Вежа са школьных ранцаў

Чым больш праходзіць часу пасля заканчэння школы, тым шчымлівей успаміны, вастрэй жаданне хоць на некалькі імгненняў вярнуцца ў дзяцінства. Выдатная магчымасць сустрэцца з мінулым, сказаць шчыры «дзякуй» педагогам мелі ўдзельнікі ўрачыстасці ў гонар 50-гадовага юбілею сярэдняй школы №1 горада Мікашэвічы.

Арганізатары свята пастараліся надаць яму яркіх фарбаў. Ужо ў школьным двары гасцей сустракалі гірлянды з паветраных шароў і кветак. Нямала прыемных сюрпрызаў чакала і па шляху да месца ўрачыстасці. Выставы малюнкаў і дэкаратыўна-прыкладных работ настаўнікаў і навучэнцаў, інфармацыйныя стэнды спартыўных дасягненняў школьнікаў, «зорная» сцяна з імёнамі медалістаў, экспазіцыя з рэдкімі фотаздымкамі ўразілі многіх.

У той дзень актавая зала ўстановы адукацыі з вялікай цяжкасцю ўмясціла гасцей. Павіншаваць калектыў з юбілейнай датай прыйшлі ветэраны педагагічнай працы, першакласнікі-1968, выпускнікі розных год, цяперашнія навучэнцы школы. А яшчэ – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Цяльпук, старшыні: гарвыканкама – Галіна Сыцэвіч, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – Нэлі Рафаловіч, якія падмацавалі свае выступленні ўзнагародамі і падарункамі. Шмат цёплых слоў гучала ў прывітаннях дырэктараў: гімназіі імя У. Нядзведскага – Сяргея Высоцкага, Цэнтра дзіцячай творчасці – Алены Саўчук і сярэдняй школы №2 – Эдуарда Ярмоліча. З падарункамі завіталі кіраўнік КУП «Кубграніт» Юрый Жэлянгоўскі, галоўны рэдактар праекта «Інфаўрок» Ігар Жабароўскі, мясцовы прадпрымальнік Анатоль Карышаў, прадстаўнікі салона штор «Галубка».

Пра важныя вехі ў гісторыі нагадала яе дырэктар Людміла Насеня. За пяць дзесяцігоддзяў існавання ўстановы адукацыі яе ўзначальвалі Аляксандр Аніскавец, Аркадзь Чаша, Анатоль Арашкевіч і Сцяпан Дубейка. За гэты час з яе сцен выйшаў 3191 выпускнік, з якіх 113 юнакоў і дзяўчат атрымалі «залаты» і «сярэбраны» медалі. 17 былых выхаванцаў цяпер працуюць тут настаўнікамі-прадметнікамі. Сёння вялікі і дружны калектыў СШ №1 г. Мікашэвічы складаецца з 747 вучняў, 67 педагогаў і 19 тэх-нічных работнікаў.

Улады клапоцяцца пра школу. Не так даўно дзетвара атрымала магчымасць ездзіць на заняткі на новым аўтобусе, карыстацца сучаснымі камп’ютарамі на ўроках інфарматыкі, ацаніць мультымедыйны кабінет і іншае. Дзякуючы дапамозе Сусветнага банка, замянілі аконныя блокі. Заўсёды з разуменнем да патрэб школы ставяцца генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч, дырэктар ААТ «Спецжалезабетон» Васіль Басевіч, начальнік БУ-63 Аляксандр Дудзіч.

Хвалюючых момантаў было шмат. А калі на экране праектара паявіліся фотаздымкі настаўнікаў, якія пайшлі з жыцця, усе прысутныя ўсталі, каб ушанаваць іх памяць. Вядома ж, не абышлося без торта ў некалькі «паверхаў». Праўда, на гэтым свяце ён уяўляў сабой свайго роду вежу з маленькіх школьных партфеляў з ласункамі, які атрымаў кожны ўдзельнік сустрэчы. Яшчэ больш цеплыні і сямейнасці надалі яркія канцэртныя нумары, якія падрыхтавалі педагогі, выхаванцы ЦДТ, навучэнцы мікашэвіцкіх СШ №№ 1 і 2. Выступленні юных талентаў сталі лепшым пацвярджэннем таго, што, нягле-дзячы на сталы ўзрост, школа была і застаецца маладой, кожны год адкрываючы для новых дзяцей дзверы ў дзіўны свет навук!

Дадаць каментарый

Войти с помощью: