23 лютага — цудоўная нагода сустрэцца і ўспомніць маладосць для членаў Беларускага саюза афіцэраў на чале з Уладзімірам Жураўлёвым

У іх памяці засталіся вучэнні, стрэльбы, каравулы, маршы-кідкі  з амуніцыяй… Аднак сёння ёсць цудоўная прычына, каб апрануць святочны кіцель, сустрэцца з баявымі таварышамі і ў чарговы раз прыгадаць тыя часы, калі жыццё падпарадкоўвалася армейскаму статуту і загадам.

Свой летапіс раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” вядзе з 1993 года. Над яе стварэннем працаваў палкоўнік Іван Камароў. На змену яму прыходзілі маёры Уладзімір Дзямідаў і Мікалай Залатароў, падпалкоўнікі Аляксандр Жуланаў і Аляксандр Распопаў. Зараз лідарам афіцэрскага руху на Лунінеччыне з’яўляецца Уладзімір Жураўлёў.

– У нашы рады ўваходзяць прадстаўнікі райцэнтра і Мікашэвіч, райваенкамата, вайсковых часцей 65408 і 25886, пагранічнікі, – заўважыў Уладзімір Іванавіч. – Гэта былыя авіятары, ракетчыкі і спецназаўцы. Разам умацоўваем афіцэрскі састаў, захоўваем і прымнажаем слаўныя традыцыі папярэднікаў, перадаем баявы вопыт, абараняем правы і законныя інтарэсы былых ваеннаслужачых, членаў іх сямей. У цесным узаема-дзеянні працуем з раённымі ўладамі, прадстаўнікамі Беларускіх саюзаў ветэранаў вайны ў Афганістане і органаў пагранічнай службы, саветам ветэранаў, ДТСААФ і БРСМ. Актыўны ўдзел прымаем у святкаванні галоўных дзяржаўных урачыстасцей з нагоды 9 Мая, Дня Незалежнасці, гадавіны вызвалення горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Афіцэраў запасу можна заўсёды сустрэць на аўтапрабегах, мітынгах каля помнікаў Герояў: Паўла Сухога, Мікалая Давыдава, Івана Пяцяры і Пятра Багданава. Традыцыйнымі сталі сустрэчы з вучнямі ва ўстановах адукацыі, правядзенне спартыўных спаборніцтваў. Аб баявым шляху актывістаў раённай арганізацыі распавядае фотаальбом, створаны летась пры істотнай дапамозе газеты “Лунінецкія навіны”.

Асобна варта расказаць пра пошукавую работу. У мінулым годзе высвятлялі месцы падзення самалётаў, якія былі збіты ў 1944-ым пры вызваленні Лунінца, і затаплення танкаў у Мікашэвічах, Любані і Любажэрдзі. У рэгіён прыязджалі спецыяльна абучаныя пошукавікі на чале з Уладзімірам Бухта і Сяргеем Лялюком. Разам сустракаліся са сведкамі тых падзей, пачутае занатоўвалі ў дакументы. Работа ў гэтым накірунку будзе працягнута сёлета.

Паступова падыходзіць да завяршэння стварэнне помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Мікашэвічах з устаноўкай машыны БМД-1. У рамках месячніка, прымеркаванага да 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і 91-ай гадавіны ДТСААФ, арганізоўваем тэматычныя ўрокі мужнасці і іншыя мерапрыемствы. Актыўны ўдзел у іх прымаюць былыя афіцэры і прапаршчыкі – Сяргей Бутэнін, Віктар Вайцяхоўскі, Аляксандр Кіпцэвіч, Барыс Паплевін, Мікалай Усціменка, Аляксандр і Васіль Елізавы, Мікалай Бусель, Валерый Каваленка, Мікалай Ляўковіч, Мікалай Мустайкін, Андрэй Рудой і многія іншыя. Віншую ўсіх са святам, зычу моцнага здароўя, радасці, шчасця і мірнага неба над галавой!

Касцяк афіцэрскага братэрства складаюць (злева направа): у верхнім радзе – Андрэй Турчыновіч, Алег Іваннікаў, Сяргей Сойка, Станіслаў Шаруда; у ніжнім – Міхаіл Талаш, Уладзімір Жураўлёў, Генадзь Дубавік,  Аляксандр Жуланаў, Валерый Катунін.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.