НА ВАРЦЕ ЭКАНАМІЧНАЙ БЯСПЕКІ

Зладжаны працоўны рытм характэрны для калектыву аддзела мытных аперацый і кантролю №2 мытнага паста «Пінск» Брэсцкай мытні, які фунцыянуюе ў Лунінцы.

Мытны аддзел сёння – гэта 17  спецыялістаў, ад прафесійных якасцяў якіх залежыць поспех агульнай справы.

Сярод іх – Генадзь Мацукевіч, працоўны стаж якога скаладае амаль 20 год :

–  Мытная справа – не руцінная работа, як можа падацца некаторым на першы погляд,  а цэлы кругаварот падзей. Кожны дзень даводзіцца змагацца з нелегаламі і кантрабандыстамі, якія імкнуцца незаконна завезці або вывезці з тэрыторыі краіны грузы, як забароненыя (наркатычныя або псіхатропныя рэчывы, культурныя каштоўнасці), так і дазволеныя, але не задэклараваныя. Мытня дае «дабро» толькі тым, хто не парушае закон.

10 год таму ўпершыню апрануў форму мытніка Віктар Кіндрук. Адпрацаваўшы галоўным эканамістам у тагачасным СВК “Сінкевічы”, юнака прызвалі ў армію, дзе давялося абараняць межы Радзімы ў пагранічных войсках. А калі пасля звальнення ў запас прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў ролі мытніка – згадзіўся.

– На нашым прафесійным сцягу напісаны словы «За намi – Радзiма». Гэта –сутнасць і галоўны сэнс службы, якая стаіць на абароне эканамічных інтарэсаў краіны. І я рады быць яе часткай.

Закончыўшы ў 1998 годзе педагагічны інстытут Аляксандр Ляўковіч і ўявіць не мог, што жыццёвая сцяжынка прывядзе яго ў прафесію мытніка.

– Пашчасціла папрацаваць пад кіраўніцтвам былога начальніка Валерыя Каваленкі, які браў мяне на работу. Па сённяшні дзень удзячны яму за шчырыя парады і дапамогу. Падабаецца ў нашай службе стабільнасць і неабходнасць пастаяннага самаўдасканалення. Новыя законапраекты, новаўвяденні дазваляюць заўжды трымаць руку на пульсе і даюць зразумець, што недастаткова мець вышэйшую адукацыю, трэба самому ўвесь час вучыцца і вучыць маладых спецыялістаў, як калісьці вучылі мяне.

Сярод мужчынскага касцяка – 6 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія ў прафесіяналізме не адстаюць ад сваіх калег. І нават інтарэсы  прыгажуні выбіраюць зусім не жаноцкія. Напрыклад, Святлана Шчагрыковіч з задавальнннем разам з сям’ёй вольны час праводзіць на рыбалцы. А яе трафеям пазайздросцяць нават самыя заўзятыя рыбакі.

– 25 год таму з гандлю прыйшла ў мытную справу. Шчыра кажучы, ні на дзень не пашкадавала аб выбары. За што люблю сваю прафесію, дык гэта за яе шматграннасць. Даводзіцца быць  і юрыстам, і праграмістам, і эканамістам, і нават крыху псіхолагам.

Падзяляе меркаванне калегі і Таццяна Коваль, якая з нядаўняга часу заступіла на пасаду намесніка начальніка аддзела.

– Сёння не ўяўляю сябе нідзе, акрамя мытні. Дружны калектыў, падрымка 24 гадзіны ў суткі і адчуванне таго, што гэта – другая сям’я, дарагога варта. Мне вельмі цікава тое, чым займаюся. Гэта дае магчымасць развівацца і расці, як асоба.

 Сёлета мытнае афармленне прайшлі больш як 1200 чыгуначных саставаў, якія следавалі ва Украіну, Прыбалтыку, Румынію і Рэспубліку Беларусь. Выдадзена звыш 13000 дазволаў на перамяшчэнне праз мяжу розных тавараў і грузаў, а ў выніку дзейнасці аддзела за мінулы год паступленні ў бюджэт склалі 4 мільёны 424 тысячы рублёў.

–  За ўсімі паказчыкамі, безумоўна, стаяць людзі. У нашай службе галоўнае – прафесійныя якасці. Трэба быць не толькі адукаванымі спецыялістамі і добрасумленна выконваць службовыя абавязкі, але і праяўляць прынцыповасць, прымаць законныя і справядлівыя рашэнні, – расказвае начальнік аддзела Дзмітрый Вярэніч. – Разумеем адказнасць, якая ўскладваецца на нас, каб не выбіцца з графіку і забяспечыць своечасовую дастаўку грузаў. Нягледзячы на тое, што нагрузка з кожным годам павялічваецца, з пастаўленымі задачамі спраўляемся.

Хочацца пажадаць усім супрацоўнікам мытнай службы суладнай працы, дабрабыту ў сем’ях, моцнага здароўя і, вядома, захавання традыцый мытнікаў усіх пакаленняў – сумленна служыць Айчыне, прытрымлівацца законаў дзяржавы, абараняць эканамічныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.

Наталля АРАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

Дадаць каментарый

Войти с помощью: 

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.