Прадпрыемства «Вікторыя»: на сувязі з космасам

У сучасным жыцці сустракаецца шмат нечаканых рашэнняў звычайных рэчаў. Вось, напрыклад, квадратная патэльня. Такая форма дазваляе зручней размясціць на ёй любыя прадукты – мясныя стэйкі і філе рыбы, кавалачкі баклажана, грэнкі і многае іншае. Выпуск такіх патэльняў не так даўно наладзілі на прыватным унітарным вытворчым прадпрыемстве “Вікторыя”. Разам з іншымі вырабамі новая прадукцыя па вартасці ацэнена пакупнікамі, у тым ліку і на міжнароднай выставе тавараў народнага спажывання “Консумэкспа-2017” у Маскве.

Работнікі, а іх сёння на “Вікторыі” больш як 150, сабраліся ў адным з вытворчых памяшканняў. Уладзімір Міхайлавіч расказаў аб асноўных выніках работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна за мінулы год.

У прыватнасці, ён адзначыў, што тавараабарот склаў 320 мільёнаў рублёў. Такім чынам адзін з важных паказчыкаў – вытворчасць прадукцыі прамысловасці – выкананы на 104,5 працэнта пры прагнозе 101,8. На экспарт накіравалі тавараў на суму больш як 38 мільёнаў долараў ЗША, імпартавалі ў два разы менш. Праз рознічны гандаль рэалізавалі прадукцыі на суму больш як 186 мільёнаў рублёў. Сярэдняя заработная плата за 12 месяцаў дасягнула 675,2 рублі, за снежань 2017-га – 865,1. Створана 10 новых мікра- і малых арганізацый. У сферы малога прадпрымальніцтва арганізавана 194 дадатковыя працоўныя месцы.

Уладзімір Кавалевіч звярнуўся да прысутных з просьбай задаваць пытанні, аднак іх не паследавала. Трэба думаць, у калектыве пануе добразычлівая абстаноўка, а ўсе ўзнікаючыя праблемы вырашаюцца на месцы. Гэта пацвердзіў у сваім выступленні намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах, старшыня прафкама Сяргей Рэбкавец. Ён адзначыў, што нягледзячы на тое, што іх прафсаюзная арганізацыя вельмі маладая і яшчэ не паспела ў поўную сілу заявіць аб сабе, яе работу нельга не заўважыць. Агульныя паступленні ў прафсаюзную “скарбонку” за мінулы год склалі 42700 рублёў, з іх – 15 тысяч членскія ўзносы, а 24400 – адлічэнні прадпрыемства. Грошы ішлі на аказанне матэрыяльнай дапамогі, набыццё падарункаў да святаў і пітной вады. Таццяна Удавенка выказала пажаданне, каб прафкам актывізаваў работу ў арганізацыі культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў і экскурсій.

Сяргей Рыгоравіч агучыў таксама паказчыкі вытворчасці. За апошнія 2 гады прадпрыемства інвеставала на ўзвядзенне склада, цэха нанясення пакрыццяў і набыццё абсталявання 3,5 мільёна рублёў. Гэта не толькі ўласныя сродкі, але і крэдытныя і лізінгавыя асігнаванні, а таксама дапамога аблвыканкама з інавацыйнага фонду. Тэмпы росту вытворчасці дасягнулі 126 працэнтаў, экспарт павялічыўся на 47, рэалізацыя прадукцыі – на 29, прыбытак ад продажу – на 42 працэнты. Нягледзячы на тое, што магутнасці ўзрастаюць, на 12 працэнтаў знізілі энергаёмістасць.

За 20 год існавання “Вікторыя” вырасла да прадпрыемства закончанага цыкла, што дазваляе цяпер працаваць над цэнавай палітыкай. Ёсць дастатковы рэзерв, каб вырабляць у месяц да 200 тысяч адзінак прадукцыі. Пры гэтым неабходна бераж-ліва ставіцца да эканоміі, прычым, на кожным працоўным месцы. На гэтым засяродзілі ўвагу кіраўнікі прадпрыемства, выступаючы перад калектывам.

Арыентуючыся на патрэбы рынку, лунінецкія вытворцы выпускаюць сёння больш за 170 відаў алюмініевага посуду. Спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца. Калі ідэйным натхняльнікам з’яўляецца Таццяна Удавенка, то рэалізацыя задумак – справа яе мужа Юрыя Плаксіна. Аб’яднаўшы здольнасці і талент, яны зазірнулі ў заўтрашні дзень – тэхналогіі выкарыстоўваюць самыя перадавыя. Скажам, метад нанясення напылення на патэльні запазычылі ў касмічнай галіны.

Не без гонару Таццяна Удавенка правяла экскурсію па прадпрыемстве. Сведчаннем таго, што прадукцыя не раз перамагала ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды, якія размешчаны ў фае адміністрацыйнага будынка.

– Беларускі рынак для нас стаў цесным, трэба рухацца далей, – расказвае Таццяна Дзмітрыеўна. – З мінулага лета пачаў працаваць інтэрнэт-магазін. Сярод пакупнікоў не толькі суайчыннікі, але і грамадзяне Арменіі, Малдовы, Расіі і нават ЗША. У бліжэйшы час плануем наладзіць выпуск патэльняў для індукцыйных пліт. Зараз гэтая прадукцыя папулярная ў еўрапейскіх краінах і наогул за мяжой. Якасць – гарантуем. У нас створана спецыяльная лабараторыя, дзе інжынер Крысціна Стралюк праводзіць неабходныя выпрабаванні і тэсты. Каб сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі ў модзе на посуд, наведваем міжнародныя выставы. Бліжэйшая з іх “Ambiente” адбудзецца ў Франкфурце-на-Майне, дзе свежыя ідэі, высакаякасны тавар і аксесуары прадставяць шматлікія вытворцы… 

Праходзячы па цэхах, уразілі ўмовы працы, парадак на вытворчасці і стаўленне работнікаў да справы. Тут добрыя заробкі. А яшчэ – кожны супрацоўнік “Вікторыі” не ў меншай ступені, чым заснавальнікі, ганарыцца тым, што мае дачыненне да вырабу посуду найвышэйшай якасці.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: