Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Невар правёў “Прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян

Заўважыла, што звяртаюцца да Ігара Леанідавіча людзі з няпростымі пытаннямі, спадзеючыся на садзеянне ў вырашэнні праблем, якія да гэтага не ўдалося давесці да лагічнага завяршэння з дапамогай іншых службаў.
Прыкладна такая сітуацыя здарылася ў жыцці аднаго з жыхароў райцэнтра. У канцы 80-ых мінулага стагоддзя ён разам з калегамі па службе ў міліцыі трапіў на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС. Буйнейшая ў гісторыі атамнай энергетыкі тэхнагенная катастрофа падзяліла яго лёс, як і лёсы многіх іншых людзей, на “да” і “пасля”. Нелады са здароўем не прымусілі сябе чакаць. У 1990 годзе яго хваробы ўвязалі з наступствамі катастрофы на ЧАЭС і прызначылі групу інваліднасці, якая давала права на атрыманне так званай “чарнобыльскай пенсіі”.
Аднак у 2008 годзе абласная МРЭК інваліднасць зняла, а ліквідатару – пажыццёва прызначылі ІІІ групу інваліднасці са стратай 20 працэнтаў працаздольнасці. Такая група прадугледжвала магчымасць працаўладкавання, але да заключэння прыкладаліся рэкамендацыі, якія абмяжоўвалі выбар прафесій і спецыяльнасцей. Урэшце-рэшт, што-кольвечы падыходзячае знайсці так і не ўдалося. Букет хвароб з часам павялічваўся, а даходы рабіліся зусім мізэрнымі. Дадатковыя абследванні, якія 57-гадовы ліквідатар праходзіў у Пінску, Брэсце і нават Мінску, выяўлялі новыя нямогласці, якія ўсё ж не давалі права на іншую ступень інваліднасці ці вяртанне да “чарнобыльскай пенсіі”. З апошняй надзеяй чалавек звярнуўся да парламентарыя.
Вывучыўшы прадастаўленыя дакументы, Ігар Невар прапанаваў лунінчаніну садзеянне ва ўладкаванні на шпіталізацыю і даабследаванне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі, адзначыўшы, што вердыкт тамтэйшых спецыялістаў будзе канчатковым. Ліквідатар згадзіўся.
Да дэпутата звярнулася таксама сям’я пажылых лунінчан, якія спадзяюцца, што ў іх кватэры нарэшце памяняюць драўляную сталярку на сучасныя шклопакеты. Ад старасці вокны зімой не трымаюць цяпло, а ў час дажджу вада трапляе праз шчыліны ў пакой. Неаднаразова гараджане звярталіся ў камунальную службу. Яе работнікі без увагі звароты не пакідалі, штораз прысылаючы па стаўшым знаёмым адрасе спецыялістаў. Шчыліны ліквідавалі з дапамогай мантажнай пены і іншых сродкаў, але такія меры былі часовымі і ад праблем не выратоўвалі. Разам людзям тлумачылі, што, згодна з “Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў”, іх уласнікі, а таксама наймальнікі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду абвязаны за свой кошт у тым ліку і з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый, рабіць бягучы рамонт дамоў і кватэр, мяняць падлогу, аконныя і дзвярныя блокі, уцяпляць іх, рамантаваць электрычнае, газавае, сантэхнічнае абсталяванне і выконваць шэраг іншых работ. Гэта вымушаны быў яшчэ раз канстатаваць і дэпутат.
На “Прамую лінію” патэлефанаваў таксама адзін з жыхароў Багданаўкі, які паскардзіўся, што ў асфальтавым пакрыцці дарогі, якая вядзе ад аўтатрасы М-10 да названай вёскі, паявіліся выбоіны, якія трэба ліквідаваць. Ігар Невар растлумачыў скаржніку, што падобных праблем па раёне нямала. Ёсць распрацаваны графік рамонту вясковых вуліц і дарог, згодна з якім працуе ДРБУ-101. Усе сродкі, а на гэтыя мэты ў бюджэце прадугледжана больш як 500 тысяч рублёў, асвойваюцца без прамаруджвання. Адначасова Ігар Леанідавіч паабяцаў нагадаць аб існуючай праблеме на дарозе да Багданаўкі кіраўніку дарожнай арганізацыі.
Карыстаючыся выпад-
кам, пацікавілася ў члена Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы аб тым, якія законапраекты рыхтуюцца да разгляду ў парламенце.

Трэба сказаць, што наша Пастаянная камісія, як і іншыя ў парламенце, працуе згодна з загадзя распрацаваным планам падрыхтоўкі законапраектаў, які зацверджаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. На гэтым этапе праводзіцца вялікая работа: працуюць міжведамасныя рабочыя групы, праходзяць “круглыя сталы”, вывучаецца грамадская думка… Звычайна на гэта ідзе год, а то і больш. На сёння ў нашу камісію паступілі праекты змяненняў і дапаўненняў у многія законы. Назаву, перш за ўсё, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях”. Закон закранае ўсе праблемы, звязаныя, так бы мовіць, з працягам роду чалавечага. Ён актуальны для нашай краіны, бо бясплоддзе, як мужчынскае, так і жаночае застаецца дастаткова сур’ёзнай праблемай. А з улікам таго, што дэмаграфічныя паказчыкі складваюцца не вельмі спрыяльна, стала відавочным, што адных толькі эканамічных рычагоў не дастаткова. Хаця, падкрэслю, у нашай краіне, шмат робіцца карыснага ў плане стымулявання нараджэння дзяцей. Гэта і водпуск па догляду за малышамі да дасягнення імі трохгадовага ўзросту, разнастайныя выплаты, у тым ліку – сямейны капітал пры нараджэнні 3-га і наступных дзяцей, льготы пры будаўніцтве жылля, іншыя сацыяльныя гарантыі. Разам з тым, сёння на парадак дня ў справе павелічэння нараджальнасці выходзяць медыцынскія тэхналогіі, перш за ўсё, — экстракарпаральнае апладатварэнне. Мяркуецца, што ў новым Законе будзе ўдзелена ўвага і так званаму сурагатнаму мацярынству. Пакуль цяжка сказаць, якім закон будзе на выхадзе, але да абмеркавання яго плануем прыступіць у бліжэйшы час.
Рыхтуецца і ўнясенне дапаўненняў і змяненняў у Законы Рэспублікі Беларусь “Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва” і “Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека”. Апошні даручана курыраваць мне. Сустракаўся з дырэктарам РНПЦ трансплантацыі органаў тканак чалавека Олегам Румо. Адбылося папярэдняе абмеркаванне некаторых нюансаў гэтай дастаткова далікатнай справы. Увага акцэнтуецца, перш за ўсё, на магчымасці ўваходжання ў сусветны банк дадзеных органаў і тканак, каб можна было на бязвыплатнай аснове абменьвацца донарскімі органамі і тканкамі, што істотна павялічыць спектр аказваемай беларусам дапамогі. Змяненні закрануць і службу трансфузіялогіі. Да разгляду ў першым чытанні рыхтуецца праект змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб донарстве крыві і яе кампанентаў”. Мяркуецца, што яны будуць датычыць у ліку іншых аспектаў і сацыяльных гарантый бязвыплатнага донарства, перапрацоўкі кампанентаў крыві. Якім урэшце будзе Закон, пакуль гаварыць рана. Абяцаю, што мы вернемся да гэтых і іншых законапраектаў на старонках раённай газеты.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.