Прамая лінія «ЛН»: адказваюць супрацоўнікі ДАІ

У аўторак, 6 лютага ў рэдакцыі “ЛН” прайшла “Прамая лінія” з удзелам в.а. начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС старшага інспектара Андрэя КАНАПАЦКАГА і старшага інспектара па адміністрацыйнай практыцы ДАІ Сяргея ВАЛЬКО. Пытанняў было шмат.

– Хацеў бы ўдакладніць, ці насамрэч адменены штраф за забытае вадзіцельскае пасведчанне?

– З 1 лютага 2018 года ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП) і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКоАП). У прыватнасці, адменена спецыяльная норма (арт. 18.18 КоАП), якая ўстанаўлівала адказнасць за адсутнасць пры сабе дакументаў, прадугледжаных Правіламі дарожнага руху (ПДР). Тым не менш, вадзіцелям няварта гэтым злоўжываць. Нягледзячы на тое, што працэдура праверкі па адпаведных базах дадзеных будзе патрабаваць пэўнага часу, а ў сістэме можа адсутнічаць інфармацыя аб дакументах, выдадзеных даўно, злосныя парушальнікі без пакарання не застануцца. Больш таго, цяпер вадзіцель можа быць прыцягнуты да адказнасці па ч.5 арт. 18.22 КоАП (іншыя парушэнні). Згодна з ёй, у выпадку адсутнасці патрэбных дакументаў вы можаце быць прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры 0,5  базавай велічыні (БВ). За паўторнае на працягу года ўпраўленне транспартным сродкам асобай без права кіравання прадугледжаны нават арышт на тэрмін да 15 сутак. У гэтым выпадку пакаранне выносіць суд. Акрамя гэтага, па ч.2 арт.18.19 КоАП асоба, якая ўпраўляе транспартным сродкам не маючы на гэта права (пазбаўлена гэтых правоў ці ніколі іх не мела) паўторна на працягу года трапляе ў поле зроку праваахоўнікаў, то толькі ў гэтым выпадку справа накіроўваецца ў суд. Калі ж спадарожна гэтая асоба ўчыніла парушэнне, за якое прадугледжана пакаранне арт.18.14 ад ч.1 да ч.12 (парушэнне правілаў манеўрыравання, размовы па тэлефоне, ігнараванне знакаў, няпропуск пешаходаў, стварэнне аварыйнай абстаноўкі і іншае), то пратакол састаўляецца па ч.10 арт. 18.14 КоАП, разглядае які начальнік ДАІ. І санкцыя прадугледжвае пазбаўленне права кіраваць аўтатранспартам на тэрмін да 2 год. У любым выпадку, якія б змяненні і дапаўненні не ўносіліся ў заканадаўства, дзяржаўтаінспектары закліканы пільна сачыць за парадкам на дарогах.

– А як часта прымяняецца такая мера, як вуснае папярэджанне?

– Магу сказаць адразу, што злосным парушальнікам разлічваць на гэта няварта. Вусная заўвага можа быць прыменена толькі да тых, хто раней не меў ніякіх канфліктаў з законам. Гэта можна дакладна высвятліць па базе дадзеных.

 

– Калі еду па правілах, нічога не парушаю, ці можа супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі без якой бы то ні было яўнай прычыны мяне спыніць?

– Супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі можа спыніць транспартны сродак у любым выпадку, і вадзіцель абавязаны падпарадкавацца гэтаму патрабаванню. Правяраецца ж не толькі наяўнасць вадзіцельскага пасведчання, але і допуск да ўдзелу ў дарожным руху, страхавыя дакументы, урэшце, ваш фізічны стан.

– А калі гэта цёмны час сутак, дзяржаўтаінспектар не на службовым аўтамабілі – як быць тады?

– Па-за межамі населенага пункта супрацоўнік міліцыі пры патрабаванні спыніцца павінен быць абавязкова на службовым аўтамабілі з уключанымі пробліскавымі маячкамі сінега колеру. У населеным пункце гэта неабавязкова. Дастаткова, каб супрацоўнік быў у форме са святлоадбіваючымі элементамі, падаваў зразумелы для вас знак спыніц-ца спецыяльным жэзлам, які свеціцца ў цёмны час сутак. Да таго ж, у нашым распара-джэнні ёсць аўтамабілі так званага грама-дзянскага выканання, якія часта выкарыстоўваюцца для вядзення кантролю за сітуацыяй на дарогах, у прыватнасці, пры выяўленні парушэнняў хуткаснага рэжыму. Урэшце, вас могуць спыніць для таго, каб папярэдзіць, што далей па трасе адбылося дарожна-транспартнае здарэнне ці, скажам, праводзіцца следчы эксперымент, і праезд у сувязі з гэтым часова перакрыты.

– Яшчэ пытанне. Калі першы раз выяўлена адсутнасць дакументаў аб праходжанні тэхагляду, якое пакаранне пагражае?

– Згодна з ч.5 арт.18.12 КоАП за такое парушэнне прадугледжана папярэджанне ці штраф у памеры ад 1 да 3 БВ. Але павінен сказаць, што папярэджанне прымяняецца дастаткова рэдка і толькі да тых удзельнікаў дарожнага руху, якія раней не мелі канфліктаў з законам. Калі па базе інспектар выявіць, што ў вас там 5 ці 10 парушэнняў ПДР, неаднаразова вы прыцягваліся за парушэнне тэрмінаў праходжання тэхнічнага агляду транспартнага сродку, разлічваць на папярэджанне няварта.

 

– Тэлефаную да вас з просьбай. Скажыце, ці магчыма арганізаваць дзяжурства супрацоўніка Дзяржаўтаінспекцыі каля СШ №№2 і 4, дзіцячага сада №3 у Лунінцы, дзе кожную раніцу проста неймаверная колькасць аўтамабіляў, якія спыняюцца ў самых непрыдатных месцах, у тым ліку і на пешаходных пераходах, ствараючы рэальную пагрозу для дзяцей, якія ідуць з бліжэйшых дамоў? Сама была сведкам, калі з-за такога гора-вадзіцеля пад колы аўтамабіля ледзь не трапіла дзяўчынка-другакласніца… Мне здаецца, сама прысутнасць чалавека ў форме ўжо магла б стаць дысцыплінуючым фактарам, у тым ліку і на будучае.

– Зразумеў вас, дзякуй за пытанне. Мы даўно трымаем у полі зроку гэтую праблему. І калі вашы дзеці ходзяць у СШ №2 г. Лунінца, то вы не маглі не заўважыць, наколькі ў лепшы бок там змянілася сітуацыя ў арганізацыі дарожнага руху. У мэтах бяспекі ўжо ўстаноўлены турнікеты, якіх раней не было. Асветленасць пешаходных пераходаў нараканняў не выклікае, устаноўлены магутныя святлодыёдныя лямпы, што дазволіла павялічыць бачнасць у некалькі разоў. Да таго ж, на праезнай частцы абноўлена разметка, адрамантавана асфальтавае пакрыццё, у тым ліку і на “пятачку”, дзе большасць машын разварочваецца для руху ў зваротным накірунку. Вядома ж, і каля гэтай школы, і каля СШ №4, названага вамі дзіцячага сада №3 даўно наспела магчымасць абсталяваць спецыяльныя “кішэні”, куды вадзі-целі маглі б заязджаць для высадкі і прыняцця пасажыраў. Мы не толькі вывучаем такую магчымасць, але і зрабілі адпаведныя замеры – шырыня праезнай часткі дазваляе абсталяваць названыя прыстасаванні, пастараемся планы гэтыя ажыццявіць. Усё, што залежыць ад нас, выканалі. Будзем выходзіць з прапановай у камісію па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме. Што датычыць дзяжурства… Падазраю, што прысутнасць там дзяржаўтаінспектара ўпаўне можа стаць прычынай некаторага дарожнага “калапсу”, які ўсё-такі непажаданы, асабліва ў гадзіны “пік”. Урэшце, усё залежыць ад выхаванасці вадзіцеляў і іх жадання быць паважлівымі ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху і законапаслухмянымі пры выкананні патрабаванняў ПДР.

 

– Ці хутка ў Мікашэвіцкім аддзяленні РАУС паявіцца штатная адзінка зяржаўтаінспектара?

– Дарожная бяспека ў Мікашэвічах трывожыць нас пастаянна: горад лідзіруе па колькасці грубых парушэнняў ПДР. Сёння ў штаце Дзяржаўтаінспекцыі – 11 чалавек. Некамплект – шэсць адзінак. Пяць з іх – інспектары плюс вакансія начальніка Дзяржаўтаінспекцыі.  У нас быў інспектар, які жыў у Мікашэвічах і працаваў там у аддзяленні. Але сёння, на жаль, вымушаны канстатаваць, што супрацоўнікаў не хапае. Няма пастаяннага інспектара і ў Мікашэвічах, таму даводзіцца рэгулярна туды выязджаць, што, магчыма, не самым лепшым чынам уплывае  на дарожную сітуацыю. Дапамагаюць нам спецпадраздзяленні УУС аблвыканкама “Буг”, якія падчас сваіх рэйдаў штораз выяўляюць нямала сур’ёзных парушэнняў ПДР, затрымліваюць ва-дзіцеляў за рулём у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення. Варта сказаць, што сёння ідзе актыўная работа па ўкамплектаванню аддзялення ДАІ. Як толькі яна будзе завершана, у Мікашэвічах прыступіць да работы дзяржаўтаінспектар. Адначасова хачу да вас і ўсіх жыхароў Мікашэвіч звярнуцца з просьбай. Калі вам вядомы факты грубага парушэння ПДР, калі вы заўважаеце за рулём п’янага вадзіцеля, або ведаеце, што той ці іншы гараджанін пазбаўлены права кіраваць аўтамабілем, але ўсё роўна садзіцца за руль, паведаміце ў Дзяржаўтаінспекцыю па тэлефоне 102. Мы адразу прымем меры, падключыўшы патрульна-паставую службу, ахову, іншыя падраздзяленні. Магчыма, ваша неабыякавасць дапаможа папярэдзіць бяду. Ананімнасць гарантуецца.

– Яшчэ пытанне. Не за гарамі вясна. З наступленнем цяпла актывізуюцца матацыклісты. У нас зноў паявяцца на вуліцах начныя гонкі, калі ад гулу рухавікоў не выратоўваюць трайныя шклопакеты. Ці можна прыструніць гэтых байкераў?

– Гэта праблема не толькі Мікашэвіч, але і многіх іншых гарадоў. Зусім нядаўна ў Брэсце прайшла спецыяльная нарада, дзе асаблівая ўвага была ўдзелена менавіта матацыклістам. Вымушаны канстатаваць, што пакуль заканадаўствам не прадугледжана адказнасць за спаборніцтвы, у ходзе якіх гоншчыкі дэманструюць сваё ўменне вадзіць матацыкл на мяжы разумнага і дазволенага. Гэта і язда на заднім коле, праходжанне паваротаў на максімальна магчымай хуткасці ў кіруемым заносе і іншыя выкрутасы. Але ў заканадаўства ўжо ўнесены адпаведныя прапановы і не сёння-заўтра будуць зацверджаны змяненні, якія прадугледжваюць строгую адказнасць для такіх ліхачоў.

– Карыстаючыся выпадкам, хачу прасіць дапамогі. Нядаўна ў Пінскім МРЭА рэгістравалі аўтамабіль. Патрацілі на гэта два дні. Мала таго, што камп’ютары пастаянна “завісалі”, не было дзе правесці патрэбныя плацяжы: закрылі не толькі аддзяленне банка, але і дэманціравалі інфакіёск. Нават тэрмінала звычайнага, каб аплаціць банкаўскай карткай няма! Чаму ніхто не думае пра людзей? Магчыма, разумным было б, улічваючы вялікую колькасць аўтамабіляў у нашым раёне, адкрыць у Лунінцы філіял аддзялення МРЭА?

– Пытанне не новае, і адназначна сказаць, што можна спадзявацца на станоўчае яго вырашэнне, нельга. Зазначу толькі, што, акрамя Пінска, вы можаце карыстацца паслугамі Столінскага МРЭА.  Адлегласць прыкладна аднолькавая. Сам нядаўна ставіў машыну на ўлік – чарга з 3 чалавек. Ёсць тэрміналы і ўсё неабходнае. Справіўся за 20 хвілін.

– Наконт адлегласці, улічваючы, што ідзе рамонт моста каля Турава, не згаджуся…

– Ну, гэта часова. Што датычыць пытання аплаты за паслугі… Выйдзем з адпаведнай прапановай да начальніка Пінскай Дзярж-аўтаінспекцыі, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца МРЭА. Тым больш, што да гэтага Аляксандр Іванавіч Дзяшкевіч працаваў у нашым раёне. Будзем спадзявацца, што ён нас пачуе.

 

– Першае пытанне датычыць пешаходнага перахода каля паліклінікі ў Лунінцы. Ці нельга там забараніць стаянку з аднаго боку? Справа ў тым, што аўтамабілі паркуюцца ледзь не на пераходзе, і вадзіцелю іншы раз вельмі складана заўважыць пешахода, які выходзіць на “зебру”. Асабліва складаная сітуацыя раніцай.

– Калі ўлічыць, што стаянка аўтамабіляў на адлегласці 15 метраў па абодва бакі ад пешаходнага перахода забаронена, то сітуацыя, якую вы акрэслілі, сведчыць, перш за ўсё, аб узроўні культуры нашых вадзіцеляў. Забараняючы стаянку знак там ставіць ніхто не будзе, а вось узмацніць кантроль за захоўваннем патрабаванняў ПДР – рэальна. Раней мы часта практыкавалі дзяжурства там супрацоўніка ДАІ. Адновім практыку.

– Яшчэ пытанне. Ці не здаецца вам, што пешаходы нярэдка нахабна вядуць сябе на дарозе? Як вадзіцель, сутыкаюся з гэтым вельмі часта. Тое ж можна сказаць і пра флікеры. Калі ў вёсцы часцей можна сустрэць абазначаных святлоадбіваючымі элементамі пешаходаў, то ў Лунінцы, асабліва на ўскраінных вуліцах, – вельмі рэдка.

– Згодны з вамі. Праблема ДТЗ з удзелам пешаходаў сёння стаіць вельмі востра. З пачатку года на Лунінеччыне зарэгістравана 3 дарожна-транспартныя здарэнні, і ўсе яны – з удзелам пешаходаў. Менавіта па гэтай прычыне значную частку свайго рабочага часу мы, а таксама іншыя супрацоўнікі РАУС, удзяляем пешаходам, веласіпедыстам, гужавому транспарту. Асабліва, зараз, пакуль светлавы дзень кароткі і рана наступаюць прыцемкі. Толькі за студзень гэтага года больш як 200 пешаходаў у Лунінцы прыцягнулі да адказнасці за парушэнне ПДР – невыкарыстанне флікераў і пераход праезнай часткі ў недазволеных месцах, што і з’яўляецца галоўнай прычынай ДТЗ. Людзям па-ранейшаму трэба прывіваць навыкі нашэння флікераў, таму работу ў гэтым накірунку будзем працягваць.

– Ну, і пытанне, якое напрамую датычыць Дзяржаўтаінспекцыі. У адзін з дзён сітуацыя  на развязцы дарогі, што вядзе на Дзятлавічы, па віне супрацоўніка ДАІ, які на службовай машыне без уключаных маячкоў выехаў пад забараняючы знак, ледзь не закончылася бядой. Рэальна падумваю пра тое, каб купіць відэарэгістратар, бо сёння даказаць (упэўнена, абгрунтаваныя) прэтэнзіі ўжо немагчыма. Ад разгубленасці нават нумар не ўбачыла. Ці не лічыце, што і самі работнікі міліцыі не заўсёды карэктна вядуць сябе на дарозе?

– Кожная наша службовая машына абсталявана відэарэгістратарамі. Акрамя гэтага, у супрацоўнікаў ДАІ на форме ёсць невялікі пераносны відэарэгістратар, які дазваляе фіксаваць усё, што адбываецца па-за службовым аўтамабілем. Пасля кожнай змены мы гэтыя відэазапісы праглядваем. І калі заўважаем факты неаб-грунтаванага парушэння ПДР ці іншых заканадаўчых дакументаў, абавязкова прымяняем меры дысцыплінарнага характару. Летась такія выпадкі былі, вінаватыя пакараны. Варта было і вам паведаміць у міліцыю ці па тэлефоне 3-26-08 (можна ананімна) аб здарыўшымся, мы б аператыўна праглядзелі запісы відэарэгістратара і ў выпадку выяўлення парушэння абавязкова адрэагавалі б. На бліжэйшых занятках з асабовым саставам яшчэ раз засяродзім на гэтым увагу.

 

– Як ставіцеся да таго, што Прывакзальная плошча ператварылася ў велізарную стаянку аўтамабіляў, якія перашкаджаюць адзін аднаму і пасажырам, што ідуць на чыгуначны вакзал. Даводзіцца ледзь не ўшчыльную прабірацца паміж машынамі, баючыся выпэцкацца ў бруд. У той жа час непадалёк – платная стаянка, якая пустуе.

– У свой час была праведзена рэканструкцыя Прывакзальнай плошчы – дэманціравалі памятны знак, абнавілі асфальтавае пакрыццё, нанеслі разметку, якая поўнасцю адпавядае рэкамендацыям спецыялістаў. Вы таксама зразумейце, што сёння ў раёне больш як 44 тысячы адзінак тэхнікі, і лічба гэтая павялічваецца. Ведаю, што некаторыя з гараджан увогуле патрабуюць закрыць праезд па Прывакзальнай плошчы. Але, гэта не выйсце. Забарона выкліча ўпаўне зразумелае абурэнне тых, хто спяшаецца на цягнік, а таксама пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі прытрымлівацца разметкі і патрабаванняў ПДР, ніякіх праблем там быць не павінна, усё прадугле-джана. Проста іншы раз недысцыплінаваныя вадзіцелі гэтыя правілы ігнаруюць, чым ствараюць дадатковыя складанасці сабе і іншым. Звернем на іх асаблівую ўвагу. Магчыма выйдзем з прапановай абмежаваць час стаянкі там аўтамабіляў.

 

– Калі абнаўлялі дарожную разметку ў Лунінцы, чамусьці пакінулі без увагі участак вуліцы Гагарына непадалёк ад гарадской лазні. Знак “Пешаходны пераход” стаіць, а “зебры” на асфальце няма.

– Праверым, пры неабходнасці камунальная служба атрымае адпаведнае прадпісанне. Дзякуй за падказку. Але ў любым выпадку вы павінны разумець, што неабходная разметка будзе нанесена пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я.

– Яшчэ растлумачце, ці магу я пры наяўнасці бустэра везці шасцігадовае дзіця на руках пры ўмове, што яму дрэнна, едзем да ўрача, і хлопчык катэгарычна адмаўляецца сесці асобна?

– Згодна з Правіламі, дзіця абавязкова павінна сядзець у бустэры, прышпіленае рамянямі бяспекі. Але ёсць яшчэ жыццёвыя сітуацыі, калі дзіцяці насамрэч дрэнна. Усе мы гэта разумеем, таму не думаю, што ў такім выпадку дзяржаўтаінспектар прыцягне вас да адказнасці. А ўвогуле варта абавязкова памятаць, што ўсе гэтыя меры бяспекі – перасцярога ў імя жыцця і здароўя дзяцей, таму ігнараваць іх ні ў якім разе нельга.

 

– Дастаткова часта езджу па Лунінцы і заўсёды заўважаю месцы, дзе не хапае тых ці іншых дарожных знакаў. Першае: на вуліцы Гомельскай пры перасячэнні яе з Палескай няма знака прыярытэту, які б вызначаў галоўную дарогу. Другое: на вуліцы Чырвонай пры павароце да дома №117 адрэзак дарогі ўздоўж будынка КБА вельмі вузкі. Нягледзячы на тое, што побач дзве пляцоўкі для стаянкі аўтамабіляў, тут заўсёды шмат прыпаркаваных машын, якія перашкаджаюць раз’язджацца іншаму транспарту. Магчыма на гэтым участку варта паставіць знак “Стаянка забаронена”, адначасова ўказаўшы накірунак месцаў для паркоўкі? Трэцяе: пры замене цеплатрасы каля Дома культуры дэманціравалі знак “Уезд забаронены”, і цяпер на пляцоўцы каля Цэнтра дзіцячай творчасці заўсёды шмат машын, з-за якіх не кожны вадзіцель заўважыць малышню, што так і спрабуе выбегчы на праезную частку. Ды і “дрыфт” аматараў хуткасці  па плошчы Леніна не на карысць ці не адзінаму ў горадзе месцу адпачынку, дзе любяць гуляць дзетвара і мамы з каляскамі. Чацвёртае: зусім няшкодна было б пазначаны на праезнай частцы разметкай “Рух па палосах” на перакрыжаванні каля гандлёвага цэнтра “Магніт” прадубліраваць адпаведнымі знакамі. Як паказвае практыка, стрэлкі на асфальце далёка не для ўсіх вадзіцеляў вызначаюць зразумелы для іншых рух іх аўтамабіляў.

– Вывучым усе названыя вамі вуліцы і перакрыжаванні, і калі насамрэч будзе выяўлена неабходнасць абсталявання іх тымі ці іншымі дарожнымі знакамі, абавязкова накіруем адпаведнае прадпісанне камунальнай службе.

 

– Не так даўно выйшла замуж, памяняла прозвішча. Скажыце, ці трэба мяняць адзіцельскае пасведчанне?

– Калі атрымалі пасведчанне?

– У 2012 годзе.

– Значыць, яно сапраўднае ў вас да 2022 года. Вось да гэтага часу і можаце ім бесперашкодна карыстацца ў межах нашай краіны. Адначасова пажадана вазіць з сабой пашпарт, які б пацвердзіў факт змены прозвішча. Адзінае, што не рэкамендаваў бы, – выязджаць з такім пасведчаннем у далёкае замежжа.

 

Пытанне ад «Лунінецкіх навін».

Сапраўдную недарэчнасць можна ўбачыць на вуліцы Прыпяцкай у райцэнтры. Тут на адной і той жа стойцы прымацаваны два дарожныя знакі. Адзін з іх забараняе стаянку аўтатранспарту, другі – дазваляе, вызначаючы месца для паркоўкі. Якім кіравацца? (Фота).

– Магчыма, пад знакам, які абазначае паркоўку, раней была прымацавана стрэлка, якая ўказвала месца яе размяшчэння. Так ці інакш – выправім.

Ад рэдакцыі.  Адразу пасля “Прамой лініі” знак “Паркоўка” са стойкі быў зняты. 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: