Працуем  на перспектыву

На мінулым тыдні Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь правялі ІІІ форум “Роля рэгіянальных СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”.

У межах мерапрыемства прайшло адкрыццё выставы “Прафтур-2018”,  дзе быў прадстаўлены практычна ўвесь турыстычны патэнцыял Беларусі. Многіх цікавілі прапановы замежных тураператараў. Захапляючыя падарожжы абяцалі Расія, Грузія, Украіна, Азербайджан…

– Гэтае мерапрыемства – наш, прафсаюзны, уклад у развіццё такога важнага і патрэбнага накірунку для Беларусі, як турызм… Турызм дае дадатковыя стымулы для развіцця іншых сфер – гандлю, грамадскага харчавання, транспарту і іншае. Паяўляюцца новыя магчымасці для самазанятасці людзей, што таксама для нас вельмі важна, – сказаў, адкрываючы выставу, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда (на верхнім здымку – разам з Таццянай Хміль і Аленай Манкевіч).

Асаблівую ўвагу ўдзялілі арганізатары так званаму прамысловаму турызму. Прадпрыемствы ўсіх галін – ад харчовай да машынабудавання – гатовы прадставіць свае прапановы ў гэтай сферы. Здзівіла гасцей яркая анімацыйная праграма, дзякуючы якой наведвальнікі змаглі “трапіць” у мінулае, здолець ацаніць, як мяняліся  густы беларусаў ад сярэднявечча да сучаснасці.

Пашчасціла на сустрэчу з вядомым вядучым кулінарных шоу, трохразовым уладальнікам “Крыштальнай савы” і “Брыльянтавай савы”  ў клубе знатакоў “Што? Дзе? Калі?”, пісьменнікам Барысам Бурдой (на здымку). Тэлевядучы прадстаўляў на выставе Украіну, захоплена расказваючы пра “інтэрнацыянальны горад Адэсу” і незабыўны адпачынак у Затоцы.

Шырока былі прадстаўлены прафсаюзныя санаторыі. Жадаючыя на месцы маглі ўпэўніцца ў перавагах навейшага медыцынскага абсталявання, якое знахо-дзіцца ў здраўніцах, паласавацца кіслароднымі кактэйлямі, атрымаць асалоду ад беларускіх травяных чаёў.

У той жа дзень у журналістаў была магчымасць наведаць майстар-класы “акул пяра” з рэспубліканскіх СМІ. А на наступны – усіх запрасілі на пленарную нараду. Звяртаючыся да журналістаў, Міхаіл Орда выказаў спадзяванне на шчыры дыялог, прапанаваў актыўна задаваць пытанні, у тым ліку і з разраду тых, якія прынята называць “нязручнымі”. Пасланцы рэгіёнаў ахвотна скарысталіся гэтай прапановай.

Адразу некалькі запытаў датычылі кантрактнай сістэмы найму работнікаў.  Улічваючы тое, што Міхаіл Орда неаднаразова падкрэсліваў, што ніхто не адмяняў бестэрміновых працоўных дагавораў, прагучала пытанне, ці захаваюцца ў гэтым выпадку прэферэнцыі, якія дае кантракт? Як высветлілася, такое права ў наймальніка ёсць. Пры гэтым работнік павінен мець магчымасць выбару і ўпэўненасць у тым, што пры любым раскладзе ў яго распараджэнні будуць дадатковыя меры па абароне правоў.

З разуменнем паставіўся лідар грамадскай арганізацыі да прэтэнзій наконт таго, што сёння пры ацэнцы працы рэдактараў, ды і ўвогуле журналістаў, даводзіцца кіравацца састарэлымі дакументамі больш як дзесяцігадовай даўніны. Ён паабяцаў, што выйдзе ў Савет Міністраў з прапановай па ўдасканаленню адпаведных пастаноў. Кіраўніка Федэрацыі падтрымала начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Хміль.

Таццяне Мікалаеўне давялося даваць тлумачэнні і па яшчэ адным надзвычай актуальным запыце. Пытанне датычыла зместу і дакладнасці  інфармацыі, якая выкладваецца ў сацыяльным сеціве. На думку апанентаў, па сутнасці, адказнасці за яе ніхто не нясе.

– Насамрэч, гэта не так, – пад-крэсліла Таццяна Хміль. – Згодна з заканадаўствам, за шматлікія парушэнні, прапаганду шкодных звычак, у прыватнасці – наркотыкаў, толькі летась была прыпынена работа больш як 500 сайтаў.

Адначасова яна згадзілася з тым, што падыходы да ацэнкі змесціва “сусветнага павуціння” павінны быць больш прынцыповымі і выверанымі.

Гучалі ў ходзе сустрэчы пытанні пенсійнага забеспячэння, якія Міхаіл Орда назваў вельмі актуальнымі. Адначасова ён заўважыў, што рэспубліканскі бюджэт пакуль не дазваляе ўзняць пенсіі да памераў, якія б задавальнялі ўсіх. Прычын таму мноства. І першая – дэфіцыт дзяржаўнай казны і дысбаланс паміж колькасцю працуючых і колькасцю атрымальнікаў пенсій і дапамог.

Імпанавала, што да мікрафона актыўна падыходзілі маладыя журналісты. Што іх хвалявала? Магчымасць пераразмеркаван-ня, стварэнне належных сацыяльна-бытавых умоў пры накіраванні на працу. А яшчэ маладыя калегі з трывогай гаварылі пра тое, што ў журналістыцы паступова знікае інстытут настаўніцтва. З выхадам на заслужаны адпачынак “мэтраў” пяра ў раёнках ім проста няма ў каго вучыцца адчуванню слова, стылю, жыццёвай мудрасці, якая дапамагае разбірацца ў самых складаных сітуацыях.

– Ведаеце, зусім нядаўна давялося пабываць на прадпрыемстве, якім на працягу 20 год кіруе чалавек даволі сталага ўзросту. І ні ў кога не ўзнікае думкі, што гэтаму кіраўніку пара на заслужаны адпачынак, бо прадпрыемства эканамічна трывалае, калектыў мае нядрэнныя заробкі, сацыяльныя гарантыі, якія нязменна выконваюцца. Ды і душой чалавек застаецца малады, сваім жыццём і стаўленнем да работы дэманструючы юнакам і дзяўчатам узор сапраўднага настаўніцтва. Тое ж і ў журналістыцы, – упэўнены Міхаіл Орда.

Майстар-клас па пошуку выйсця з самых складаных сітуацый прапанавала прысутным намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч.

Прыемным момантам стала ўзнагароджванне. Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі, акрамя аўтара гэтых радкоў, адзначана галоўны рэдактар ААТ “Буг-ТВ” Ларыса Асмаловіч, а Падзяку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі атрымаў загадчык аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем Жабінкаўскай газеты “Сельская праўда” Анатоль Бензярук.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.