АСАЛОДА ад вадохрышчанскай КУПЕЛІ

Каторы год запар было мнагалюдна на вадаёме Пуркаўка, дзе збіраюцца не толькі
мясцовыя жыхары, але і вернікі з раёна.

Ледзь толькі клірык Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы іерэй Георгій Філіновіч завяршыў вялікі чын асвячэння вады, да палонкі выстраілася чарга. Прычым, жадаючых акунуцца сярод жанчын было не менш, чым мужчын. “Сёння многія прыйшлі, каб атрымаць ласку Божую, — гаварыў айцец Георгій. – Каб праз прыгажосць вады, якую нам дараваў Гасподзь, мы таксама сталі чыстымі і больш блізкімі да Бога. Няхай амыванне кожнаму будзе дзеля выратавання, духоўнага і цялеснага здароўя”.
Пра адчуванне, якое нельга перадаць на словах, гаварылі тыя, хто вяртаўся з купелі. Большасць не першы раз далучаюцца да традыцыі. Сярод іх – Аляксей і Яўген.

– Для нас гэта свайго роду загартоўка. Заўважылі, што на працягу года сапраўды менш хварэем.

Даў “фору” дарослым дзесяці-гадовы Арсеній. Хлопчык шчыра прызнаўся, што акунуцца вырашыў сам, аднак годны прыклад паказвалі з маленства бацькі.

Усёй сям’ёй прыйшлі Андрэй, Алена і сыночак Марк. Аднак зайсці ў ваду сёлета адважыўся толькі тата.

– Лічу, што калядныя купанні ўплываюць на здароўе і духоўнае жыццё чалавека. Думаю, што калі сынок крыху падрасце, падтрымае маё меркаванне. А там далучыцца і жонка.

Упершыню гаючасць вады з лунінецкай “Іардані” адчулі Алена і Аляксандр:

– Думкі былі даўно, аднак пэўны час пакідалі іх з мужам на пасля, хацелася разам, а не паасобку. Сёлета такая магчымасць прадаставілася. Спачатку – страх, а пасля – адрэналін і цудоўны настрой. Усім рэкамендуем!

Шматгадовы майстар-клас паказаў Віктар “суседу” Сяргею, які рабіў перапынак на цэлых 20 год. На пытанне: “Які сэнс укладваеце ў акунанне?”, адказалі:
– Абнаўленне, новы этап у жыцці. Наогул, хаджэнне на “Іардань” ажыццяўляюць не дзеля пахвальбы, наадварот, з пакорлівасцю. Ды і асноўны сэнс не столькі ў акунанні, як у наведванні царквы: грахі ў палонцы не змыць…

На месцы купання дзяжурылі выратавальнікі, медыкі і міліцыянеры, а ўсіх жадаючых прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа частавалі гарачым чаем.

 

Грахі не змыць святой вадой

Праваслаўныя традыцыі на Лунінеччыне шануюць многія. Адна з іх – наведванне царквы на Вадохрышча. Вось і сёлета прыхаджан у Свята-Крыжаўзвіжанскім храме было многа.
Аб гэтым расказала былая аднакласніца, з якой хоць і жывем у адным горадзе, але бачымся, на жаль, не так часта, як хацелася. Пятнічны вечар падарыў магчымасць пагутарыць, як кажуць, па душах. Не дзіўна, што свой расказ Тоня пачала з візіту ў царкву:
– З самай раніцы людзі падавалі запіскі за здароўе блізкіх, ставілі свечкі, чакаючы ўрачыстай службы, – нетаропка расказвала маладая жанчына. – На вуліцы каля чана з вадой утварылася невялікая чарга з прыхаджан. З пытаннем “хто апошні?” падышла і я, стараючыся запомніць адзенне і твары навакольных. Дачакалася тых, хто цяпер быў за мной, а сама зноў накіравалася ў храм. Пасля адзінаццатай гадзіны дня вакол будынка ўжо стаялі вернікі з напоўненымі слоікамі. Сама ж чарга, што вяла ад чана, расцягнулася да веснічак. Хутка знайшла “сваіх” людзей, ды праціснуцца да іх аказалася нялёгкай задачай. Тым не менш, гэта ўдалося. Балазе, мяне таксама ўспомнілі, і ніхто з акружаючых не прад’-яўляў прэтэнзій. Але прывычныя фразы “калі я прыйшла, то вас яшчэ не было”, чуліся з натоўпу то тут, то там. І вось, нарэшце, дзесьці здалёк данеслася малітва, якая станавілася ўсё гучней і гучней. Убачылі бацюшку і пеўчых, узрадаваліся. Але ўзнёслы настрой хутка сапсаваўся, бо натоўп павольна калыхнуўся да чана. З усіх бакоў людзі сціснулі так моцна: не тое, што пера- хрысціцца – дыхаць было складана… Ніякіх просьбаў хоць крыху разысціся ніхто не чуў! А як толькі з кранаў пайшла вада, націск стаў яшчэ большым. Тыя, хто набіраў слоікі і бутэлькі, проста крычалі: “Дайце ўстаць!”, а ззаду ўсё роўна падпіралі… Не паверыш, але ў маёй руцэ засталіся толькі ручкі ад пакета: сам ён адляцеў разам з мужчынам, які выскачыў з натоўпу, быццам пробка з-пад шампанскага. Як не разбіўся шкляны слоік, сама не ведаю… З горам папалам вады ўсё ж узяла. Брыдка ўспамінаць, у што людзі ператварылі вялікае свята, якімі жахлівымі словамі абражвалі адзін аднаго… І гэта – побач з храмам!
Мы абмеркавалі яшчэ шмат надзённых клопатаў, але з галавы не выходзілі думкі пра адно. Чаму так адбылося? Ідучы ж у царкву, кожны з нас шукае душэўнага супакаення, якога так не хапае ў паўсядзённай мітусні, радасці, падтрымкі, дапамогі, урэшце. І, згадзіцеся, знаходзіць іх! Але ж нельга далучыцца да духоўнасці “за кампанію” – суседка пайшла за вадой, значыць, і я пайду. І нясем з сабой у святыя месцы паўся-дзённыя, не заўсёды добрыя звычкі, дробязныя бытавыя клопаты. Прыкры выпадак таму пацвярджэнне. Але ж чым можа дапамагчы святая вада, набраная не пад шчырыя малітвы і пакаянне ў сэрцы, а пад крыўдную сварку? Абагульняць не станем, бо ведаем, так бывае не заўсёды і не ўсюды. Самаўдасканальвацца, імкнуцца станавіцца дабрэйшымі, у тым ліку і духоўна, ніхто не забараняе. І гэта, паверце, – галоўнае!

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.