Трывалыя веды і жыццёвая практыка

Галоўны ветурач ААТ“Дварэцкі” Галіна Васюкова з ліку тых, хто назаўсёды застаецца верным  аднойчы выбранай справе. Яе прызваннем стала ветэрынарыя.

Наша сустрэча з Галінай Васюковай адбылася на малочнатаварнай ферме ААТ “Дварэцкі” напярэдадні Першамая і Міжнароднага дня ветэрынарнага работніка.

Адразу адзначыла, што расказваць пра сябе і свае дасягненні жанчына не любіць. Маўляў, працую, як усе. Тым не менш, пра тое, што справы ладзяцца, неаспрэчна гавораць паказчыкі. Па выніках работы ветэрынарных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў Лунінеччыны, Галіна Васюкова ўваходзіць у тройку лепшых спецыялістаў.

Паступова даведалася, што яна нарадзілася і вырасла ў горадзе і стасункаў з буйной рагатай жывёлай у дзяцінстве амаль не мела. Але часам  станавілася міжвольнай сведкай таго, як людзі з пагардай, а то і са здзекамі адносіліся да бадзячых катоў. Яна падбірала такіх і несла бліжэй да дому, дзе ўпотайкі ад бацькоў падкормлівала. Назіраючы за малой, якая ўсю сваю дабрыню і пяшчоту аддавала слабым і бездапаможным жывёлінам, бацькі былі ўпэўнены, што дзяўчынка, калі вырасце, абавязкова стане медыцынскім работнікам. Галіна ж выбрала ветэрынарыю:

– Жадаючых дапамагчы людзям хапае, а вось жывёлінам – згаджаецца не кожны, – кажа Галіна Міхайлаўна. –  Маўклівыя, яны ніколі не скажуць дзе баліць. Таму і старалася падчас вучобы ў Рэчыцкім сельгастэхнікуме атрымаць трывалыя тэарэтычныя веды. А пад наглядам спецыялістаў іх прымяняла ў ходзе вытворчых практык. Ужо тады не баялася браць на сябе адказнасць. Вядома, не ўсё атрымлівалася адразу, але ніколі не адступала.

У ААТ “Дварэцкі” Г.М. Васюкова прыехала з Гомельшчыны ў 1994 годзе. Уладкавалася ўрачом-эпіза-толагам, а праз 8 год узначаліла ветэрынарную службу:

– У нас вельмі дружны калектыў. І я ганаруся, што яго захавала. Спецыялісты з нашай службы пакідалі работу ў гаспадарцы толькі падчас выхаду на заслужаны адпачынак. Дагэтуль працую поруч з ветфельчарамі Марыяй і Софіяй Колбік. Сучасныя тэхналогіі, высокія патрабаванні да якасці малака патрабуюць ад ветэрынарных спецыялістаў новых падыходаў як да прафілактыкі захворванняў, так і да лячэння. Апошняе асабліва датычыць кароў. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы вялікае, амаль 3360 галоў. Заўсёды стараемся своечасова правесці адпаведныя прафілактычныя мера-прыемствы, строга кантралюем выкарыстанне антыбіётыкаў. Вялікую ўвагу ўдзяляем тэхналогіі вырошчвання маладняку, згодна з сучаснымі  патрабаваннямі вядзем актыўнае абязрожванне цялят. Прычым, не толькі цялушачак, але і бычкоў. Што вельмі важна, кіраўніцтва гаспадаркі не эканоміць на набыцці неабходных прэпаратаў. Усё робіцца для таго, каб працаваць не толькі на захаванне статка, павелічэнне вытворчасці прадукцыі, але і паляпшэнне яе якасці. Дарэчы, марым мець на ферме яшчэ адзін халадзільнік, каб змаглі аддзяляць малако па катэгорыях: экстра, экстра+вышэйшы гатунак і першы гатунак. Пакуль такой магчымасці не маем, таму 50 працэнтаў надоенага часта ідзе гатункам “экстра+вышэйшы”.

Асаблівы гонар Галіны Міхайлаўны – гэта здаровае пагалоўе. Паказваючы “сваю гаспадарку”, яна адразу правяла ў памяшканне, дзе ў асобных пластыкавых доміках вырошчваюцца нованароджаныя цяляткі. Зайшлі як раз у час, калі іх даглядалі жывёлаводы. Галоўны ветурач падышла да цялятак, якіх давялося пралечваць. Пры набліжэнні да клетак яны адразу хаваліся ў свае домікі:

– Бачыце, як памятаюць балючыя ўколы. Затое зараз здаровыя, – з усмешкай на твары канстатавала Галіна Міхайлаўна.

Вельмі даверліва да яе рукі пацягнуліся самыя маленькія, якім у сваім жыцці яшчэ не даводзілася сутыкацца з болем.

Калі спытала ў ветурача, што дапамагае ёй у працы, у адказ пачула:

– Жыццёвая практыка, трывалыя веды, што калісьці атрымала пры навучанні, іх удасканаленне. Часы мяняюцца, падыходы таксама. Трэба заўсёды быць у курсе навінак. У гэтым ветэрынарным работнікам гаспадарак часта дапамагаюць спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу і райветстанцыі.

Ніколі не забывала жанчына і пра сям’ю. Яна выгадавала двух сыноў, вывела іх у дарослае жыццё, і ўжо дачакалася ўнучку і ўнука.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: