Выпрабаванні не кожнаму гатунку пад сілу

Сёлетняя зіма дазваляе вяскоўцам практычна не спыняць работы па дастаўцы на палеткі арганікі. Да чарговага сельскагаспадарчага сезона разам з іншымі рыхтуюцца і працаўнікі размешчанага ў Дрэбску сортаўчастка дзяржаўнага прадпрыемства па выпрабаванню і ахове сартоў раслін.

Як расказаў яго загадчык Сяргей Грыневіч, сваю дзейнасць калектыў з 4 чалавек вядзе на землях дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі”. Калі ў папярэднія гады сезон пачынаўся з праблемы, дзе ўзяць арганіку пад пасевы, то сёлета пра гэта паклапаціліся ў дзяржаўным прадпрыемстве. На палеткі сортаўчастка яны ўжо даставілі 638 тон угнаення.

– Вельмі прыемна, што ў гаспадарцы дбайна клапоцяцца пра захаванне ўрадлівасці глебы і разумеюць важнасць справы, якой мы займаемся, – кажа Сяргей Рыгоравіч. – Штогод на нашым участку вядуцца выпрабаванні як айчынных, так і замежных гатункаў і гібрыдаў азімых жыта і трыцікале, яравых ячменю і аўса, сланечніка, соі, кукурузы на зерне і бульбы. Кожны новы выпрабоўваемы гатунак параўноўваецца са стандартам. Часам вынікі атрымліваюцца вельмі цікавыя. Так, летась на ўчастку праводзілі конкурснае выпрабаванне 37 гатункаў бульбы, сярод якіх 7 – айчынных, 10 – з Германіі, 15 – з Нідэрландаў. Акрамя іх у  якасці стандарта ў кожнай групе спеласці кубняў выступалі пяць айчынных гатункаў. Дык вось у ранняй групе спеласці лідарамі па ўраджайнасці аказаліся нідэрланд-скія “Раномі” і “Карэра”, адпаведна 518 і 456 цэнтнераў з гектара, на трэцім месцы – германскі “Крысцель” – 418. У сярэднеранняй групе не было роўных  германскай “Данаце”, якой на круг атрымалі 634 цэнтнеры. Яна пабіла рэкорд 23-гадовай даўніны, устаноўлены “Скарбам”. Добры вынік паказалі таксама замежныя “Музыка”, “Капціва”, “Гермоза”, “Рыкарда”, “Фортус”,  “Дамарыс” – ад 630 да 450 цэнтнераў з гектара. Выпрабоўваемыя ў гэтай групе айчынныя “Маніфест” і “Фальварак” паказалі вынік 433 і 380 ц/га.

У сярэдняй групе спеласці зноў даказаў сваю непераможную сілу “Скарб”. Яго ўраджайнасць склала 541 цэнтнер з гектара, тады як бліжэйшыя да яго нямецкія “Ніксе” і “Балтык Розэ” – 490 і 478. А вось у сярэднепозняй групе нідэрландская “Мелодыя” перавысіла беларускую “Рагнеду” на 54 цэнтнеры. Яе ўраджайнасць склала 610. Заслугоўваюць увагі і вынікі ў гэтай групе гатункаў “Алуэт” (Нідэрланды) і “Нара” (Беларусь).

Важнае значэнне мае вага клубняў. З выпрабоўваемых гатункаў у 11-ці сярэдняя маса бульбін перавысіла 100 грамаў.  А вось самымі “разварваемымі” аказаліся беларускія “Гармонія” і “Крок”, якія назапасілі 18,1 працэнта крухмалу. Яшчэ 14 гатункаў яго маюць больш як 13 працэнтаў, што таксама аднесла іх да “разварваемых”.

Вышэйшую адзнаку па смакавых якасцях атрымалі 11 гатункаў, але толькі два з іх “Даната” і “Нара” аказаліся ўрадлівымі. Смачнымі, але невысокімі па ўраджайнасці былі нямецкія “Медысон” (177 ц/га) і “Кібіц” (212 ц/га), а таксама беларускі “Талачынскі” (278 ц/га).

Для таго, каб трапіць у пералік раяніраваных, кожны гатунак павінен прайсці выпрабаванні ў сярэднім на працягу трох год. Летась такі тэрмін вытрымалі 11 гатункаў, яшчэ 10 назіраліся на працягу двух год, а 16 – выпрабоўваліся ўпершыню. Па папярэдне атрыманых выніках увагі сельгасвытворцаў заслугоўваюць 15 гатункаў бульбы. Праўда, некаторым з іх яшчэ належыць даказаць, на што яны будуць здольныя падчас сёлетняга сезона.

НА ЗДЫМКУ: загадчык участка Сяргей ГРЫНЕВІЧ, вядучы аграном Людміла АРАШКЕВІЧ, аграном I катэгорыі Фёдар ДЗМІТРОВІЧ.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.