Водар ліпавага цвету

абавязкова запаланіць улетку вуліцы Вялікіх Чучавіч, а пакуль каля 300 маладых дрэўцаў, якія сёлета пасадзілі ў рамках месячніка па добраўпарадкаванню, толькі прыжываюцца. Да надыходу сапраўдных маразоў яны яшчэ паспеюць даць новыя карэньчыкі, каб наступнай вясной хутка пайсці ў рост.

У тым, што яны парадуюць буйной квеценню вяскоўцаў, можна не сумнявацца: дрэвы, пасаджаныя з добрымі думкамі і пазітыўным настроем, аддзячаць людзям. Такую важную асаблівасць ведаюць работнікі мясцовай школы, якіх падчас прыезду ў аграгарадок засталі за гэтай справай. Хтосьці капаў ямкі, другія ўжо ўтрам-   боўвалі зямлю вакол ствалоў, трэція неслі ваду для паліву. Усім працэсам азелянення кіравала дырэктар навучальнай установы Ірына Грыцкевіч. Неўзабаве да яе далучыўся старшыня сельвыканкама Аляксандр Соц. Па яго словах, новыя насаджэнні ўпрыгожаць тэрыторыю не толькі каля школы, але і побач з дзіцячым садам, сельскім Домам культуры, будынкам кацельні, малочнатаварнай фермай №1 дзяржаўнага прадпрыемства “Чучавічы”, участковай бальніцай.

– Увогуле, пытанням добра-ўпарадкавання надаем пастаянную ўвагу, – зазначае Аляксандр Васільевіч. – Прычым, сачыць за парадкам на зямлі патрабуем не толькі ад працоўных калектываў, але і ад гаспадароў прыватных падворкаў. Не заўсёды гэта ўдаецца з дапамогай просьбаў, часам даводзіцца складаць прадпісанні. З пачатку года такіх выдадзена 87. Вядома, часцей іх накіроўваем тым, хто пастаянна не пражывае ў бацькоўскіх сядзібах, а зямельныя ўчасткі выкарыстоў-вае пад агароды ці дачы.

Будаўніцтва жылых дамоў, на жаль, замарудзілася. Сёлета наваселле справіць толькі адна мнагадзетная сям’я, якая ўзвяла жыллё з дзяржаўнай падтрымкай. А вось незайздросны лёс пустуючых мае 241 хаціна. У 2018-ым у адпаведны Рэгістр трапілі яшчэ 4 будынкі. Згодна з рашэннямі суда, яны перададзены сельвыканкаму. Прызнаныя непрыдатнымі для пражывання, да канца года іх знясуць. Доўгі час дастаткова востра стаяла праблема добраўпарадкавання дарог. У 2018-ым многае ўдалося зрабіць. Так, былі адрамантаваны некаторыя ўчасткі ў напрамках Баравікі – Вялікія Чучавічы, Вялікія – Малыя Чучавічы, а таксама часткі вуліц Савецкая, Школьная і Леніна – у аграгарадку. Разумею, што вяскоўцам хочацца большага. На Лунінеччыне з усіх сельсаветаў толькі ў нас самы нізкі паказчык дарог з асфальтавым пакрыццём – усяго 13 працэнтаў (без уліку транзітных), астатнія адносяцца да гра-війных і грунтовых. Даўно патрабуюць ямкавага рамонту Спакойная і 3 ліпеня ў Вялікіх Чучавічах. Пры наяўнасці фінансавых сродкаў будзем старацца іх добраўпарадкоўваць.

Што датычыць вулічнага асвятлення, то замянілі крыху больш за дзясятак лямпаў. Па просьбе землякоў дзесьці дабаўляем ліхтары, аднак трэба разумець, што каля кожнай хаты яго не павесіш. Тым не менш, патрабаванне ў асвятленні вуліц у пачатку, сярэдзіне і ў канцы выконваецца ва ўсіх населеных пунктах.

Непакоіць дэмаграфічная сітуацыя: з пачатку года ў нас нарадзіліся 16 немаўлят, а памерлі 53 вяскоўцы. Колькасць шлюбаў таксама пакідае жадаць лепшага – вальс Мендэльсона прагучаў толькі 7 разоў. Усяго ж на 1072 падворках жывуць 2550 грама-дзян, з якіх 835 пенсіянераў і 337 дзетак. Астатнія – людзі праца-здольнага ўзросту. Знайсці пастаянны заробак на сяле, вядома, складана. Участка “Лунінецлеса” даўно няма, затое яго вытворчыя памяшканні выкупіла прыватная фірма “Волгадрэў”, якая дала работу 15 жыхарам. Да таго ж, развіваецца малы бізнес – адкрываюцца новыя гандлёвыя кропкі. Не супраць вяскоўцы мець даходы з вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. Зрэшты, стараемся заўсёды ісці насустрач землякам. Гэта – галоўнае ў нашай рабоце. А дапамагаюць вырашаць надзённыя праблемы старасты вёсак, за што ім дзякуй.