«Сонейка»

Бываюць людзі, пры знаёмстве з якімі з першых хвілін разумееш: побач з гэтым чалавекам на душы будзе радасна і цяпло нават у самы халодны і пахмурны дзень. Такім добразычлівым, сонечным характарам, на мой погляд, валодае жыхарка Рэдзігерава Марыя КУШНЯРУК.

– З будучым мужам Мікалаем мы раслі ў Флярова, ён старэйшы за мяне па ўзросту, – расказвае жанчына. – На прыгожага высокага хлопца заглядаліся многія дзяўчаты, але пасля нашага знаёмства ўсё больш часу праводзілі разам.

Вельмі хутка ўзаемныя пачуцці ахапілі маладых людзей, паставіўшы Марыю перад выбарам – замужжа ці працяг адукацыі? Нягле-дзячы на тое, што большасць родных раілі атрымаць прафесію, яна ж аддала перавагу сям’і. Асталявацца маладыя вырашылі ў Рэдзігерава.

Вось ужо больш як чатыры з паловай дзесяцігоддзі жывуць адным лёсам Марыя Уладзіміраўна і Мікалай Анатольевіч. Як і ў любой сям’і, у іх жыцці хапала сваіх «падводных камянёў». Аднак, мая гераіня ні разу не пашкадавала аб выбары, зробленым у юнацтве.

– Мы былі і застаёмся надзейнымі памочнікамі і сябрамі. Дзякуючы ўзаемнай падтрымцы справіліся  нават з самымі складанымі перыядамі. Пазіраючы на сыноў, з настальгіяй успа-мінаю той час, калі хацелася, каб яны хутчэй сталі дарослымі. Муж усё жыццё правёў у полі на трактары. Пры ўсім жаданні дапамагчы мне ў агародзе ці з дзецьмі, з яго графікам работы не заўсёды атрымлівалася. А мы доўгі час трымалі па некалькі кароў, свінняў, розную свойскую птушку! Заўсёды з разуменнем ставілася да занятасці мужа. Для яго родная зямля – нязменная крыніца радасных эмоцый, энергіі і сіл. Невыпадкова, што нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ доўгі час перадаваў шматгадовы вопыт моладзі ў мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі.

Любоў і павагу да малой радзімы Марыя Ула-дзіміраўна разам з мужам перадалі сынам. Пасля атрымання адукацыі яны вярнуліся ў Рэдзігерава, дзе пабудавалі ўласныя дамы і стварылі сем’і. Юрый працуе загадчыкам гаспадаркі ў сярэдняй школе, Мікалай – трактарыстам мясцовага ўчастка Мікашэвіцкай ЖКГ. Іх жонкі (абедзве – Ірыны) знайшлі прымяненне сваім ведам у сферы педагогікі.

Унучка Людміла – медсястра адной з устаноў аховы здароўя ў Ляхавіцкім раёне. Яе сястрычка Юлія сумяшчае работу ў Бельгіі і атрыманне вышэйшай юрыдычнай адукацыі. Наталля – залатая медалістка выпуску-2017 Рэдзігераўскай СШ  – вывучае замежныя мовы ў сталіцы. Малодшыя Марта і Сяргей – школьнікі, з выбарам будучай прафесіі яшчэ не вызначыліся…

Ці вернуцца на малую радзіму, як некалі іх бацькі, ўнукі Кушнерукоў, – пакажа час. Аднак маладыя людзі цвёрда ведаюць, што пры любым раскладзе жыцця на Лунінеччыне  іх заўсёды чакаюць родныя людзі. У ліку іх – бабуля Марыя. Яе ненадакучлівае цяпло, нібы сонейка, адчуваецца нават на самых далёкіх адлегласцях.