У Лунінцы пачалі рабіць лазерныя аперацыі варыкознай хваробы

Такое вызначэнне даў сучаснаму метаду лячэння варыкознай хваробы загадчык аддзялення хірургіі сасудаў Мінскай абласной клінічнай бальніцы Сяргей Карніевіч, які правёў майстар-клас для лунінецкіх медыкаў.

У мінулым нумары“ЛН” паведамлялі, што ў цэнтральнай раённай бальніцы набылі новае абсталяванне. Як расказала галоўны ўрач Святлана Хлебус, лазерную ўстаноўку купілі за кошт пазабюджэтных сродкаў, і аналагаў ёй няма ні ў адной дзяржаўнай ЦРБ вобласці.

– Лунінцу ў пэўным сэнсе пашанцавала, – заўважыў Сяргей Мікалаевіч. – Увогуле, у свеце даўно выкарыстоў-ваюць лазер у лячэнні варыкозу. Напрыклад, у ЗША 95 працэнтаў хірургіч-ных умяшальніцтваў робяцца эндавенознымі метадамі. У нас жа гэтая лічба значна ніжэйшая – толькі 20 працэнтаў, астатнія 80 – адкрытыя аперацыі. Таму цудоўна, што інавацыі дайшлі і да Лунінца.

– Што сабой уяўляе традыцыйны метад?

– Аператыўнае ўмяшальніцтва са спінальнай ці агульнай анестэзіяй, разрэзамі з істотнай стратай крыві, знаходжаннем пацыента ў стацыянары да 10 дзён. Плюс працяглая (да месяца, а то і больш) непрацаздольнасць чалавека, балючасць і ацёкі канечнасцей. Пазней людзей непакоіць касметычны бок праблемы – застаюцца рубцы, якія перашкаджаюць жанчынам насіць спадніцы або сукенкі жаданай даўжыні.

– Сучасны падыход у лячэнні кардынальна змяніў сітуацыю?

– Аперацыя з дапамогай лазера праводзіцца без наркозу і разрэзаў. Мясцовая анестэзія выкарыстоўваецца толькі па ходу тых вен, якія выдаляюцца, праз маленькія праколы. Да таго ж, усё выконваецца пад строгім кантролем ультрагукавога даследавання. Боль чалавек можа параўнаць хіба з тым, што ён адчувае ў час здачы аналізаў крыві: непрыемна, але цярпіма. Увесь працэс займае прыкладна 20-30 хвілін. Самае галоўнае – гэта фактычна амбулаторнае ўмяшальніцтва: 1-2 дні назірання за пацыентам, – і ён можа спакойна ісці дамоў. Акрамя таго, значна лепшыя касметычныя вынікі.

– Цікавіць фінансавы бок новаўвядзення…

– У Лунінцы іх будуць рабіць толькі на платнай аснове, што абумоўлена высокай цаной на закупку расходных матэрыялаў, – звярнула ўвагу Святлана Хлебус. – Ды і само абсталяванне – з разраду нятанных. На сённяшні дзень пацыентам давядзецца заплаціць ад 970 рублёў – у залежнасці ад кожнага канкрэтнага выпадку. Сума немалая, аднак ніжэйшая чым, напрыклад, у Брэсце (1025 рублёў) ці Мінску (да 2000 рублёў). І калі раней хворых, якія мелі адкрытыя трафічныя язвы на нагах, не дапускалі да аперацыі да іх загойвання, то цяпер такога супрацьпаказання няма. Новая тэхналогія дазваляе вылечваць і такіх грамадзян.

– Ці стане паслуга запатрабаванай?

– Разважаць аб гэтым наўрад ці варта, – далучыўся да гутаркі загадчык хірургічнага аддзялення ЦРБ Генадзь Хлебус. – На Лунінеччыне пражываюць каля 15 тысяч патэнцыяльных пацыентаў. Прасцей кажучы, на варыкознае пашырэнне вен пакутуе кожны чацвёрты жыхар рэгіёна. 10 працэнтам ад агульнай колькасці патрэбна аперацыя. На жаль, не ўсе звяртаюцца за дапамогай: церпяць боль і толькі пагаршаюць сваё становішча. Зрэшты, многія палохаюцца самаго слова “аперацыя” – спрацоўвае псіхалагічны бар’ер. Аднак цяпер баяцца нічога не трэба. Праз дзень пасля лячэння лазерам чалавек самастойна пакідае бальніцу.

Неўзабаве нас паклікалі ў аперацыйную залу. Пацыентка расказала, што пакутуе на варыкоз больш за 30 год. Сяргей Карніевіч правёў агляд, з дапамогай УГД выявіў праблемныя месцы. Цёплымі словамі падтрымкі доктар супакоіў бачнае хваляванне жанчыны. Як пазней прызнаўся ўрач, яе выпадак аказаўся не зусім простым. Але лунінецкія медыкі палічылі, што такі вопыт наадварот пайшоў ім толькі на карысць. Пазней адбылася фотапрэзентацыя дзейнасці сталічнага госця. Нашы хірургі і гінеколагі даведаліся пра асаблівасці ў лячэнні варыкознай хваробы. Сваё выступленне Сяргей Мікалаевіч падмацаваў здымкамі, якія адлюстравалі вынікі “да” і “пасля” ўмяшальніцтва – традыцыйнага і сучаснага. Другую па ліку аперацыю пад наглядам спецыяліста з Мінска правёў загадчык хірургічнага аддзялення ЦРБ Генадзь Хлебус.

Add Comment

Войти с помощью: