“Кого куста мынае, той хозяін уроджаю нэ мае…”

На такім мясцовым дыялекце запрашалі ў госці на свае падворкі жыхары Лобчы на другі дзень аднаго з галоўных праваслаўных святаў – Троіцы. Прычына таму – цікавы мясцовы абрад “Ваджэнне Кусты”, арганізатарам якога выступае народны фальклорны калектыў “Лабчанка” пад кіраўніцтвам Настассі Якавец.

Яго карані – дахрысціянскія. Калі традыцыя стала паступова адыходзіць з вясковага побыту, удзельнікі “Лабчанкі” ўзялі традыцыю продкаў пад сваё крыло. Унікальны звычай заўважылі ў аддзеле культуры раёна і вылучылі на наданне статусу нацыянальнай гістарычнай каштоўнасці.

Пачынаецца абрад з апранання самай прыгожай дзяўчыны вёскі ў імправізаваны ўбор з лісця клёна (сёлета гэтую ролю выконвала Анастасія Мялешка). Пасля робяць вянок на галаву, а затым з песнямі ідуць віншаваць землякоў. Сэнс у тым, каб госці зайшлі на кожны сельскі падворак, таму што “Ваджэнне Кусты” — гэта пажаданне добрага ўраджаю і прыплоду. Бачачы практычна пустыя вуліцы, падумала, што мерапрыемства хутка закончыцца. Аднак, пачуўшы гармонік і вясёлыя галасы артыстаў, амаль кожны гаспадар ці гаспадыня падворка выходзілі на галоўную вуліцу вёскі, каб толькі “Куста” іх не абмінула. Дзякуючы за візіт, многія запрашалі за шчодрыя сталы, прапаноўваючы прысмакі і грошы ў кошык “механошы”. Прыемна, што многія не забылі традыцыю: некаторыя падпявалі, іншыя – нават пускаліся ў скокі.

Для ўважлівага аматара традыцый відавочна: абрад падобны на Каляду. Тлумачыцца проста: раней нашы продкі лічылі пачаткам года не Нараджэнне Хрыстова, а вясну-лета. Таму “Куста” і пачынала хлебаробскі год.
Вераць тут і сёння ў гаючую сілу зеляніны, у якую была апранута галоўная гераіня абраду. Лічыцца, што вянок збірае негатыў, таму яго спаліць трэба праз год менавіта ў ноч на Івана Купалу. Цікава, што з абрадам звязаны незвычайныя народныя прыкметы. Па-першае, у той дзяўчыны, якая выконвае ролю “Кусты”, верагодна, хутка адбудзецца шлюб. Па-другое, калі на працягу другога дня Тройцы лісце на сарваных галінках клёна пасохне, то лета будзе сухое. Заўважыла, што сёлета нас чакае сапраўдная спякота. Праўда ці не – пакажа час.
На жаль, сёння забываюцца многія традыцыі і звычаі продкаў. Іншы раз здаецца, што нешта каштоўнае губляем мы і наша спадчына, з адыходам старажыл, якія ведалі пра мудрасці абрадаў. І вельмі важна захоўваць памяць аб слаўных старонках гісторыі роднага сяла, аднаўляць іх і шанаваць свае карані. Дзякуй, “Лабчанка”, за гэты напамін!

Наталля АРАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

 

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.