Праблемы вырашаюцца на месцы

На мінулым тыдні на Лунінеччыне пабываў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Вячаслаў Бычкоўскі.

Першай на “Прамую лінію” Вячаславу Мікалаевічу патэлефанавала адна з жыхарак Лунінца. Жанчына ўжо звярталася са сваёй праблемай да раённых кіраўнікоў і праз газету атрымала адказ. Нягледзячы на гэта, вырашыла яшчэ раз расказаць пра тое, што восенню камунальнікі, якія праводзілі абрэзку дрэў і кустарнікаў на цэнтральнай вуліцы Чырвонай, без дазволу знішчылі на яе падворку куст бэзу. Магчыма, нічога супрацьпраўнага ў гэтым не было б, калі б работнікі ЖКГ папярэдне пагаварылі з жанчынай, прапанаваўшы ёй самой абрэзаць галінкі, якія выступаюць за агароджу над тратуарам. Праігнараваўшы такое патрабаванне, яны без папярэджання прыступілі да актыўных дзеянняў, чым выклікалі справядлівае абурэнне жанчыны. Віну сваіх рабочых прызнала і кіраўніцтва камунальнай службы. Вінаватыя панеслі пакаранне. У тым ліку – і матэрыяльнае, пра што яшчэ раз растлумачылі гараджанцы.

Меў рацыю і жыхар Велуты, які выказаў незадаволенасць рэжымам работы вясковага аддзялення ААТ АСБ “Беларусбанк”. У выніку праведзенай аптымізацыі вясковыя банкаўскія падраздзяленні пачалі працаваць усяго адзін дзень у тыдзень, што, на думку заяўляльніка, яўна недастаткова. Тут таксама трэба адзначыць, што літаральна перад прыездам абласнога чыноўніка вясковец звярнуўся на раённую “гарачую лінію”, пасля чаго і было прынята рашэнне аднавіць ранейшы рэжым работы падраздзяленняў ААТ АСБ “Беларусбанк” у сельскіх населеных пунктах. Вячаслаў Бычкоўскі пацвердзіў гэты факт і паведаміў, што з 15 снежня 2017 года “Беларусбанк” у вёсках раёна, як і раней, будзе працаваць двойчы на тыдзень у вызначаныя дні з 10.00 да 15.00.

На асабісты прыём да першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці ніхто не запісаўся.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: