Дзесяць двайнят

нарадзіліся летась у нашым раёне. З якімі яшчэ вынікамі ў дэмаграфічным плане завяршыўся мінулы год, папрасілі расказаць начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Святлану Яроцкую:

– Усяго ў 2017-ым на Лунінеччыне зарэгістравана 715 актавых запісаў аб нараджэнні: найбольш – у райцэнтры (307) і Мікашэвічах – 145. Сярод сельвыканкамаў лідзіруюць Дварэцкі (48 малышоў), Лунінскі (39) і Дзятлавіцкі (33). За імі ідуць Вулькаўскі (29), Гарадоцкі (25), Бастынскі (22). На 17 немаўлят пабольшала на тэрыторыях Багданаўскага і Лахвенскага. 13 віншаванняў новаспечаным бацькам адрасавалі ў Сінкевіцкім сельвыканкаме, 11 – Чучавіцкім і 9 – у Рэдзігераўскім.

Сярод дзетак пераважаюць хлопчыкі: іх было 366, а дзяўчынак – 349. Летась у нашых жыхароў паявіліся 244 першынцы. 231 малыш ужо меў старэйшых брата ці сястрычку. Статус мнагадзетнай набыла 171 сям’я. У чацвёрты раз успомніць пра “пялёнкі-распашонкі” давялося 50 бацькам, у пяты – 11-ці, у шосты – 4-ом, у сёмы – 2-ум, у восьмы – адной сям’і.

У большасці выпадкаў і мама, і тата нованаро-джаных з’яўляліся нашымі суайчыннікамі – 642. Сярэдні ўзрост матуль склаў 28 год, татаў – 31. Пяць дзяўчат і адзін юнак сталі вельмі маладымі бацькамі (16-18 год). Дасягнуўшы паўналецця, клопаты па догляду за сынам ці дачкой узялі на сябе 2 мужчыны і 6 жанчын. Радасць мацярынства зведалі 17 зямлячак, якім споўнілася 40-45 год. Шчырыя словы гучалі таксама ў адрас аднаго бацькі ва ўзросце пасля 50-ці.

– Як называлі сваіх малышоў жыхары Лунінеччыны?

– Самымі распаўсю-джанымі імёнамі сталі: сярод мужчынскіх – Аляксандр (29), Іван (20), Арцём (18), Ягор (17), Арсеній і Яраслаў (па 15), Мікіта і Раман (па 12), Дзмітрый (11) і Максім (10); сярод жаночых – Соф’я (25), Дар’я (24), Паліна (18), Марыя (16), Аляксандра (14), Анастасія, Валерыя, Варвара і Кацярына (па 11), Ганна, Вікторыя і Лізавета (па 10). Толькі аднойчы за год сустрэліся Віктар, Ігар, Платон, Фёдар, Юрый, Лідзія, Ніна, Фаіна, Тамара, Таццяна, іншыя. Былі і арыгінальныя: у хлопчыкаў – Ралан, Ніл, Дамінік, Улас, Акім; у дзяўчынак – Мірра, Юсціна, Лаліта, Алісія, Аглая. За зменай імя звярнуліся 19 чалавек, за ўстанаўленнем бацькоўства – 82.

– Вядома, як назваць дзіця, вырашаюць толькі дарослыя. Што ўплывае на іх выбар?

– Многія бяруць за ўвагу час святак, моду, менталітэт. Да таго ж, мамы і таты – грамадзяне не толькі Беларусі, але і іншых краін, дзе таксама шануюцца традыцыі роду. У 24 выпадках летась нехта з бацькоў з’яўляўся іншаземцам. Большасць – жанчыны (13): па шэсць – з Расійскай Федэрацыі і Украіны, адна – з Рэспублікі Казахстан.

– Заўсёды хочацца, каб малышы нараджаліся ў поўных сем’ях.

– Звычайна так і адбываецца. У мінулым годзе марш Мендэльсона прагучаў для 386 сямейных пар. З іх 247 – зарэгістравалі шлюб у Лунінцы, яшчэ 73 – у Мікашэвічах. Сярод сельвыканкамаў зноў-такі лідзіруе Дварэцкі (13). Дзевяць разоў вясельныя цырымоніі прайшлі ў Дзятлавіцкім, Лахвенскім і Лунінскім сельвыканкамах, сем – у Сінкевіцкім, шэсць – Чучавіцкім, па тры – Гарадоцкім, Бастынскім і Рэдзігераўскім, па дзве – у Багданаўскім і Вулькаўскім. Другую палавінку ў асобе суайчынніка знайшлі 750 беларусаў. 22 новыя сям’і створаны з іншаземцамі. Часцей гэта былі грама-дзяне Расійскай Федэрацыі і Украіны. Адзінкавыя выпадкі, калі на шлюбны ручнік ступалі прадстаўнікі Узбекістана, Туркменістана, Латвіі, Азербайджана, Казахстана і Італіі. Што датычыць узроставых груп нявест і жаніхоў, то сярэднестатыстычнаму мужчыне – 29 год, а жанчыне – 27. Як паказвае жыццё, здараецца так, што цёплыя пачуцці ўзнікаюць і ў маладых, і ў пенсіянераў. Да паўналецця афіцыйна зарэгістравалі адносіны 5 грама-дзянак. Чатыром юнакам і 14-ці дзяўчатам толькі споўнілася 18 год. Запаветную пячатку ў пашпартах паставілі таксама 8 жаніхоў і 3 нявесты, якія ўжо адсвяткавалі асабістыя 60-гадовыя юбілеі. На жаль, 27 пар, якія не мелі агульных непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак, скасавалі афіцыйныя адносіны.

– Дэмаграфічны малюнак не будзе поўным без яшчэ аднаго паказчыка, на жаль, сумнага…

– Летась пайшлі з жыцця 930 жыхароў. 205 пасведчанняў аб смерці выдалі ў аддзеле ЗАГС, 138 – у Мікашэвіцкім гарвыканкаме, 90 – Дварэцкім сельвыканкаме, 78 – Лунінскім, 60 – Лахвенскім, 56 – Бастынскім, 53 – Вулькаўскім, 51 – Дзятлавіцкім, 49 – Чучавіцкім, 47 – Гарадоцкім, 31 – Сінкевіцкім, 27 – Багданаўскім і 19 – у Рэдзігераўскім. Такім чынам, дэмаграфічная сітуацыя на Лунінеччыне застаецца трывожнай: “плюсуюць” толькі абодва гарады. Будзем верыць, што перамены да лепшага наперадзе.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.