Прыём грамадзян правёў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ільясевіч

Пра тое, што на Лунінеччыне правядзе асабісты прыём грамадзян начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ільясевіч, было вядома загадзя. Расказаць пра свае беды вырашылі каля дзясятка жыхароў раёна. Размова з імі доўжылася амаль чатыры гадзіны. У асобных выпадках тлумачылася гэта складанасцю ўзнімаемых праблем і нязменным жаданнем прадстаўніка Адміністрацыі ўнікнуць у кожную з іх. Мы ж вырашылі звярнуць увагу на найбольш распаўсюджаныя.

Амаль 26 год адпрацаваў тэрмістам на заводзе “Палессеэлектрамаш” 54-гадовы жыхар Лахвы. Сёння ён – інвалід ІІІ групы з адносна невялікай пенсіяй. Між тым, па перакананню мужчыны, ён мае права на льготную пенсію і мог бы атрымліваць яе яшчэ ў 51 год. Але ж, згодна са звесткамі з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, з патрэбных для атрымання пенсіі па так званым спісе №1 дзесяці год стажу работы ў асабліва шкодных і цяжкіх умовах у заяўляльніка ёсць толькі крыху больш за тры гады. Адначасова наведвальніку растлумачылі, што, пачынаючы з 10 верасня 2019 года, ён будзе мець права на пенсію па ўзросту за работу з асаблівымі ўмовамі па спісе №2. Аднак з такім раскладам былы працаўнік завода не пагадзіўся. Ідучы насустрач заяўляльніку, Аляксандр Іосіфавіч паабяцаў, што будзе створана спецыяльная камісія, якая праверыць правільнасць правядзення на заводзе атэстацыі рабочых месцаў.

Пэўны час не ўдаецца самастойна вырашыць праблему працаўладкавання адной з настаўніц. Тое, што прапаноўваюць у аддзеле адукацыі, жанчыну па тых ці іншых прычынах не задавальняе. Вакансіі, на якія прэтэндуе яна сама, па перакананню кіраўніцтва раа, патрабуюць іншай адукацыі і большага важкага педагагічнага вопыту. Менавіта таму пры іх паяўленні аддавалася перавага іншым прэтэндэнтам на вызваліўшаеся рабочае месца. Не мелі поспеху і спробы настаўніцы заняцца рэпетытарствам.

І ўсё ж выйсце з сітуацыі ёсць. Аляксандр Ільясевіч, нягледзячы на тое, што папярэдні кантракт быў скасаваны па ўзгадненню бакоў, параіў зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнай у аддзеле занятасці. Калі і надалей не ўдасца замацавацца ў якасці рэпетытара, будзе магчымасць атрымаць іншую спецыяльнасць, запатрабаваную на рынку працы. Адначасова Аляксандр Іосіфавіч пацікавіўся, да чаго ў самой жанчыны “ляжыць душа”? Яна адказала, што з задавальненнем занялася б з дзецьмі вывучэннем гісторыі роднага краю. Тым больш, што пэўныя напрацоўкі ў гэтым плане ёсць. Узяўшы пад увагу яе словы, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прапанаваў вывучыць магчымасць адкрыцця адпаведнага гуртка ў Цэнтры дзіцячай творчасці.

Яшчэ адзін з наведвальнікаў выказаў незадаволенасць работай кіраўніцтва лунінецкага гаражнага кааператыва “Вялікі”. Пэўны час гараджанін быў яго членам і нават узносы плаціў, як таго патрабаваў статут. Апошні раз – у 2013 годзе. Паколькі пасля гэтага старшыня ў кааператыве памяняўся, а ўзносаў ад заяўляльніка на працягу двух год не паступала, яго знялі з чаргі на атрыманне ўчастка пад гараж. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што ён не адзіны, хто мае прэтэнзіі да кіраўніцтва кааператыва.

Аляксандр Ільясевіч параіў мужчыне, калі ён не развітаўся з марай пабудаваць гараж, зноў стаць на ўлік маючых патрэбу ва ўчастку, уступіць у кааператыў, пасля чаго ў парадку чарговасці атрымаць жаданы надзел. Што датычыць старшыні кааператыва, то памяняць яго можа толькі агульны сход. Дарэчы, такі сход запланавана правесці ў гарадскім Доме культуры 21 сакавіка ў 18.00.

Здавалася б, выедзенага яйка не вартая сітуацыя, у якую трапіла сям’я з Велуты. Адна з дачок паступіла вучыцца ў сталічны каледж, аднак пастаянную рэгістрацыю на Лунінеччыне на часовую ста-лічную мяняць не стала. Пра тое, што дзяўчынка выехала на вучобу ў Мінск, бацькі павінны былі на працягу 7 дзён паведаміць у камунальную службу, прадаставіўшы адпаведную даведку, каб там на законнай падставе выключылі яе з членаў сям’і, на якіх налічваецца плата за вываз цвёрдых камунальных адходаў. З дакументам гаспадары сядзібы запазніліся, па іх перакананню, па слушнай прычыне. Аднак тлумачэнні ў камунальнай службе пад увагу не ўзялі і працягвалі налічваць сям’і павялічаную плату за вываз смецця. Не пагадзіўшыся з такім падыходам, людзі наогул адмовіліся ўносіць пазначаныя плацяжы. Накапілася запазыка больш як за два гады.

Да гэтага часу ўчарашняя навучэнка стала маладым спецыялістам, жыве і працуе ў Маладзечна, застаючыся па-ранейшаму “прапісанай” па месцы жыхарства бацькоў, якія нястомна дабіваюцца пераразліку за вываз смецця. Пасля ўважлівага разбіральніцтва было вырашана, што пераразлік за час, пакуль дзяўчына атрымлівала спецыяльнасць, будзе зроблены. Аднак, пачынаючы з моманту, калі яна выйшла на працу, гаспадарам давядзецца плаціць за кожнага зарэгістраванага па названым адрасе жыхара. Адначасова ім трэба будзе тэрмінова пагасіць доўг па плацяжах.

Яшчэ некалькі чалавек звярталіся з праблемамі вельмі асабістага характару. Аляксандр Ільясевіч уважліва выслухаў кожнага, распытваў, тлумачыў, тэлефанаваў у сталіцу, шчыра стараючыся дапамагчы. Некаторыя праблемы ўдалося вырашыць адразу, іншыя – застаюцца на кантролі.

У кароткай размове пасля заканчэння прыёму Аляксандр Іосіфавіч адзначыў, што праблемы, якія ўзнімалі лунінчане, практычна не адрозніваюцца ад тых, што турбуюць жыхароў іншых рэгіёнаў краіны. Людзей звычна хвалююць жыллёва-камунальныя пытанні, працаўладкаванне, стан вуліц і дарог… На жаль, іншы раз даводзіцца канстатаваць, што ўзнікаюць некаторыя з іх па прычыне абыякавасці да людскіх бед з боку кіраўнікоў асобных службаў, прадпрыемстваў ці арганізацый. “Трэба быць уважлівым да людзей, тады і непаразуменняў будзе неўпрыкмет менш”, – зазначыў начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ільясевіч.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.