Мы табой ганарымся, Беларусь!

Афіцыйная частка ўрачыстасці ладзілася на стадыёне “Палессе”. Віншуючы землякоў з нацыянальным святам, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко заўважыў, што жыццёвы і працоўны подзвіг старэйшага пакалення стаў трывалай асновай сённяшніх поспехаў Беларусі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі для тых, хто сустрэў сваё 74-ае мірнае лета, а ў гонар загінуўшых глухія гукі метранома адлічылі асобныя секунды даніны памяці… Да шчырых пажаданняў далучыліся старшыня раённага савета ветэранаў Надзея Лазіцкая і першы сакратар райкама БРСМ Ігар Гаргун.
Неўзабаве імправізаваная сцэна ператварылася ў фальклорна-этнаграфічны куток – мілы сэрцу і знаёмы з калыскі. Цёплымі пачуццямі былі прасягнуты тэатралізаваныя старонкі з паказу самабытных касцюмаў, вышыванак, жней са снапамі, абрадам вяселля. Усё гэта сведчыла пра любоў да малой Радзімы і вернасць традыцыям. Мінулае і сучасць перапляліся ў канцэртных нумарах з удзелам лепшых прадстаўнікоў устаноў культуры Лунінеччыны.
І калі гандляры паклапаціліся пра атракцыёны і пачастункі, то прыхільнікі ж здаровага ладу жыцця сабраліся спартыўных пляцоўках. Пераможцамі ў валейболе і стрытболе сталі адпаведна каманды з Рэдзігерава і СШ №4 райцэнтра. Недасягальнымі для сапернікаў аказаліся: у дартсе – Віталь Каташук і Кацярына Крыльчук, армрэстлінгу – Раман Мішук, скачках са скакалкай – Алена Гнедзька, адцісканні – Улад Грушэўскі, штурханні гіры – Аляксандр Рамановіч. Усе прызёры ўзнагароджаны падарункамі ад РФСК “Здароўе”.
Паэтычны флэшмоб разгарнулі работнікі бібліятэчнай сістэмы. Увагу прыцягвалі выставы малюнкаў навучэнцаў мастацкага аддзялення Лунінецкай ДШМ, музейныя – “Люстэрка памяці” і “Смак беларускай мовы…”. У кінатэатры “Кастрычнік” адбыўся бясплатны паказ мастацкага фільма “Цень ворага”. Шматлюдна было на плошчы Леніна вечарам, калі танцавальна-забаўляльная праграма завяршылася гімнам нашай краіны. З усіх бакоў даносіліся словы: “Слаўся, зямлі нашай светлае імя, слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша лю-бімая маці-Радзіма, вечна жыві і квітней, Беларусь!”.

 

Урачыстым мітынгам на плошчы каля Палаца культуры РУВП «Граніт» адкрылася праграма святкавання Дня Незалежнасці ў Мікашэвічах.
Пра важнасць гэтай даты ў жыцці сучасных беларусаў жыхарам і гасцям горада грані-таздабытчыкаў нагадалі старшыні: раённага Савета дэпутатаў – Віктар Рафаловіч і гарвыканкама – Галіна Сыцэвіч. Шчырымі словамі падзякі салдатам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны, якія мужна адстойвалі свабоду беларусаў на палях бітваў і ў падпольнай барацьбе, працаўнікам тылу, чые дасягненні ўносілі свой уклад у будучы суверэнітэт нашай рэспублікі, былі прасякнуты выступлені генеральнага дырэктара РУВП «Граніт» Эдуарда Гаўрылковіча, галоўнага інжынера ААТ «Спецжалезабетон» Таццяны Гаўрыловіч, іншых кіраўнікоў мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі.
Пасля ўрачыстага ўскладання вянкоў да помніка воіну-вызваліцелю на плошчы Каржа святочную праграму працягнуў канцэрт, падрыхтаваны самадзейнікамі Палаца культуры «Граніта». Сваімі харэаграфічнымі пастаноўкамі публіку парадавалі танцавальныя калектывы «Мікадэнс», «Новая фракцыя», «Эдэльвейс». Масу станоўчых эмоцый падарылі гледачам як добра вядомыя, так і новыя вакальныя нумары ў выкананні Маргарыты Вакуліч, Кацярыны Падамацкай, Таццяны Крывулец і іншыя. Дружнымі апладысментамі дарослыя і дзеці дзякавалі за вясёлыя гумарыстычныя сцэнкі Народнаму тэатру мініяцюр «Гранітны каламбур». Да паслуг гараджан і гасцей Мікашэвіч працавалі дзіцячыя атракцыёны і гульнявая пляцоўка «Мурашнік», а падмацаваць сілы можна было ў палатках выязнога гандлю. Завяршыліся святочныя мерапрыемствы акцыяй «Спяваем гімн разам» і дыскатэкай.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.