Дождж не перашкодзіў святу «Лунінецкія клубніцы»

Непагадзь не перашкодзіла святу ў Дварцы. “Лунінецкія клубніцы” адбыліся! Вядома, для таго, каб чарговы фестываль яркай старонкай увайшоў у гісторыю роднага краю, арганізатарам давялося старанна папрацаваць. Менавіта таму і вынік быў уражваючым.
Як заўжды, пачалося свята з урачыстага шэсця, узначальвала якое “Прыгажуня-клубнічка”. Яркай карнавальнай калонай па “Дварэцкаму арбату”, міма выставы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, яго ўдзельнікі наблізіліся да месца, дзе разгарнулася галоўнае дзеянне. На сцэну запрасілі старшыню райвыканкама Аляксандра Пачко, які шчыра вітаў удзельнікаў раённага фестывалю, а пасля ўручыў узнагароды пераможцам творчага конкурсу “Мая клубнічная краіна”. (Многія з вершаў, казак і малюнкаў прадстаўлены ў святочным нумары “ЛН”).
Неўзабаве сцэну запаланілі самадзейныя артысты, сярод якіх нямала было гасцей з іншых раёнаў і нават абласнога цэнтра. Канцэрт атрымаўся на славу!
Тым часама члены журы накіраваліся да “падворкаў” сельсаветаў. Уражваючая фантазія, дзівоснае майстэрства, вялікае старанне і абавязковае жаданне перамагчы ў конкурсе “Клубнічны край” дапамаглі пасланцам вёсак прадставіць сваю малую радзіму ва ўсёй красе, не забыўшыся пры гэтым пра асноўны атрыбут свята – клубніцы і стравы з іх. Нярэдка суправаджаліся прэзентацыі яркімі інсцэніроўкамі, спевамі і жартамі.
У агульны малюнак арганічна ўвайшла выстава з паказам тэатра моды “Летні вернісаж”. А быў яшчэ “Літаратурны дворык”, дзе гучалі вершы мясцовых паэтаў (адзін з радкоў, аўтарам якога з’яўляецца Галіна Гаргун, вынесены ў загаловак); кніжна-ілюстраваная выстава “Зноў паспелі красуні-клубніцы”; спартыўная і дзіцячая пляцоўка “Клубнічны калейдаскоп” з забаўляльнымі конкурсамі і аквагрымам. Аматары маглі набыць цудоўныя лялькі Цільда. А непадалёк у дэкаратыўных кошыках зайшлі месца самыя розныя, найбольш упадабаныя жыхарамі нашага раёна, гатункі брэндавай ягады. Дарэчы, нягледзячы на дождж, які не-не, ды і спрабаваў напалохаць усіх, хто прыйшоў на свята, гандаль ішоў актыўна. Не пуставалі столікі кафэ пад вялікімі парасонамі, а да прылаўкаў, дзе прапаноўвалі самыя розныя прысмакі і пачастункі, выстройваліся чэргі.
Своеасаблівай кульмінацыяй мерапрыемства стала падвядзенне вынікаў конкусу сельсаветаўскіх клубнічных “падворкаў”. Пасля гарачага абмеркавання журы вырашыла першае месца аддаць Лунінскаму сельсавету, другое – падзяліць паміж Рэдзгераўскім і Дзятлавіцкім, трэцяе – паміж Дварэцкім і Вулькаўскім сельсаветамі. Узнагароды пераможцам уручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.
З набліжэннем вечара гасцей на свяце станавілася ўсё больш. Вясёлымі купкамі ў спадзяванні абавязкова трапіць на дыскатэку “Клубнічны мікс” спяшалася моладзь, важна крочылі па вуліцах сем’і з дзетварой. Яно і так: няпросты, гарачы, напоўнены цяжкай працай, надзеяй, радасцю і расчараваннямі клубнічны сезон завяршыўся. Хутка растворыцца ў паветры духмяны водар, і толькі ў памяці застанецца выпеставаныя сонцам сакавітыя ягады, пяшчотна прыкрытыя смарагдавым лісцем. Бывайце, “Лунінецкія клубніцы-2018”!

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.