Вяртанне  да каранёў

Маладыя людзі, якія сваю будучыню ўяўляюць выключна ў паўсядзённай мітусні і шуме вялікага горада, магчыма, з цяжкасцю павераць, што ёсць такія юнакі,  як Аляксей Рахацэвіч. А ўсё таму, што запаветнай марай выпускніка мікашэвіцкай СШ №1 было жыццё і праца ў сельскай мясцовасці. І некалькі год таму гэтыя планы ажыццявіліся.

– Пасля заканчэння аднаго з пінскіх каледжаў уладкаваўся ў тагачасную гаспадарку «Новае Палессе», – расказвае работнік дзяржаўнага прадпрыемства «Сінкевіцкі». – Праўда, прыкладна праз 4 месяцы прызвалі на тэрміновую службу ў 38-ую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду. Пасля арміі зноў вярнуўся на ранейшае месца працы.

Аляксей прызнаўся, што няма нічога лепшага для станаўлення маладога спецыяліста, чым сельскагаспадарчая галіна. Тут заўсёды запатрабаваны рабочыя рукі, ёсць шмат шанцаў для кар’ернага росту. Ды і людзі ў сельскай мясцовасці шчырыя, руплівыя і простыя.

– Навучанне ў каледжы дазволіла атрымаць дзве прафесіі. І ў гэтым – вялікі плюс, – кажа малады чалавек. – Сёння я сумяшчаю асноўныя абавязкі электрыка з дастаўкай на «ГАЗ-53» розных грузаў, напрыклад, насення на палеткі гаспадаркі падчас пасяўной. Гэта не толькі добрая практыка для мяне як вадзіцеля, але і цудоўная магчымасць атрымаць дадатковы заробак. Акрамя таго, працягваю адукацыю. На гэты раз – завочную, па спецыяльнасці «тэхнік-механік» у Пінскім дзяржаўным аграрна-тэх-нічным каледжы імя А.Я. Кляшчова.

Пачатак працоўнай дзейнасці Аляксея супаў з яго пераездам у сельскую мясцовасць. А дакладней – у вёску Перунова. Малая радзіма бацькоў стала і для яго тым асаблівым месцам, куды імкнуцца душа і думкі. Менавіта гэтая зямля захоўвае карані яго роду і з’яўляецца крыніцай жыццёвых сіл.

– Мікашэвіцкай наша сям’я стала, калі я перайшоў у другі клас,  – расказвае суразмоўца. – Да гэтага  жылі ў Перунова, а ў доме дзядулі і бабулі рабіў першыя нясмелыя крокі, вымавіў першыя словы. Цяпер я – паўнапраўны гаспадар гэтага «гнязда».

Аляксею ў вёсцы сумаваць няма калі: жыве сам, паспяхова спраўляючыся з хатнімі клопатамі. З гаспадаркі на падворку пакуль што толькі трусы. Але гэта, па словах юнака, толькі пачатак. А яшчэ Алёша не проста марыць аб вялікім пчальніку. Ён шмат часу прысвячае вывучэнню спецыяльнай літаратуры, атрыманыя веды замацоўвае на дзвюх пчаліных сем’ях.

– Думаю, што галоўнымі матывамі, якія пераканалі б моладзь заставацца ў вёсцы, – не работа, не заробак і не жыллё. Каб назаўсёды пусціць тут карані, неабходна, перш за ўсё, жаданне. Бо калі чалавека не радуе ўсё, што вакол, ніякія матэрыяльныя даброты яму гэтага не кампенсуюць, – перакананы Аляксей. –  Таму, шчыра раю ўсім не баяцца працы і жыцця ў вёсцы. Тым больш, што ад цяжкасцей не схаваешся ні на апошнім паверсе самага высокага гарадскога будынка, ні за вясковай печчу.