Шчыгол  чорнагаловы

сёлета стаў птушкай года.  Аб гэтым аб’явіла грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

На тэрыторыі Лунінецкага раёна сустракаецца не так часта, як іншыя віды, аднак амаль кожны з нас меў магчымасць бачыць гэтыя прыгожыя рознакаляровыя чародкі прыгожых птушак – прычым, не толькі ў вёсках, але і ў горадзе. Асабістае знаёмства са шчыгламі адбылося летась вясной, летам, восенню. Звяртаў на іх увагу і ўзімку – непадалёк ад чыгункі. Толькі аднойчы пашчасціла зрабіць некалькі фотаздымкаў шасці птушак разам (на кветках касмеі, дзе яны ласаваліся насеннем).

Шчыгол па памеры меншы за вераб’я, але больш статны, важыць каля 20 грамаў. У апярэнні ўражвае пяціквецце: чорнае, жоўтае, белае, чырвонае, а спіна – месцамі карычнева-шэраватая. Распаўсю-джаны па ўсёй Еўропе, Паўночнай Афрыцы, Малой і Сярэдняй Азіі. Селіцца птушка звычайна ў рэдкалессі, пойменных лясах, ра-дзей – у культурных ландшафтных насаджэннях. Любіць вялікія фруктовыя сады і зараснікі бур’яну, на якіх зімой можна падсілкавацца сухім насеннем.

Вясновае ажыўленне ў чародках адбываецца рана – у лютым. На пары яны разбіваюцца ў красавіку, а ў маі пачынаюць улад-коўваць гнёзды. У якасці будаў-нічага матэрыялу выбіраюць тапаліны і лазовы пух. У ход ідуць таксама конскі волас, поўсць, пер’е. Гняздо шчыгла – чароўнае збудаванне ў выглядзе кубка з вельмі моцнымі і шчыльнымі сценкамі, звонку абкладзенага сцяблом, карэньчыкамі. Яно быццам абшыта мохам, кавалкамі бяросты і лішайніку. Майструюць усё пад колер дрэва, размяшчаючы на разгалінаванні, але не ніжэй як 10-12 метраў ад зямлі. Летась знайшоў такое гняздо на тэрыторыі нашага помніка прыроды на Залессі “Каўнерыкавыя хвоі”.

Самачка шчыгла адкладвае 4-8 белых або светла-блакітных яек. Выседжвае іх каля 12-14 дзён. Бацькі кормяць птушанят насякомымі, у пераважнасці, тлёй. Вылет малых назіраецца ў другой палове чэрвеня. Цікавы і той факт, што дарослыя працягваюць падкормліваць дзетак яшчэ на працягу ад 7 да 12 дзён.

Птушкі вельмі карысныя ў сельскай гаспадарцы. Яны знішчаюць шкоднікаў, паядаюць насенне пустазелля. У Беларусі шчыглы застаюцца на зіму. Іх чародкі вандруюць па парках, скверах, садах. Беражыце пярнатых! Як і ўсім іншым, дапамагайце выжыць у суровую пару года. Зрэшты, яны ўпрыгожваюць наша жыццё на зямлі…

Іван ПАНАСЮК, член ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». г. Лунінец.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.