Лунінеччына адсвяткала Дзень жанчын

Вялікая тайна прыроды. А яшчэ – неразгаданая загадка Сусвету, якую можна параўнаць, хіба што, з самай яркай зоркай на небе. Да таго ж, ім уласцівы непаўторная прыгажосць, далікатная пяшчота, жыццёвая мудрасць. Перад гэтымі рысамі жанчын наўрад ці ўстаяць мужчыны, што ў чарговы раз пацвердзіла ўрачыстасць з нагоды 8 Сакавіка, якая прайшла ў гарадскім Доме культуры.


Шчырыя кампліменты сыпаліся ў адрас удзельніц мерапрыемства на працягу дзвюх гадзін, калі вядучыя канцэртнай праграмы Таццяна Цяльпук і Андрэй Канапацкі не скупіліся на дасціпныя жарты і сюрпрызы. Прыемнымі момантамі было напоўнена выступленне старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко. Па яго прызнанню, усё лепшае на зямлі паяўляецца ад сонца, кахання жанчыны і цяпла матулінага сэрца. Любы мужчына імкнецца да таго, што ўвасабляе хавальніца дамашняга ачага: напаўняе свет сваёй жыццёвай энергіяй, сагравае пяшчотай і душэўнай шчодрасцю, стварае атмасферу радасці і шчасця. Лепшых прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва Лунінеччыны Аляксандр Мікалаевіч ушанаваў Ганаровымі граматамі і кветкамі.
Такую ж прыемную місію выканаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч, які падрыхтаваў цёплыя віншаванні для кожнай зямлячкі – будзь то матулі, жонкі, бабулі, сёстры, дачушкі… І жартам, і ўсур’ёз гучалі пажаданні надалей заставацца крыніцай натхнення, міласэрнасці, клопату, увагі – словам, тымі, дзеля каго мужчыны здольныя на самыя неверагодныя ўчынкі. А пра тое, што наша малая радзіма багата на такіх жыхарак – мэтанакіраваных, працавітых і спагадлівых, вяла размову старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, галоўны рэдактар газеты “Лунінецкія навіны” Таццяна Вайцяхоўская. Актывісткамі арганізацыі зроблена нямала, але ўсе сведчанні самадастатковасці і значнасці жаночага руху былі б немагчымымі без дапамогі надзейных паплечнікаў. На сцэну ўзняліся ветэраны працы Аляксандра Кулага і Галіна Мар’іна, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Ермалёнак, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Хлебус, намеснікі дырэктараў: ААТ “Лунінецкі малочны завод” – Ларыса Карпец, ААТ “Спецжалезабетон” – Тамара Меляшкевіч, РУВП “Граніт” – Маргарыта Сераокая, дырэктар РУВП “Уніформ” Вера Шаравар, загадчык сацыяльнага аддзела “Лунінецкіх навін” Наталля Паўлюкевіч. Кожнай падзякавалі за шчодрыя сэрцы і імкненне спяшацца на дапамогу, а таксама заахвоцілі падарункамі і кветкамі.
Эстафету віншаванняў прыняў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон. Граматы і каштоўныя падарункі ён уручыў бухгалтару ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” Таццяне Каховіч, выхавальніцы Лунінскай яслі-сад-сярэдняй школы Таццяне Гарагляд, старшаму аператару станцыі Лунінец Вользе Курак.

А як стараліся парадаваць сваёй творчасцю і талентам самадзейныя артысты Лунінеччыны! Безумоўна, самае шчырае замілаванне ў гледачоў выклікалі дзеткі, якія ў песнях і танцах услаўлялі сястрычак, матуль, бабуль. Зрэшты, узрост не мае значэння. Для нас галоўнае – адчуваць увагу і клопат з боку блізкіх і сяброў. Арганізатарам канцэрта гэта ўдалося, таму што навокал даносіліся шчырыя прызнанні, ад якіх вочы жанчын ззялі радасцю і ўсмешкамі.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.