Абараняць інтарэсы выбаршчыкаў

Усё часцей даводзіцца чуць, што невялікія населеныя пункты сваё аджываюць… Маўляў, тут большае асірацелых хат, сярод насельніцтва пераважаюць пенсіянеры, а моладзь шукае  перспектыў у буйных гарадах. Зусім іншай думкі прытрымліваецца дэпутат па Баравецкай выбарчай акрузе №13, пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК.

– У падведамасную тэрыторыю ўваходзяць палова аграгарадка Дзятлавічы, а таксама адносна невялікія вёскі Бараўцы і Купаўцы, дзе апошнім часам шмат зроблена ў плане годнага жыццезабеспячэння, – заўважыў Аляксандр Паўлавіч. – Усё гэта звязваю з актыўнай жыццёвай пазіцыяй сваіх выбаршчыкаў. Радуе, што яны мне давяраюць і заўсёды карыстаюцца магчымасцю вырашыць праблемныя пытанні на дэпутацкім узроўні. За перыяд з 2016-2017 гады правёў каля 25 асабістых прыёмаў, выслухаў 110 грамадзян. Прычым, сёння людзей хвалююць не толькі асабістыя клопаты, але і сацыяльна-важныя праблемы, звязаныя з будучыняй краіны. Напрыклад, рашэнне пытанняў па спыненню п’янства і алкагалізму, сіроцтва пры жывых бацьках, невыкананне дарослымі дзецьмі забеспячэння годнага догляду за састарэлымі матулямі і татамі.

Многія вяскоўцы звяртаюцца за кваліфікаванай юрыдычнай дапамогай, дзякуючы чаму пазней самастойна вырашаюць свае праблемы. Вось і на апошнім прыёме жыхарцы сельсавета падказаны шляхі выйсця з няпростай жыццёвай сітуацыі, звязанай з высяленнем з жылога памяшкання. Парушаныя правы жанчына аднавіла, а таксама атрымала матэрыяльную кампенсацыю з боку віноўнай арганізацыі.

– Ці былі ў вашай практыцы калектыўныя звароты?

– Так. Дзякуючы разуменню і дапамозе намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Захаркевіча, задаволена просьба вяскоўцаў у замене вокнаў у мясцовым дзіцячым садзе. Станоўчыя рашэнні знайшлі звароты аб добраўпарадкаванні прылягаючай да ўрачэбнай амбулаторыі тэрыторыі, захаванні прыгараднымі цягнікамі прыпыначнага пункта “Сад”. Пры ўзаемадзеянні з дарожнай службай, якую ўзначальвае Аляксандр Трухноў, было знята пытанне ўстаноўкі ўказальнікаў па накірунку руху ў Купаўцы і Бараўцы. Акрамя таго, у гэтых населеных пунктах істотна палепшана якасць тэлефоннай сувязі. Замена старых сетак дазволіла жыхарам карыстацца інтэрнэтам. На бліжэйшы час намечана вырашэнне яшчэ адной набалелай праблемы – асфальтаванне дарогі, што вядзе да Бараўцоў. Такім чынам, у невялікай вёсцы адкрыюцца абна-дзейваючыя перспектывы развіцця: прыродны газ ёсць, дарога будзе, райцэнтр – побач…

Па меры неабходнасці прыёмы грамадзян ажыццяўляліся і па-за графікам. Звычайна гэта адбывалася падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі. Бываў на ФАПе, магазінах, школе, садзе. Нярэдка наведваў пажылых вяскоўцаў па месцы жыхарства, кожны раз пераконваючыся, што жывы дыялог прыносіць жаданы вынік.

– Ведаю, што ўваходзіце ў склад пастаяннай камісіі райсавета па пытаннях законнасці і правапарадку, дэпутацкай этыцы. Чым яна займаецца?

– Па-першае, праводзім сістэмны аналіз стану злачыннасці і законнасці на Лунінеччыне. Уносім канкрэтныя рэкамендацыі, накіраваныя на выкараненне праблем, прадухіленне парушэнняў закона ў рабоце прадпрыемстваў і ўстаноў. Дарэчы, завяршылі разгляд вынікаў за 2017-ты. Назіраецца ўстойлівая дынаміка зніжэння злачыннасці. За апошнія пяць год узровень скараціўся на 33 працэнты. Станоўчая тэндэнцыя захавалася і летась. Колькасць зарэгістраваных правапарушэнняў склала 553, тады як у 2016-ым было 607. Паменшала крадзяжоў, злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама ў грамадскіх месцах. Устаноўлены прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі росту хуліганстваў, дарожна-транспартных здарэнняў. У адрас кіраўнікоў суб’ектаў прафілактыкі і права-ахоўных органаў накіраваны адпаведныя рэкамендацыі. Прапановы па стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі будуць разгледжаны прэзідыумам раённага Савета дэпутатаў.

Па-другое, сочым за работай іншых дэпутатаў. Усе яны павінны працаваць у адпаведнасці з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”. У гэтым нарматыўна-прававым акце ўказаны асноўныя формы дзейнасці, выкананне якіх безумоўна, паўплывае на выніковасць работы. А прыярытэтным накірункам з’яўляецца актыўная, сістэмная і пастаянная работа па абароне правоў і законных інтарэсаў выбаршчыкаў, плённае ўзаемадзеянне з жыхарамі акругі з мэтай аператыўнага выяўлення праблемных і надзённых пытанняў як у цэлым па рэгіёне, так і ў канкрэтных грамадзян. Людзі павінны ведаць сваіх прадстаў-нікоў у выбарчых акругах, працоўных калектывах, навучальных установах. Землякам неабходна ўпэўненасць, што чалавек, якога яны выбралі, сапраўды стаіць на варце іх законных інтарэсаў.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.