Для каго аўтобус?

У нашу вёску Сітніца тры разы на тыдзень прыязджае рэйсавы аўтобус. Раней ён рабіў прыпынкі на вуліцы Набярэжнай і перакрыжаванні Партоўскай і Садовай. Хоць некаторым жыхарам было далекавата хадзіць, але большасць такі расклад задавальняў.

Два гады таму сітуацыя змянілася. Прыпынак перанеслі на самы край вёскі – да магазіна – і акультурылі. Пабудавалі павець, залілі цэментам пляцоўку, устанавілі дах і лавачку. Цяпер аматарам выпіўкі, якія бавяць час каля гандлёвай кропкі, стала камфортна: ні дождж не страшны, ні снег, ні вецер. Ды і цікава назіраць, хто прыязджае аўтобусам. А грамадскі транспарт пастаіць крыху: калі хто-небудзь сядзе – добра, не – усё роўна адправіцца назад па прамой вуліцы. А нам, пажылым людзям, трэба шпацыраваць да прыпынку аж два кіламетры! Чаму нельга пусціць аўтобус па ранейшым маршруце? Забраў бы пасажыраў на Набярэжнай, па ходу – на Партоўскай. Яму праехаць кіламетр з лішнім, а нам – палёгка… На вясковым сходзе агучвалі просьбу, але нас, на жаль, не пачулі.

Настасся ЯРМОЛІЧ. в. Сітніца.

Гэты ліст накіравалі для разгляду ў філіял “Аўтамабільны парк №10 г. Лунінца” ААТ “Брэстаблаўтатранс”. Атрымалі адказ за подпісам дырэктара Сяргея Кіндрука: “На агульным сходзе жыхароў вёскі Сітніца ў 2016 годзе было прынята рашэнне аб пераносе прыпыначнага пункта з вуліцы Набярэжнай (каля былой школы) на Пралетарскую. Пазней каля магазіна на гэтай жа вуліцы для зручнасці жыхароў быў абсталяваны прыпыначны пункт з пасадачнай пляцоўкай, лаўкамі і павеццю. Рух аўтобуса стаў ажыццяўляцца толькі па Пралетарскай. Вяртанне да старой схемы руху лічым немэтазгодным”.

АД РЭДАКЦЫІ. Напэўна, адмовіць без тлумачэння якіх бы то ні было прычын намнога прасцей, чым пастарацца адшукаць рашэнне, што задаволіла б абодва бакі. І якім бы няпростым быў час, нельга эканоміць на ўзаемаразуменні, спагадзе і імкненні дапамагаць тым, хто асабліва мае ў гэтым патрэбу. Пераадолець шлях у два кіламетры маладым і здаровым лёгка. А пажылым? Няўжо жыхары Сітніцы не заслугоўваюць хаця б аднаго дадатковага “прыпынку па патрабаванню”? Ды і ці апраўданы ўсяго адзін прыпыначны пункт на немалую прыгарадную вёску? Магчыма, аўтобус сапраўды можа вяртацца іншай вуліцай? Не думаем, што гэта пацягне за сабой істотныя фінансавыя затраты, якія бяруць за аснову ў АП-10, забываючы пра галоўнае: усе паслугі (камунальныя, бытавыя, па перавозцы пасажыраў і г.д. – для зручнасці тых, хто іх атрымлівае і хто за іх плаціць грошы. І толькі потым – для выгады тых, хто іх аказвае.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.