«Міс Сняжынка-2018» сабрала поўную залу гарадскога Дома культуры

Падобныя святы ў нашым горадзе не рэдкасць. У кожным з іх удзельнікі ўмеюць прыемна здзівіць гледачоў. Але калі на сцэну выходзяць першаклашкі і ўпэўнена глядзяць у вочы прысутных, роўна трымаюць спінкі і какетліва ўсміхаюцца – тут можна абысціся без каментарыяў. Дзіцячае абаянне і непасрэднасць запомняцца кожнаму.

Яны яшчэ толькі выходзілі на сцэну падчас прадстаўлення, а нам, пяці членам журы, стала зразумела, што задача ў  вышэйшай ступені няпростая… Усе дзевяць дзяўчынак – чароўная Лізавета Лукашэвіч, упэўненаяя Аліна Богдан, кранаюча-мілая Маргарыта Слабадзіна, “дзюймовачка” Ганна Жук, абаяльная Мілана Чарнавокая, грацыёзная Аляксандра Ярмац, артыстычная Рэната Чарнавокая, пяшчотная Карына Гавяйновіч, выпраменьваючая пазітыў Магдаліна Дырда – заслугоўвалі тытулу самай лепшай, самай прыгожай, самай таленавітай.  І такімі яны, безумоўна, з’яўляюцца для сваіх бацькоў, бабуляў, дзядуляў! Крыкі «брава» і апладысменты падтрымлівалі малышак увесь вечар. Сваякі прыйшлі падрыхтаванымі – з вялікімі плакатамі і букетамі кветак.

Па традыцыі падобныя мерапрыемствы пачынаюцца з аповяду пра сябе. Тут адразу было відаць, што на падрыхтоўку затрачана шмат часу: дзяўчынкі прыгожа гаварылі, трымаліся на сцэне, праяўлялі акцёрскае майстэрства. Усе ўдзельніцы зрабілі прэзентацыі або відэаролікі, з якіх журы і гледачы даведаліся пра іх захапленні і мары.

Несумненна, самы яркі творчы конкурс «Зімовы серпантын» паказаў не толькі ўменне канкурсантак, але і іх бацькоў, а дакладней – згуртаванасць сям’і. Некаторыя дзяўчынкі выходзілі разам з татамі, надаючы тым самым яшчэ большую замілаванасць мера-прыемству.

Цікавым стаў інтэлектуальны конкурс, дзе маленькія прынцэсы адказвалі на пытанні вядучых і адгадвалі музычныя кампазіцыі з мультфільмаў. Усе спра-віліся на “ўра”. Хтосьці ўзяў развагай, іншая – гумарам.

У завяршальным «Казачна-чароўным дэфіле» дзяўчынкі прайшліся па сцэне, паказваючы сваё пачуццё стылю і ўменне пазіраваць на фота-відэакамеру. Ні адна з іх не баялася ўспышак і пражэктараў, а паветраныя пацалункі адзін за адным «ляцелі» да гледачоў. 

Але, захапляючыся іх дзіцячай прыгажосцю і абаяннем, трэба было размеркаваць іх па розных прыступках умоўнага п’едэстала гонару, і толькі адной – надзець на галаву запаветную карону. Журы пайшло правераным спосабам: агульная колькасць балаў за ўсе конкурсы вырашыла сваю справу. Тытул «Міс Сняжынка-2018» заваявала Рэната Чарнавокая. Першай віцэ-міс выбралі Ганну Жук. Другой – Мілану Чарнавокую. Шэсць іншых, не менш чароўных юных лэдзі, таксама атрымалі падарункі і сталі пераможцамі ў розных намінацыях: «Міс Сняжынка глядацкіх сімпатый» – Магдаліна Дырда, «Міс Сняжынка – Зачараванне» – Лізавета Лукашэвіч, «Міс Сняжынка – Усмешка» – Маргарыта Слабадзіна, «Міс Сняжынка – Элегантнасць» – Карына Гавяйновіч, «Міс Сняжынка – Фотамадэль» – Аляксандра Ярмац, «Міс Сняжынка – Натхненне» – Аліна Богдан.

Хочацца спадзявацца, што незалежна ад кошту падарунка і надпісу на стужцы, кожная з іх атрымала добры настрой і станоўчы вопыт, якія дапамогуць у жыцці. 

Add Comment

Войти с помощью: