Сустрэча гараджан з прадстаўнікамі ўлады прайшла ў ГДК

Сустрэчы з насельніцтвам даўно ўвайшлі ў практыку работы прадстаўнікоў улады на Лунінеччыне. У вёсках гэта “Дні адкрытага пісьма”, калі жыхары загадзя апускаюць у спецыяльныя скрыні самыя розныя пытанні, якія датычаць жыццядзейнасці аднаго асобна ўзятага сельсавета ці нават населенага пункта. На іх у вызначаны дзень даюць канкрэтныя адказы работнікі адпаведных службаў. У Лунінцы гараджан запрашаюць на сустрэчы ў гарадскі Дом культуры.

Людзей сабралася нямала. Як высветлілася пазней, большасць былі членамі гаражнага кааператыва “Вялікі”, чые праблемы паспелі-такі надакучыць. Але пра гэта – ніжэй.

Спачатку ж да лунінчан звярнуліся старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко і яго намеснікі, якія расказалі пра вынікі работы курыруемых сфер за 2017 год і задачах – на бягучы. Улічваючы тое, што раёнка неаднаразова пісала пра гэта ў артыкулах і справаздачах з пасяджэнняў райвыканкама і гаспадарчага актыву, а таксама сесій райсавета, паўтарацца не бу-дзем. Адзначым толькі, што мінулы год для Лунінеччыны быў плённым. Выкананы 10 з 14 асноўных вытворчых паказчыкаў, па 3-ох – дасягнуты ўзровень папярэдняга года. Не скарылася толькі ўстаноўленая планка па экспарту тавараў і паслуг. Тым не менш, першы квартал новага года паказаў, што старт узяты нядрэнны, а значыць, ёсць шанц ператварыць запланаванае ў жыццё. Так, зараз практычна па ўсіх накірунках народнагаспадарчай дзейнасці ў параў-нанні з адпаведным перыядам мінулага года адзначаецца прырост на ўзроўні 13 працэнтаў. Экспартная састаўляючая павялічылася на 36 працэнтаў.

Скарыстаўшыся нагодай, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч спыніўся на палажэннях Дэкрэта №3. А яшчэ даходліва і падрабязна расказаў пра магчымасці рэалізацыі самазанятасці на Лунінеччыне, нюансах рамеснай дзейнасці, прывабных рысах аграэкатурызму. Не абышоў увагай і дапамогу, якую абяцае пры гэтым дзяржава.

Яшчэ адзін намеснік старшыні – Руслан Хоміч – адзіны выступаючы, да якога былі пытанні. Тлумачыцца ўсё проста: Руслан Васільевіч курыруе будаўніцтва і жыллёва-камунальную гаспадарку. Вынікі работы гэтых сфер – заўсёды навідавоку. Уражваюць і  аб’ёмы, асабліва калі ўлічыць, што вулічна-дарожная сетка ў Лунінцы мае працягласць больш як 100 кіламетраў, з якіх прыкладна палова – без цвёрдага пакрыцця. Асабіста мяне ўразіла і колькасць вулічных свяцільняў – 1604.

Летась на добраўпарадкаванне горада выдаткавана амаль 750 тысяч рублёў, пятая частка гэтай сумы затрачана на рамонт вуліц і дарог.  Мяркуецца, што тэмпы не будуць зніжаны і сёлета. У планах – выдаткаваць 1 мільён рублёў на бягучы і капітальны рамонт жылога фонду, устанавіць 13 новых ліфтаў, адрамантаваць не менш як 5 кіламетраў цеплавых сетак, абсталяваць святлодыёднымі ліхтарамі пуцеправод і два найбольш небяспечныя перакрыжаванні. А яшчэ – мноства іншых добрых спраў.

Іх пералік спрабавалі павялічыць удзельнікі сустрэчы. Так, адзін з жыхароў дома №1 па вуліцы Прыпяцкай паскардзіўся на тое, што ў двары дзевяціпавярхоўкі дагэтуль няма годнай дзіцячай пляцоўкі. Руслан Хоміч заўважыў, што выправіць сітуацыю магчыма, але з удзелам гараджан. Выдаткі на гэтую насамрэч патрэбную справу падзеляць напалову: 50 працэнтаў возьме на сябе раённы бюджэт, столькі ж – жыхары дома. Дамові-ліся, што ў бліжэйшы час камунальнікі правядуць на Прыпяцкай, 1 сход, дзе і будуць абмеркаваны ўсе нюансы ўвасаблення ў жыццё будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі.

Цікавіліся гараджане і перспектывай пераўтварэння ляснога масіву каля гімназіі ў паркавую зону – месца адпачынку лунінчан. Тэма абмяркоўваецца даўно, аднак пачатак работ зноў адкладваецца – сродкі неабходны на больш надзённыя патрэбы. Па гэтай жа прычыне сёлета не плануецца асфальтаванне адрэзкаў дарогі да возера Белае і ракі Прыпяць. А вось дарога, якая ідзе паўз дачны масіў да в. Бараўцы, будзе прыведзена ў парадак.

Адразу некалькі праблем узняў адзін з жыхароў дома №104 па вуліцы Чырвонай. Ён прапанаваў павялічыць праезную частку для аўтамабіляў у названым двары, а яшчэ – звярнуць увагу на тое, што яго месцам не заўсёды годнага правядзення вольнага часу выбірае моладзь. Магчымасць вырашэння першага пытання будзе вывучана, а вось другое – адразу ўзята на кантроль. Намеснік начальніка РАУС Павел Паўловіч атрымаў даручэнне ўключыць двор у маршруты следавання патрульна-паставой службы. Парадак будзе наведзены. Аператыўна вырашыцца і пытанне абрэзкі старой вярбы, якая нахілілася над дзіцячай пясочніцай і, на думку заўляльніка, стварае пагрозу для бяспекі малышоў.

Ці будуць абсталяваны балконамі кватэры ў доме №15 па вуліцы Заходняй? Такое пытанне ад імя гараджан задаў адзін з яго жыхароў. У мінулым гэты будынак быў інтэрнатам колішняга БУ-62. Пераабсталяванне яго ў жылы дом ажыццяўлялася ў тым ліку і з прыцягненнем сродкаў будучых уласнікаў кватэр. Уладкаванне балконаў вырашалася на стадыі правядзення рамонтных работ. Сёння вяртацца да яго не плануецца.

Адрас дома па вуліцы Чэхава, 4 ведаюць многія жыхары Лунінца. Справа ў тым, што практычна ўвесь першы паверх дома займаюць невялікія прыватныя магазіны. Гандлююць тут адзеннем, кветкамі, мабільнымі тэлефонамі і аксесуарамі да іх. Ёсць нават аптэка. Летась жыхары дома ўбачылі, што зноў пачалося пераўладкаванне адной з кватэр на першым паверсе. Усё б нічога, але са двара рабочыя пачалі ўзводзіць ганак з асобным уваходам, да якога, упэўнены людзі, перыядычна будзе пад’язджаць транспарт, ствараючы дадатковыя нязручнасці і небяспеку для насельнікаў дома. Руслан Хоміч запэўніў, што ўладальнікі новай гандлёвай кропкі выконваюць усе работы ў адпаведнасці з зацверджаным праектам, згодна з якім у двары будзе выканана неабходнае добраўпарадкаванне, каб у будучым дастаўляць жыхарам дома як мага менш нязручнасцей.

Становішча ў сацыяльнай сферы, а яго дакладна акрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, напрамую залежыць ад таго, як працуе народнагаспадарчы комплекс. Ахова здароўя, адукацыя і жыллёва-камунальная гаспадарка з’яўляюцца асноўнымі спажыўцамі раённага бюджэту – на іх патрэбы ідзе амаль 80 працэнтаў раённай казны. Выдаткі ўражваючыя, але абгрунтаваныя.

Дастаткова сказаць, што кошт аднаго койка-месца ў стацыянары сёння ў суткі абыходзіцца дзяржаве ў 48 рублёў, выклік «хуткай дапамогі» – у 49, а знаходжанне ў рэанімацыі каштуе бюджэту 417 рублёў. Зразумела, што медыцына не можа абыходзіцца і без пастаяннага ўдасканалення і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. На гэтыя мэты летась было затрачана 435 тысяч рублёў.

Клопат дзяржавы адчувае і адукацыя. На ўмацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы летась у раёне было выдаткавана больш як 300 тысяч рублёў. Знаходжанне  ў дашкольнай дзіцячай установе аднаго малыша ў сярэднім абыходзіцца дзяржаве штогод у 2 тысячы 685 рублёў, школьніка ў школе – 2 тысячы 15 рублёў. Адпаведна ў месяц гэтыя сумы складаюць 238 і 168 рублёў. У той жа час бацькоўская плата за наведванне дзіцячага садка складае ў сярэднім 28 рублёў 68 капеек.

Расказаў дакладчык гараджанам пра поспехі работнікаў культуры і выхаванцаў спартыўных школ.

Некаторыя ўдакладненні ўнёс у выступленні сваіх намеснікаў старшыня райвыканкама. Так, Аляксандр Пачко выказаў заклапочанасць становішчам, у якім знахо-дзіцца ААТ «Палессеэлектрамаш». Тут удалося выйсці на 6-гадзінны рабочы дзень і за мінулы год прыкладна ў 10 разоў павялічыць рэнтабельнасць рэалізоўваемай прадукцыі. Яна застаецца пакуль адмоўнай, але рэаліі дазваляюць спа-дзявацца, што да канца 2018 года прадпрыемства выйдзе на бяс-стратную работу.

Менш абнадзейваючыя перспектывы ў ААТ «Лунінецлес». Аднак і тут уладамі прымаюцца захады з тым, каб вырашыць лёс таварыства. Акрэсліў Аляксандр Мікалаевіч і сваё бачанне таго, якім павінен быць  адміністрацыйны будынак былога рамонтна-механічнага завода. Магчыма, гэта будзе своеасаблівы бізнес-цэнтр з захаваннем рабочых месцаў для індывідуальных прадпрымальнікаў. Так ці інакш, знешні выгляд збудавання павінен змяніцца да лепшага.

«Гараджанам няма падстаў крыўдзіцца на ўлады. У Лунінцы для людзей робіцца многае. Але ж трэба памятаць, што ёсць і іншыя населеныя пункты, якія чакаюць нашай увагі. Тыя ж Мікашэвічы, вёскі раёна», – адзначыў Аляксандр Пачко. Адначасова ён выказаў спадзяванне на большае разуменне і падтрымку слушных пачынанняў у справе навядзення парадку. Прычым не толькі ў час месячнікаў і суботнікаў, а пастаянна.

Зразумела, што да кіраўніка раёна ў гараджан таксама былі пытанні. Першае датычыла стварэння некаторых зручнасцей для пацыентаў, жадаючых прайсці абследаванне на перасовачным «Скрын-экспрэсе», які ў вызначаныя дні стаіць у двары раённай паліклінікі. Асаблівых чэргаў ні сюды, ні ў аналагічныя кабінеты ў самім будынку паліклінікі няма. Тым не манш, вырашана ў двары ўстанавіць лаўку, дзе людзі маглі б пры неабходнасці адпачыць. Як запэўніла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Хлебус, такая лаўка ўжо заказана і хутка будзе ўстаноўлена.

Неактуальным падалося пытанне  аб адкрыцці ў горадзе гандлёвай кропкі «Еўраопта». Як стала вядома, неўзабаве такая паявіцца на вуліцы Чапаева, 39.

Трэба спадзявацца, што станоўчым чынам вырашыцца і праблема гараджан, якія жадаюць атрымаць надзелы для агародніцтва. Так ці інакш, як запэўніў начальнік землеўпарадкавальнай службы Сяргей Чарненка, свабодныя ўчасткі ёсць.

Шмат дэбатаў выклікала абмеркаванне праблем гаражна-будаўнічага кааператыва «Вялікі». Здаецца, іх «хвост» ужо адпавядае назве кааператыва. У тым, што людзі маюць рацыю быць незадаволенымі дзеяннямі старшыні Міхаіла Цыганкова, пацвердзілі вывады спецыяльна створанай камісіі. Парушэнняў выяўлена шмат. Галоўныя датычаць неадпаведнасці Статута кааператыва патрабаванням заканадаўства і шматлікіх нарматыўных актаў. Прывесці дакумент у адпаведнасць з імі паабяцаў дапамагчы кіраўнік камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч. Пасля таго як будзе прыняты Статут, можна прыступаць да выбараў новага старшыні.

Аднак ёсць адно «але». Летась ад «Вялікага» па ініцыятыве часткі членаў кааператыва быў аддзелены і зарэгістраваны пад назвай «Малы» гаражны масіў па вуліцы Першамайскай. Сёння яму прапануюць самаліквідавацца, бо агульнага сходу, які б меў права прыняць рашэнне аб яго аддзяленні, не было: не набралася неабходнага кворуму ў 551 чалавек. З гэтым 242 уладальнікі, якія ўвайшлі ў новы кааператыў, не згодны. Не спяшаецца пайсці ім насустрач і старшыня «Вялікага». «З’еўшы зубы» на шмат-лікіх судовых цяжбах з членамі кааператыва, аддаваць «партфель», па ўсяму бачна, яму не хочацца.

І ўсё ж, здаецца, выйсце ёсць. Не такія вялікія грошы (калі не памыляюся – каля 13 рублёў) затрачаны заснавальнікамі «Малога» на рэгістрацыю, каб баяцца імі ахвяраваць. Варта захаваць законную працэдуру стварэння новага кааператыва, каб потым не вяртацца да гэтага пытання зноў. А для гэтага – прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам новы Статут. Пастарацца сабраць агульны сход, на які прыйшоў бы не менш як 551 чалавек. Не адчайвацца, калі не атрымаецца. Пры правядзенні наступнага схода планка паніжаецца да 25 працэнтаў, а значыць, прысутнасць сённяшніх 242-ух членаў «Малога» ўпаўне маглі б паўплываць на прыняцце рашэння, якое б задаволіла калі не ўсіх, то многіх.

Яшчэ адна цікавая дэталь: на сустрэчы прынята рашэнне прыпыніць спагнанне пені і штрафаў, якімі пастаянна пагражае кіраўніцтва кааператыва «Вялікі» і дасканала праверыць законнасць выдзялення ўчасткаў пад будаўніцтва гаражоў, пачынаючы з 2005 года. Будзем спадзявацца, што гэта таксама ўнясе яснасць у «барадатую» праблему.

Неабходны пастскрыптум. Мы пастараліся агучыць найбольш вострыя пытанні, узнятыя на сустрэчы. Як бачна, іх нямала. Ніводнае не засталася без увагі. І тым больш незразумела, чаму адзін з прыватных сайтаў, які пазіцыянуе сябе на Лунінеччыне барацьбітом за справядлівасць, пастараўся заявіць у прапушчаных мадэратарам каментарыях, што ўсяго тры пытанні былі зададзены на сустрэчы, паставіўшы тым самым пад вялікае сумненне актыўнасць людзей  і зацікаўленасць прадстаўнікоў «вертыкалі» ў вырашэнні праблем, што хвалююць лунінчан. 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.