савета дэпутатаў – Віктар Рафаловіч. З рук кіраўнікоў лепшыя настаўнікі атрымалі вышэйшыя ўзнагароды раёна – Ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета.

Шэраг педагогаў адзначаны Ганаровым граматамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Іх уручыла начальнік раённага аддзела адукацыі Наталля Цяльпук. Звяртаючыся да калег, Наталля Аляксандраўна зычыла ім здароўя і цярплівасці на шляху да сэрцаў сваіх выхаванцаў.

Прывітальныя словы адрасавала сабраўшымся галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская, а старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч падрыхтавала да свята падарункі і Граматы не толькі актывістам арганізацыі, але і ветэранам-юбілярам. Іх ушанаванне стала найбольш кранаючай старонкай свята. Настаўнікі, якія шмат год з гонарам неслі гэтае высокае званне, не стрымлівалі слёз і не шкадавалі шчырых слоў. Тыя, хто на працягу многіх год шчодра аддаваў сябе дзецям, дагэтуль вельмі прачула ўспрымаюць усеагульную ўдзячную ўвагу.

Як заўсёды на вышыні былі юныя выхаванцы ўзорных дзіцячых калектываў “Залатое птушаня” і “Мірыданс”,  вакальнага ансамбля СШ №2 г. Лунінца “Планета дзяцінства”, танцавальнага калектыву “Імпульс” Бастынскай СШ, якія падарылі выдатны канцэрт з па-майстэрску падрыхтаваных нумароў мастацкай самадзейнасці. Разам з дзеткамі ўдзельнічалі ў ім і педагогі Ірына Еўтух і Анастасія Канановіч, на справе пацвярджаючы ісціну, што настаўніцтва Лунінеччыны і іх выхаванцы – творчая сям’я аднадумцаў.

Add Comment