«Прамая лінія»: адказвае намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч

У рэдакцыі «ЛН» прайшла «Прамая лінія» з намеснікам старшыні райвыканкама Анатолем ЗАХАРКЕВІЧАМ. Пытанні былі рознапланавымі. На некаторыя з іх Анатоль Міхайлавіч адказаў адразу, іншыя патрабавалі ўдакладнення і дадатковых праверак, што было аператыўна зроблена.

Ганна Лазько, аг. Вулька 1. Жыву на вуліцы Новая, 28. З мінулага года практычна штодня ў прамежак часу з 18.00 да 20.00 (бывае і раніцай, але радзей) у электрычных сетках па нашай лініі заўважана падзенне напружання. Выходзяць са строю газавыя катлы – ужо двойчы давялося мяняць плату ў гэтым абсталяванні. Майстар сказаў, што гэта менавіта з-за перападу напружання             ў электрычных сетках. Ведаю, што такая сітуацыя не толькі ў мяне, але і ў суседзяў, якія скардзіліся на сапсаваную бытавую тэхніку. У чым дакладна справа, не ведаем. Не высветлілі прычыну і спецыялісты з электрасетак, якія прыязджалі па нашым выкліку. Магчыма, не ўдалося ўстанавіць яе таму, што прыязджаюць яны ў рабочы час. У нас жа праблемы ўзнікаюць пасля заканчэння рабочага дня, калі людзі вяртаюцца дамоў. (З такім жа пытаннем звярнулася на “Прамую лінію” жыхарка аг. Вулька1, вул. Новая, 34 Галіна Дуньчык).

– Паспрабуем разабрацца, Ганна Якаўлеўна, у чым справа.

Як паведаміў начальнік раёна электрасетак Віталь Пада-прыгара, персаналам аператыўна-выязной брыгады Лунінецкага РЭС і прадстаўніком энерганагляду 28 лістапада 2017 г. быў зроблены выезд па названых адрасах. Узровень напружання ў 18 гадзін 16 хвілін у доме па адрасе вул. Новая, 28 склаў 213 вольт, у доме №34 – 225, што знаходзіцца ў межах дапусцімых норм пры ўмове неперабольшання спажыўцамі дагаворнай велічыні спажываемай магутнасці. Адначасова інспектарам энерганагляду была праведзена гутарка з мяркуемым абанентам, які, магчыма, з’яўляецца прычынай паніжэння напружання ў сетках з-за перыядычнага выкарыстання ў гаспадарчых мэтах зварачнага апарата. Спецыялісты брыгады замералі ўзроўні нагрузак і напружання і на камплектуючай трансфарматарнай падстанцыі, праверылі паветраныя лініі электраперадачы. Замеранае напружанне склала адпаведна 218, 216 і 219 вольт, што таксама адпавядае норме. Нагрузка сілкуючай лініі – 14,15 ампер. Выяўленыя дробныя дэфекты на кантактных злучэннях аўтаматычных выключальнікаў падстанцыі, якая сілкуе лініі электраперадачы, ухілены.

Мікалай Шчатко, аг. Вялікія Чучавічы. Калі нарэшце навядуць парадак на цэнтральнай вуліцы Леніна ў нашым аграгарадку? Сёлета нават ямкавы рамонт да канца не зрабілі, хаця абяцалі выканаць яго да 1 жніўня.

– У верасні гэтага года ямкавы рамонт на названай вуліцы быў выкананы ад перакрыжавання з вуліцай Школьная да магазі-на №37. Аднак вялікі ўчастак, згодны з вамі, Мікалай Іванавіч, застаўся неадрамантаваным – перашкодзіла непагадзь. Работы, вядома ж, будуць завершаны з наступленнем больш спрыяльных умоў надвор’я, бо зараз класці асфальт у ямкі, напоўненыя вадой, сэнсу няма. Атрымана запэўніванне ад кіраўніцтва ДРБУ-101, што пытанне застаецца на кантролі да поўнага яго вырашэння. Адначасова варта адзначыць, што сёлета ў раёне добраўпарадкавана нямала вуліц і дарог. Толькі ДРБУ-101 з пачатку года выканала будаўніча-мантажных работ амаль на 4 мільёны рублёў – у паўтара раза больш, чым летась. І гэта не проста лічбы, гэта – кіламетры новага і адноўленага асфальтавага палатна. Так што, не пакінем без увагі і Вялікія Чучавічы.

Адам Нікалаевіч, аг. Красная Воля. Па нашай вёсцы праходзіць меліярацыйны канал. Ужо не памятаю, калі яго чысцілі ў апошні раз. Пазалетась паўстала рэальная пагроза падтаплення. Давялося звярнуцца да работнікаў мясцовага ўчастка прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Дзякуй ім, дапамаглі аператыўна. Нават адзін бок канала старанна падкасілі, што таксама садзейнічала праходжанню вады. Цяпер лета выдалася дажджлівым, восень – таксама. Канал да берагоў напоўнены вадой, якая не сыходзіць. Ці нельга канал пачысціць, каб не трывожыла нас магчымасць падтаплення?

– З гэтай праблемай, Адам Аляксандравіч, мы звярнуліся да дырэктара ПМС Віктара Аляксеевіча Клімовіча, які растлумачыў, што пакуль хвалявацца падстаў няма: канал у спраўным стане. Тое, што ён напоўнены вадой – нармальная сітуацыя ў дажджлівы сезон. Тым не менш, меліяратары паабяцалі, што не будуць выпускаць гэтую штучную водную артэрыю з поля зроку. Больш зразумелай сітуацыя будзе бліжэй да вясны.

Звяртаюся ад імя жыхароў аг. Вулька 1. Калі нарэшце нашы дзеці пойдуць у сваю школу?

Пытанне паступіла на “Прамую лінію” напярэдадні яе правядзення. Як паведаміла начальнік раённага аддзела адукацыі Наталля Цяльпук, пачынаючы з 27 лістапада 2017 года адукацыйны працэс на першай, другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ў рэжыме шасцідзённага школьнага тыдня арганізаваны ў будынку яслі-сад-сярэдняй школы аг. Вулька 1. Вулькаўскія дзеці вучацца ў сваёй школе.

Іван Піліпцэвіч, в. Лахаўка. Маю І групу інваліднасці. Перыядычна езджу на гемадыяліз  у Лунінец. Шасцёра нас звычайна падключана да апаратаў ачысткі крыві. Усё б нічога, але ў аддзяленні холадна. Прычым не толькі хворым, але і медперсаналу. Няўжо нельга наладзіць сістэму ацяплення так, каб было камфортна ўсюды? А то, кажуць, у іншых аддзяленнях  цёпла, а тут сагрэцца не можам, а ляжаць у нерухомасці даводзіцца па 4 гадзіны.

– Як запэўнілі ў цэнтральнай раённай бальніцы, тэмпература ў аддзяленні гемадыялізу заўсёды адпавядае патрабаванням санітарных норм і правілаў. Тым не менш, па вашаму звароту, Іван Іванавіч, адразу пасля “Прамой лініі” была праведзена камісійная праверка. 27 лістапада тэмпература ў аддзяленні гемадыялізу была 21,5 градуса, 28-га – 22 градусы, 29 лістапада – 22 градусы, што з’яўляецца нормай. Невялікае адхіленне было дапушчана ў адзін з лістападаўскіх дзён у час правядзення тэрміновага тэхабслу-гоўвання спецыяльнай помпы. У той дзень на працягу прыкладна паўгадзіны тэмпература была 19 градусаў. Увесь астатні час мік-раклімат у аддзяленні адпавядае ўсім патрабаванням.

Турбую ад імя бацькоў вучняў, якія наведваюць СШ №2 г.Лунінца. Сёння перапынкі  ў школе скарацілі да 10 хвілін. Але за гэты час дзеці не паспяваюць паесці ў сталовай.

– Ведаем гэту праблему. Расклад званкоў і вучэбных заняткаў у названай школе будзе адкарэкціраваны з другога паўгоддзя 2017-2018 навучальнага года.

– Яшчэ пытанне па гэтай школе. У свой час тут пачалі мяняць старыя вокны на сучасныя шклопакеты, але ўстанавілі іх толькі з фасаднага боку. Ці не плануецца замена астатніх вокнаў у школе?

– Сёлета ў жніўні ў СШ №2 г. Лунінца памянялі вокны ў ка-лідорах другога і трэцяга паверхаў. Астатнія плануем замяніць да канца гэтага года. Ужо вызначана падрадная арганізацыя, праведзены неабходныя замеры. Зразумейце, што справа гэтая нятанная, тым не менш, бюджэтныя асігнаванні выдзелены.

Анатоль Міхайлавіч, не буду называць свайго прозвішча, бо і так, мабыць, надакучыў сваімі скаргамі наконт стадыёна ў Мікашэвічах ды і наогул спартыўнай работы ў нашым горадзе. І ўсё ж, вельмі карціць даведацца, як працуе наш мясцовы стадыён? Чаму не чуваць аб правядзенні тут якіх бы то ні было прыкметных спаборніцтваў?

– Стадыён у Мікашэвічах знаходзіцца на балансе РФСК “Здароўе”, які ўзначальвае Сяргей Хлуд. Працуе стадыён з 8.00 да 20.00 штодня. Гэтая спартыўная база на бязвыплатнай аснове прадастаўляецца для заняткаў фізкультурай і спортам жыхарам горада, а таксама ад-дзелу адукацыі, спорту і турызму. Як паведаміў кіраўнік РФСК “Здароўе”, сёлета на базе стадыёна праведзена каля 10 спартыўных мерапрыемстваў. Найбольш значныя – раённае свята “Дзень Снегу”; этап раённага спаборніцтва па футболе сярод школьнікаў; спартакіяда сярод арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, прысвечаная 1 Мая; спартыўныя спаборніцтвы да Дня горада. У верасні-кастрычніку кожную суботу ў рамках фестывалю “Футбол для ўсіх” на стадыёне праходзіў раённы турнір сярод малодшых школьнікаў. У жніўні на гэтай спартыўнай пляцоўцы даў канцэрт калектыў эстрадна-спартыўнага танца “Калейдаскоп” з Жыткавіч. У летні перыяд тут працуе бясплатная спартыўная секцыя па футболе для вучняў школ горада. Ёсць сезонная секцыя па лёгкай атлетыцы. Зімой на стадыёне ўстанаўліваюць хакейную каробку і заліваюць каток.

– І ўсё-такі пералік мерапрыемстваў беднаваты – усяго 10 за цэлы год… Магчыма,           на наступны плануецца што-небудзь цікавае?

– Згодны з вамі. Звернем больш пільную ўвагу на работу стадыёна і нашых спартыўных функцыянераў. Пакуль жа вядома, што ў наступным годзе будуць праводзіцца спартыўныя мерапрыемствы, згодна з каляндарным планам, зацверджаным аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Як заўсёды, пройдуць спаборніцтвы ў дні святаў, гульні чэмпіянату раёна па футболе. З задавальненнем прадастаўляюць стадыён для правядзення спаборніцтваў па заяўках арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. З навінак можна адзначыць задумку стварыць спартыўны клуб для падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.

Аляксей Якубовіч, аг. Вулька 2. У нашым аграгарадку закрылі лазню. Кажуць, што ў мэтах эканоміі. Людзям прапаноўваюць ездзіць у суседняе Міжлессе, але я – стары чалавек, і ездзіць мне няма на чым! У той жа час у нашым аграгарадку белым днём на вуліцах гараць ліхтары. І на такую “эканомію” ніхто чамусьці ўвагі не звяртае…

– Вядома, сітуацыя з запаленымі ўдзень ліхтарамі непрымальная. Старшыня Вулькаўскага сельвыканкама Аляксандр Кушнярэвіч растлумачыў, што такое магло быць па прычыне спрацоўкі фотарэле, якое рэагуе на моцны туман і пахмурнае надвор’е, як гэта было 23-25 лістапада.

– Дык, атрымліваецца, гэтае фотарэле будзе штораз спрацоўваць пры пахмурным надвор’і? Няўжо няма іншай аўтаматыкі?

– Зараз сельвыканкамам у раён электрасетак накіравана пісьмо з просьбай замяніць фотарэле на аналагічны апарат, які будзе “працаваць” незалежна ад умоў надвор’я па астранамічнаму гадзінніку. Што датычыць лазні, то работа яе прыпынена, як вы правільна заўважылі, менавіта з меркаванняў эканоміі. Утрымліваць гэты аб’ект для максімальна трох чалавек, якія яго наведвалі (а бывалі дні, што прыходзіў у лазню толькі адзін), не проста стратна – марнатраўна. А выкідваць грошы на вецер нам ніхто не дазволіць. Для таго, каб паслугі былі мінімальна рэнтабельнымі, трэба, каб наведваль-нікаў у памывачныя дні было не менш як 15 чалавек. Толькі пры гэтай умове жыллёва-камунальная гаспадарка гатова аднавіць работу лазні ў Вульцы 2.

Анатоль Міхайлавіч, ведаем, што ў нашай цэнтральнай раённай бальніцы ёсць абсталяванне для правядзення лапараскапічных аперацый, якія і параўнаць нельга са звычнымі для Лунінца паласнымі. Ці ёсць спецыялісты, каб ва ўмовах стацыянара працаваць на сучасным абсталяванні            і праводзіць менш траўтамычныя хірургічныя ўмяшальніцтвы?

– Ну, чаму вы кажаце, што паласныя аперацыі звычныя для Лунінца? Ёсць свае медыцын- скія паказанні як для іх, так і для лапараскапіі. У нас дастаткова паспяхова з дапамогай лапараскопа робіцца колецыстаэктамія, апендаэктамія, праводзіцца дыягностыка. Зараз гэты сучасны метад асвоілі акушэры-гінеколагі. Так што, усё ідзе сваёй чаргой.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.