Юбілейная гульня клуба вясёлых і знаходлівых на прызы старшыні райвыканкама аб’яднала аматараў

«Зімовая казка» стала тэмай юбілейнай – пятай – гульні Клуба Вясёлых і Знаходлівых на Кубак старшыні раённага выканаўчага камітэта. Аматараў жартаў і гумару яна сабрала разам у мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры.

Дэманструючы зайздросную вынаходлівасць, дасціпнасць і таленты, за жаданы трафей змагаліся каманды: “Каровушкі” (ААТ “Вулькаўскі світанак”), “Розныя людзі” (сельскагаспадарчы каледж), “У нас на раёне” (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), “Максімум” (аддзел адукацыі, спорту і турызму) і “Пульс” (цэнтральная раённая бальніца).

Па традыцыі гульня пачалася з візітоўкі. Сёлета яе прысвяцілі “Снегавікам”. Канкурсанты расказалі пра сябе ў вершах і песнях, відэароліках і інсцэніроўках. Трэба адзначыць асаблівую стараннасць “Каровушак”, “Пульсу” і “Максімуму”, прадстаўнікі якіх падрыхтавалі вельмі ўдалыя жарты, звязаныя з прафесіямі сельскай гаспадаркі, педагогікі, медыцыны. Даволі складаная задача стаяла перад журы на чале з намесні-кам старшыні райвыканкама Анатолем Захаркевічам. Сачыўшы за зместам выступленняў, раскрыццём тэмы, арыгінальнасцю нумароў і рэгламентам, суддзі так і не выявілі яўнага фаварыта – сумы балаў адрозніваліся нязначна. Гумарыстычны біятлон “Усё могуць дзівакі” дапамог “Максімуму” крыху выйсці наперад. Аднак утрымаць лідарскія пазіцыі настаўнікі не змаглі: ім літаральна ў патыліцу “дыхалі” сапернікі.

Артыстычным выдаўся конкурс “Стэм”. Сапраўдны рогат выклікалі сучасныя інтэрпрэтацыі байкі пра “Страказу і Вераб’я” ад “Каровушак”, казкі пра Цара Салтана ад “Розных людзей” і кастынга Снягурак ад “У нас на раёне”. Вясёлымі варыяцыямі на тэму “Як начальства павіншуеш, так год і правядзеш” парадаваў “Максімум”, а “Пульс” пазнаёміў гледачоў з марамі, планамі і жаданнямі жанчын у залежнасці ад узросту. Перавага цяпер была на баку аграрыяў.

Урэшце, усе кропкі над “і” паставіла музычнае хатняе заданне “Я вам песеньку спяю пра 5 хвілін”. Тут таксама ўражвалі багатая фантазія і акцёрскае майстэрства ўсіх удзельнікаў. Іх яны праяўлялі ў час пародый на зорак эстрады і тэлевізійныя перадачы, рэформы ў адукацыі і казцы, як адшукаць жані-хоў.

Пакуль ішоў падлік галасоў, журы запрасілі на сцэну. Удзячныя словы камандам адрасавалі намеснік начальніка ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Молчан, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон і першы сакратар райкама БРСМ Ігар Гаргун. Прыз ад “Лунінецкіх навін” уручаны лепшаму іграку гульні, якім стаў слесар ААТ “Вулькаўскі світанак” Мікалай Верас. Чацвёртае месца з аднолькавым вынікам – 16 балаў – падзялілі каманды “У нас на раёне” і “Максімум”, трэцяе – “Розныя людзі” (16,3). Паўбала саступілі “Каровушкі” (17,1) пераможцам. Упершыню за гісторыю КВЗ галоўны прыз заваявалі медыкі. З заслужанай узнагародай іх павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч. “Зімовая казка” закончылася, але яе сведкі атрымалі неверагодны зарад бадзёрасці і цудоўнага настрою.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.