Шчадруем, спяваем, шчасця жадаем!

У маім маленстве равеснікі бегалі калядаваць са страхам, што назаўтра ў школе іх, а магчыма і бацькоў, чакае пакаранне за дрэнныя паводзіны – як дзіця савецкай эпохі можа ісці да чужых людзей пад вокны папрашайнічаць, быццам бы дома яно беднае і галоднае? Цяпер адносіны да традыцыі змяніліся кардынальна – гэта даніна мінуламу, рытуал, які шанавалі нашы продкі. Такі незвычайны святочны вечар прадстаўнікам розных узростаў абяцае шмат цікавага – ахунаешся ў свет жартаў і абрадавых песень, можна апрануцца ў неверагодныя касцюмы і на твар нанесці самы смелы грым ці маску…

Вечарам 13 студзеня ў аграгарадку Вулька 1 на пляцоўцы каля мясцовага Цэнтра культуры і народнай творчасці ладзіўся раённы «Калядны фэст-2018».

Мерапрыемства ў Вульцы 1 праходзіла не першы раз, таму некаторыя персанажы з тэатралізаванага прадстаўлення, арганізаванага работнікамі ўстановы культуры, запомніліся гледачам з мінулага года. Імправізаваная сцэна пера-тварылася ва ўтульную сялянскую хату з печчу, доўгімі лаўкамі і шырокім сталом, дзе ўсё было падрыхтавана да прыёму гасцей.

Гаспадары Лявон і Лявоніха (Віктар Барысевіч і Вольга Мелюх) адчынялі дзверы ўсім, хто стукаўся. І дзейства раптоўна ператварылася ў казку, бо на смачныя пірагі завіталі не толькі звычайныя суседзі і аднавяскоўцы. Адмоўныя персанажы Чорт і Ведзьма імкнуліся сапсаваць настрой, паламаць печ і забраць усе прысмакі, ды аднаго пасадзілі ў мех, другую прагналі прэч. Скамарох спяваў абрадавыя песні, а затым разам з Казой адправіліся калядаваць.

Цыганка прыйшла з торбачкай для гадання, адкуль кожны жадаючы выцягваў нейкую сімвалічную рэч. Але госця не толькі абнадзеіла прысутных поспехамі ў будучыні, яшчэ паспела ўкрасці гаспадыніны боты. Гаспадар дараваў ёй гэты ўчынак, бо якраз падрыхтаваў у падарунак новыя і прыгажэйшыя. Атмасфера дабрыні і ўзаемапавагі панавала на сцэне, адпавядаючы таінству вялікага свята. Чароўны Мядзведзь цудоўна танцаваў перад гледачамі, з гумарам паказваў, як месіцца цеста, дэманстраваў, як дзяўчаты на вячоркі выйсці рыхтуюцца, хлапчукі кулакамі махаюць, як нехаця мужык на работу ідзе, а назад з работы подбегам спяшаецца.

Канцэртная частка праграмы ладзілася выкананнем абрадавых песень і тэатралізаваных пастановак народных аматарскіх аб’яднанняў “Жывіца” з Вулькі 1 і “Лабчанка” з Лобчы, клуба аматарскай песні “Весніца” з Палескага, фальклорных калектываў з Лунінскага СДК і Лунінецкага ГДК. Сольна выступілі дзяўчынкі Ангеліна Карульская і Аня Паўлюкевіч.

Вядома, Калядкі – свята зімовае. Вось толькі стаяць на холадзе і ветры гледачам было не зусім камфортна – многія, асабліва з дзеткамі, не дабылі да заканчэння, разыходзіліся. Некаторыя наогул не захацелі пакідаць цёплую хату і прапусцілі цудоўную праграму. Гучалі прапановы ў наступны раз у марознае надвор’е ладзіць мерапрыемства не на вуліцы, а на сцэне ва ўстанове культуры.

Пашанцавала таксама паназіраць за сапраўдным калядаваннем. Вольга Мелюх са сваімі памочнікамі падрыхтавалі цікавую праграму з абрадавых песень, апрануліся ў адмысловыя касцюмы, узялі з сабой зорку, мех для пачастункаў і накіраваліся пад вокны мясцовых хат. Павадыр, Каза, Гарманіст і жанчыны ў нацыянальных уборах атрымлівалі гасцінцы заслужана – на кожным падворку спявалі прыгожа, зладжана і доўга, жадалі гаспадарам шчасця, здароўя і радасці.

А навокал чуліся крыкі, смех, гукі гармонікаў. Вёска святкавала самы незвычайны вечар у годзе, калі можна аддавацца казачнасці, чароўнасці, калі збываюцца самыя смелыя і неверагодныя мары.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.