Чароўная святочная сустрэча

Адкрытае акцыянернае таварыства “Лунінецкі малочны завод”, якое ўзначальвае Сяргей Карпец, актыўна адгукаецца на разнастайныя дабрачынныя праекты. У рамках акцыі “Нашы дзеці” з Дзедам Марозам і Снягуркай наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Язвінках.

За кубачкам чаю з вельмі смачным пірагом, які зрабілі дзяўчынкі, гаспадары Наталля і Міхаіл Марза расказалі, што ідэя адкрыцця ўстановы прыйшла ў 2002 годзе. Гадавалі двух дзяцей і ўзялі на выхаванне маленькую дзяўчынку. Цяжка было быць першапраходцамі, але, на шчасце, усё атрымалася. З таго часу тут няма дзялення на сваіх і чужых: пяшчотай і клопатам акружаны ўласныя і прыёмныя дзеці. У сям’і цяпер чацвёра ўнукаў. Жыццё можна прасачыць па фотаздымках, якія адлюстроўваюць самыя розныя моманты.

Прайшлі па пакоях. Усе яны – вельмі ўтульныя, адчуваецца, што зроблены з любоўю. Асабліва ўразіла “Дошка заданняў”, куды запісваюць план на дзень для кожнага дзіцяці. Хлопчыкаў і дзяўчынак вучаць усяму, каб у дарослае жыццё выходзілі самастойнымі і ўсё ўмелі рабіць. А яшчэ ўсе яны – вельмі таленавітыя: малююць, танцуюць, спяваюць, вырабляюць разнастайныя сувеніры, умеюць гатаваць.

Кветкі і ўпрыгажэнні, якія падарылі прадстаўнікам пярвічкі ГА “Беларускі саюз жанчын», саюза моладзі, прафкама і адмініс-трацыі, яшчэ доўга будуць нагадваць аб чароўнай сустрэчы, якая адбылася напярэдадні Каляд.