Лясны тыдзень заўтра пачынаецца на Лунінеччыне

У рамках зялёнай акцыі лясгас плануе засадзіць дрэўцамі 75 гектараў, а ў цэлым   за вясну – каля 500 гектараў.

Сёлета ўсе намаганні будуць скіраваныя менавіта на пасадку дрэў, паколькі вялікія плошчы летась знішчыў караед. Як і ў папярэднія гады, плануецца, што ў работах на дзялянках прымуць удзел не толькі леснікі, але і прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі, насельніцтва. Вяскоўцы ў гэтыя дні актыўна дапамагаюць аднаўляць лес у многіх лясніцтвах раёна.

– Для таго, каб прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу-2018”, неабходна звярнуцца ў лясгас або бліжэйшае лясніцтва. Спецыялісты не толькі вызначаць месца і аб’ём работ, але і забяспечаць неабходным інвентаром і пасадачным матэрыялам, – адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Лунінецкі лясгас» Алена Мёрзлая. – Больш падрабязна можна даведацца па тэлефонах: 2-46-92 і 2-66-05. Толькі агульнымі намаганнямі зможам аднавіць прыроднае багацце, пашкоджанае з прычыны масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў.

Кіпіць у гэтыя дні работа ў гадавальніку лясгаса. Штодзень прадстаўнікі лясніцтваў прыязджаюць сюды, каб нарыхтаваць пасадачны матэрыял. А яго патрабуецца шмат. Дварэцкія леснікі, напрыклад, падчас сустрэчы расказалі, што за дзень плануюць перавезці каля 60 тысяч са-джанцаў сасны, 10 тысяч – бярозы, каля 2 – рабіны.

Актыўна працуюць над высадкай культур і ў Бастынскім лясніцтве – штодня павялічваючы занятыя плошчы прыкладна на 3 гектары. Маглі б, зразумела, і больш, аднак шмат часу траціцца на пераезды – аднаўляемыя ўчасткі невялікія, хаця агульны план – 60 гектараў.

Пры гэтым, як і ў іншых структурных падраздзяленнях, тут актыўна займаліся нарыхтоўкай бярозавіку. Сокарух сёлета быў надзвычай кароткі – толькі 9 дзён, аднак нават за гэты перыяд лунінчане паспелі сабраць каля 650 тон гаючага ляснога напітку, які адпраўлялі на перапрацоўчыя прадпрыемствы рэспублікі. 125 тон накіравалі на экспарт у Літву, а насельніцтва купіла толькі каля трох тон. Больш за ўсіх нарыхтавалі бярозавіку работнікі Навасёлкаўскага, Дзятлавіцкага і Бастынскага лясніцтваў.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.