Задымленне ў «Магніце»: праверка эвакуацыі

Пасля трагедыі, якая адбылася ў расійскім горадзе Кемерава, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў праверыць буйныя гандлёвыя цэнтры ў Беларусі. Карэспандэнт «Лунінецкіх навін» разам з выратавальнікамі выйшла ў аператыўны рэйд і даведалася, наколькі «Магніт» адказвае правілам бяспекі.


Умоўны пажар у магазіне разгарэўся ў 18.00. У будаўнічым аддзеле на першым паверсе побач з цэнтральным уваходам супрацоўнікі РАНС устанавілі спецмашыну. У лічаныя секунды будынак запоўніўся дымам і спрацавала пажарная сігналізацыя. Наведвальнікі гандлёвага цэнтра здзіўлена азіраліся. Не ўсё адразу выходзілі, але, бачачы, як пусцеюць боксы, накіраваліся да дзвярэй. Шлях ім паказвалі члены добраахвотнай дружыны з ліку супрацоўнікаў цэнтра, яны ж выклікалі пажарных. Панікі не было.


– Глядзім навіны, ведаем пра няшчасце ў Кемерава. Суперажываем трагедыі. Таму адразу здагадаліся, што трывога вучэбная, – падзялілася адна з удзельніц эвакуацыі.


Яшчэ адна наведвальніца «Магніта» прыйшла за пакупкамі разам з 5-гадовым сынам. Жанчына бадзёра паўтарала малышу:
– Не бойся, проста глядзі перад сабой і спакойна ідзі.


Усяго супрацоўнікі «Магніта» эвакуіравалі 48 чалавек. Прыехаўшым выратавальнікам паведамілі, што ў будынку засталіся людзі: дзе – невядома. Пажарныя аператыўна даследавалі памяшканне. Першага «пацярпелага» знайшлі на другім паверсе, другога – каля ўваходу ў мэблевы магазін. У кіслародных масках іх вывелі на вуліцу.


Начальнік РАНС Эдуард Санюковіч паведаміў:
– Жыхары і госці райцэнтра з разуменнем паставіліся да таго, што адбывалася ў гандлёвым цэнтры. Усё прайшло арганізавана. Мы яшчэ раз праверылі ўсе ўваходы-выхады і работу аўтаматычных сістэм бяспекі.


Нагадаю аб правілах паводзін у грамадскіх месцах, дзе здарыўся пажар. Трэба захоўваць спакой самім і заклікаць да гэтага людзей, якія знаходзяцца побач. Варта ацаніць абстаноўку і пераканацца ў наяўнасці рэальнай небяспекі. Па тэлефонах 101 ці 112 паведаміць пра здарэнне ў службу выратавання. Калі памяшканне запоўнілася дымам, адсутнічае асвятленне, паспрабаваць ісці да выхаду, трымаючыся за сцены і поручні, дыхаць праз платок або рукаў адзення, весці дзяцей перад сабой, не адпускаючы іх плечы. Дапамажыце тым, каго збілі з ног. Калі ж раптам упалі самі, устаньце на калена і, абапіраючыся аб падлогу, рэзка адштурхніцеся ад яе і выпрастайце цела. Калі пажар здарыўся ў шматпавярховым будынку, не карыстайцеся ліфтамі. Спусціцеся па лесвіцы, не паддавайцеся жаданню выскачыць у акно з вялікай вышыні. Пры немагчымасці выбрацца, знайдзіце памяшканне, не ахопленые агнём, і там чакайце дапамогі выратавальнікаў.
  

Дадаць каментарый

Войти с помощью: