Пасяджэнне гаспадарчага актыву сумясцілі з сесіяй раённага Савета дэпутатаў

У гарадскім Доме культуры сабраліся прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, члены райвыканкама, начальнікі і спецыялісты ўпраўленняў, аддзелаў, старшыні гарсельвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Лунінеччыны, іх намеснікі і адказныя асобы за ідэалагічную работу, прафсаюзныя лідары, актывісты грамадскіх аб’яднанняў.

Першым слова ўзяў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляк-сандр Пачко, які расказаў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна за 2017 год і асноўных накірунках работы на 2018-ты. Забягаючы наперад, адзначу, што многае з пачутага знайшло адлюстраванне на старонках “ЛН” (№99 за 22.12.2017 г. “Якасць, эканоміка, вынік”; №101 за 29.12.2017 г. “Галоўны дакумент года”). Як заўважыў Аляксандр Мікалаевіч, народна-гаспадарчаму комплексу раёна ўдалося захаваць дынаміку росту эканомікі. З даведзеных 14-ці прагнозных паказчыкаў нявыкананымі засталіся толькі чатыры. Гэта экспарт паслуг без уліку арганізацый рэспубліканскай падпарадкаванасці, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, запасы гатовай прадукцыі па арга-нізацыях мясцовай падпарадкаванасці і энергазберажэнне. Выкананне астатніх заданняў дазволіла Лунінеччыне перамясціцца ў абласным рэйтынгу з 11-га месца ў 2016-ым на 6-ае – летась.

Кіраўнік раёна скрупулёзна прааналізаваў сітуацыю ў прамысловай галіне і аграпраме, не абышоў увагай сацыяльную сферу. Разам са станоўчымі фактамі, Аляксандр Пачко адзначыў моманты яўных недапрацовак. Прэтэнзіі гучалі ў адрас асобных прадпрыемстваў з усіх галін эканомікі.

Акрэсліваючы планы на 2018 год, які абяцае быць не менш складаным, старшыня райвыканкама запатрабаваў ад кожнага – будзь то кіраўніка ці асобна ўзятага работніка – яшчэ большай адказнасці, аддачы і сур’ёзнага падыходу да спраў.

Удзельнікі пасяджэння заслухалі справаздачу старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктара Рафаловіча аб становішчы спраў на падведамаснай тэрыторыі летась і задачах на 2018-ты. Пра некаторыя з іх “Лунінецкія навіны” таксама паведамлялі (№5 за 17.01.2018 г. “Дэпутацкі корпус выбраў новы накірунак развіцця…”). Асобна Віктар Анатольевіч спыніўся на дзейнасці калег за час работы народных выбраннікаў 27-га склікання. Вялася гаворка і пра тое, што выканаць не ўдалося. Але гэта зусім не значыць, што справы не давядуць да лагічнага завяршэння. Працягнецца работа па павышэнню заробкаў, актывізуецца садзейнічанне ў працаўладкаванні і стымуляванні самазанятасці насельніцтва, вызначыцца далейшы лёс прадпрыемстваў, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі фінансавага аздараўлення. Гэтыя і многія іншыя задачы старшыня райсавета заклікаў абавязкова вырашыць.

Аб справах на месцах гаварылі кіраўнікі: Палескай станцыі – Аляксандр Юзупанаў, ААТ “Дварэцкі” – Віталь Карчэўскі, ААТ “Спецжалезабетон” – Васіль Басевіч, СПМК-17 – Георгій Шарыкала, УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” – Святлана Хлебус, СШ №2 г. Лунінца – Мікалай Гарадкавец. Кожны з іх падзяліўся ўласным бачаннем рабочых працэсаў ва ўзначальваемых калектывах. Выступленні суправаджаліся фотаслайдамі.

З праектам рашэння гаспадарчага актыву прысутных пазнаёміў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч. Гэты дакумент удзельнікі пасяджэння прынялі аднагалосна. Святочную ноту дзелавой размове надало ўшанаванне шматлікіх пераможцаў. Напачатку аб’явілі імёны лепшых у спаборніцтве па дасягненню высокіх паказчыкаў у вытворчасці і сацыяльнай сферы за 2017 год. Ганаровыя пераходныя Сцягі райвыканкама ўручаны калектывам: у прамысловасці – ААТ “Спецжалезабетон” (дырэктар Васіль Басевіч), у будаўніцтве – “Лунінецкая СПМК-17” (начальнік Георгій Шарыкала), у аграпрамысловым комплексе – КУП “Міжлескае” (намеснік дырэктара Іван Сідун) і РУП “Палеская станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства” (дырэктар Аляксандр Юзупанаў), у гандлі – аддзел рабочага забеспячэння станцыі Лунінец ААТ “ДОРОРС” (дырэктар Анатоль Паўловіч), у сферы паслуг – раённы вузел электрасувязі (начальнік Ігар Шурпік), сярод выканаўчых камітэтаў – Мікашэвіцкі гарвыканкам (старшыня Галіна Сыцэвіч). За перамогу ў раённым спабор-ніцтве Дыпломаў райвыканкама ўдастоены калектывы ВПУП “Вікторыя” (дырэктар Таццяна Удавенка), цэнтральнай раённай аптэкі №68 (загадчыца Аляксандра Агіевіч – на здымку), Лахвенскага сельвыканкама (старшыня Людміла Пашкевіч), сярэдняй школы №2 г. Лунінца (дырэктар Мікалай Гарадкавец), Сінкевіцкай участковай бальніцы (загадчык Анатоль Ляўковіч), гарадскога Дома культуры (дырэктар Генадзь Шэўчык).

Эстафета перамог працягнулася падвядзеннем вынікаў агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы ў 2017 го-дзе па ахове працы сярод арганізацый вытворчай сферы. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі калектывы ПМК-59 (начальнік Міхаіл Вайтовіч), філіял “Аўтапарк №10 г. Лунінца” (дырэктар Сяргей Кіндрук) і РУВП “Граніт” (генеральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч).

Самым масавым, бадай, стала ўшанаванне пераможцаў раённага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне тэрыторый і аб’ектаў. Дыпломамі і грашовымі сертыфікатамі заахвочаны: сярод прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання – райспажыўтаварыства; бытавога абслугоўвання і паслуг – водаканал; прамысловых прадпрыемстваў г. Лунінца і г. Мікашэвічы – лясгас; устаноў аховы здароўя – цэнтральная раённая бальніца; устаноў адукацыі – СШ №1  райцэнтра; арганізацый спорту і турызму – РФСК “Здароўе”; устаноў культуры – цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма; грамадскіх будынкаў – рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”; будынкаў і тэрыторый аграпрамысловага комплексу – ААТ “Лунінецкі малочны завод”; будынкаў і тэрыторый будаўнічага комплексу – ДРБУ-101; прадпрыемстваў транспарту і сувязі – УП “Еўрарэйс”; тэрыторый сельскіх Саветаў – Рэдзігераўскі сельвыканкам; прадпрыемстваў і арганізацый сярэдняга і малога бізнесу, прадпрымальнікаў – ВПУП “Вікторыя”; афармленне навагодняй ёлкі  – РУВП “Граніт”; прыватных падворкаў – домаўладанне лунінчанкі Валянціны Канапацкай.

У гэтым жа конкурсе Падзяк удастоены Мікашэвіцкая і Лунінецкая ЖКГ, ААТ “Спецжалезабетон”, раённая паліклініка, ГДК і дзіцячая школа мастацтваў, прыватнае сельгаспрадпрыемства “Рэдзіге-рава-Агра”, райветстанцыя, ААТ “Вулькаўскі світанак”, Дзятлавіцкі сельвыканкам, індывідуальны прадпрымальнік Зоя Канапацкая (цырульня “Южэна”). Падарункам для ўсіх гледачоў стаў канцэрт майстроў мастацкай самадзейнасці. Удзел у гаспадарчым актыве брала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Дударга.

Add Comment

Войти с помощью: