Вывучэннем балот і надвор’я займаюцца метэаролагі ў Палескім

Задзейнічаны ў гэтым працэсе калектыў з 10 чалавек, сярод іх – тэхнік-метэаролаг Тамара Малейчык. На спецыяльнай пляцоўцы балотнай станцыі Палеская спецыяліст паказала прыборы, з дапамогай якіх вядуцца назіранні, пазнаёміла з асноўным фронтам работ. За суткі (а працуюць тут без перапынкаў і выхадных) даводзіцца рабіць 14 выхадаў “у поле”, падчас кожнага з якіх здымаць не менш як 30 паказчыкаў. І распісана ўсё дакладна, па хвілінах. Цяпер – напрамак ветру, потым – узровень тэмпературы, вільготнасць…
Як расказвае кіраўнік Валерый Шановіч, балотнай станцыі Палеская была адкрыта 1 жніўня 1947 года ў пасёлку Крэстунова. Гэта адзіная станцыя на тэрыторыі Беларусі, дзе вядуцца назірання за «жыццём» балот. На былой савецкай прасторы захавалася ўсяго шэсць такіх падраздзяленняў. Палеская ўнікальная яшчэ і тым, што з’яўляецца адзінай крыніцай дадзеных для ацэнкі постмеліярацыйнага існавання балот.


— Абраны для вывучэння масіў з’яўляецца тыповым для Палескай нізіны. У задачы станцыі ўваходзіла вывучэнне воднага і цеплавога рэжымаў. Для выканання гэтых мэт былі арганізаваны назіранні за ўзроўнямі вод на рацэ Бобрык і каналах. Сачылі за ўзроўнем грунтовых вод у пяці пітных калодзежах на сухадолах, прамярзаннем і адтаваннем балот, вышынёй і шчыльнасцю снежнага покрыва, атмасфернымі ападкамі. Пазней дадаліся тэмпература тарфяной залежы, выпарэнне з паверхні, хімічны склад балотных вод.
З 1959 года на Палессі праводзяцца інтэнсіўныя меліярацыйныя мерапрыемствы. Яны, безумоўна, закранулі і Лунінскі балотны масіў. У выніку гэтых работ ён ператварыўся ў большай сваёй частцы ў магутную польдерную сістэму, агароджаную ад паводкавых вод ахоўнай дамбай. Водны рэжым сістэмы рэгулюецца помпавымі станцыямі. Землі асвоены пад сельскагаспадарчыя палі.


— Работы па асушэнню і асваенню масіва адкрылі новыя задачы ў вывучэнні гідраметэаралагічнага рэжыму балота. Іх мэта — атрыманне дадзеных аб змяненні як у перыяд асушэння, так і пры далейшым выкарыстанні тэрыторый, — тлумачыць інжынер-гідролаг Наталля Трухнова. — Цяпер на станцыі праводзяцца метэаралагічныя і актынаметрычныя назірання непасрэдна на асушаным масіве (на метэапляцоўцы), за ўзроўнямі балотных вод па створах Лунінскі і Палескі і ў меліярацыйных каналах, якія перасякаюць іх. Значную ўвагу надаем сцёкам ракі Бобрык. Акрамя таго, вядзем назіранні за выпарэннем з глебы і воднай паверхні, а таксама аграметэаралагічныя. У некаторых даследаваннях дапамагае аўтаматычная метэаралагічная станцыя, устаноўленая ў 2016 годзе.


За час існавання балотнай станцыі Палеская назапашаны значны матэрыял па гідрамеліяралагічнаму рэжыму. А работнікі, як і раней, штодня праводзяць унікальныя назірання, уносячы значны ўклад у комплекснае вывучэнне балот і іх уплыву на навакольнае асяроддзе.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.