У «Малочнай кропелькі» з’явіўся пропуск у Еўропу

На днях Лунінецкі малочны завод атрымаў сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў па вытворчасці сметанковага масла і сухога малака ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднага стандарту FSSC 22000.

Як расказаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Карпец, новы дакумент дае рэальныя шанцы выхаду на рынак Еўрапейскага саюза і супрацоўніцтва з буйнымі міжнароднымі гандлёвымі сеткамі і сусветнымі брэндамі, што прадстаўлены на рынку Беларусі. Сертыфікацыя ў адпаведнасці з FSSC 22000 (Food Safety System Certification 22000) – гэта надзейная і прызнаная на міжнародным узроўні схема аўдыту і сертыфікацыі сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў у харчовым ланцугу паставак, заснаваная на стандартах серыі ISO. Дасягненне такога ўзроўню стала магчымым, дзякуючы пастаяннаму ўдасканаленню і мадэрнізацыі вытворчасці.

На сённяшні дзень ААТ «Лунінецкі малочны завод» – адзінае прадпрыемства ў раёне, якое мае названы сертыфікат. Акрамя таго «Малочная кропелька» ўключана ў адзіны сусветны рэестр вытворцаў бяспечнай харчовай прадукцыі.

НА ЗДЫМКУ: сертыфікат FSSC 22000 Сяргею Карпцу ўручае дырэктар дэпартамента сертыфікацыі і прамысловых інспекцый Бюро Верытас Бел Лтд Юрый Шмуцінскі.

Add Comment

Войти с помощью: