Вышыўка з-пад юначай рукі

Наша першае, завочнае, знаёмства з гэтым чалавекам адбылося параўнаўча нядаўна і зусім нечакана для мяне. Завітаўшы на выставу твораў народных майстроў на раённым фестывалі-кірмашы “Дыжанкі-2018” у Вульцы 2, у захапленні спынялася каля многіх незвычайных экспанатаў.  Дзівавацца, і насамрэч, было чаму: залатыя рукі нашых землякоў здольныя ствараць сапраўдныя цуды.

Каля стэнда Чучавіцкага сельсавета прымусілі затрымацца незвычайнай прыгажосці вышытыя іконы, а яшчэ больш – рукатворны партрэт маладой матулі з немаўляткам. Карціна, здавалася, выпраменьвала незвычайнае святло, выклікала замілаванне, надоўга пакідаючы ў сэрцы цёплую радасць ад сціплага дотыку да мацярынскага шчасця. Зразумела, пацікавілася, хто аўтар гэтых шэдэўраў. Якім жа было здзіўленне, калі даведалася, што вышыў карціны малады жыхар аграгарадка Вялікія Чучавічы Руслан Рылач.

Сустрэчу з Русланам у доўгую скрыню адкладваць не стала. І вось мы – на парозе ўтульнага дома на адной з цэнтральных вуліц вялікага паселішча. Разам з гаспадыняй – маладой матуляй Аксанай – нас сустракае непаседлівы, цікаўны і вельмі гаваркі чатырохгадовы Сашка.

– Таты нашага дома няма, — тлумачыць гаспадыня. – Не так даўно пашчасціла ўладкавацца на пастаянную работу на прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, дык і на абед не заўсёды ўдаецца вырвацца. Але ж мы задаволены: раней даводзілася ездзіць на  заробкі ў Расію. Для маладой сям’і гэта не вельмі спрыяльна, ды і небяспечна. Да таго ж, работа была сезоннай. Вось і атрымалася, што ў вольны час, асабліва зімой, шукаў сабе занятак.

Так, спакваля, перайшлі да тэмы, якая і прывяла мяне ў сям’ю Рылачаў. Як высветлілася, першай за іголку ўзялася Аксана. Знаходзячыся ў водпуску па догляду за малым, маладая жанчына паспрабавала вышываць невялікія сурвэткі. Сашка часта перарываў занятак, патрабуючы ад матулі пастаяннай да сябе ўвагі. Пакінутай на стале незакончай вышыўкай аднойчы зацікавіўся тата. Быццам незнарок спытаў, ці складана гэта – ствараць з дапамогай іголкі і нітак малюнак? Паказаўшы “азы” вышыўкі мужу, Аксана нават і падумаць не магла, што ён захопіцца гэтай справай. Ды так, што ў майстэрстве пераўзыйдзе сваю “настаўніцу”.

Закончыўшы пакінутую жонкай сурвэтку, Руслан вырашыў узяцца за больш складаную задачу. Па пракладзенай сцяжыне, калі набываюцца яркія папяровыя сюжэты да будучай карціны і поўны набор нітак для ўвасаблення яе на канве, вырашыў не ісці. У інтэрнэце шукаў цікавыя малюнкі  і самастойна падбіраў патрэбныя па колеру ніткі. Іншы раз толькі на падрыхтоўку да пачатку работы ішло нямала часу. Затое потым поўнасцю аддаваўся занятку, які нечакана вельмі захапіў . Магчыма таму, што практычна штодня меў магчымасць бачыць мацярынскае шчасце ў асобе прыгажуні-жонкі і падрастаючага сына, неўзабаве і паявілася на тканіне выява  маладой матулі,  якая пяшчотна туліць да сябе немаўля. Нават усмешка на яе вуснах атрымалася вельмі натуральнай і цёплай.

Крыху пазней здолеў вышыць вобразы Збавіцеля і Божай Маці. Браўся і за больш дробныя творы. Праўда, абнародаваць вынікі нечаканага свайго захаплення не спяшаўся. Ды толькі кропкі расставіў час. Сёлета Аксана ўладкавалася мастацкім кіраўніком у мясцовы Дом культуры. Рыхтуючы выставу на раённыя “Дажынкі”, культработнікі звярталіся да вядомых вясковых майстрых з просьбай даць экспанаты. Хтосьці згаджаўся, нехта адмаўляў. І тады Аксана ўвечары нясмела спытала мужа, маўляў, колькі могуць ляжаць у шафе вышыўкі? Няхай парадуюць людзей! Не дужа ахвотна, але Руслан сказаў сваё важкае мужчынскае “так”.

У дзень “Дажынак” адбылася першая прэзентацыя твораў незвычайнага вясковага майстра. Цяжка сказаць, ці будзе ў яе працяг, бо часу сёння ў Руслана не стае на многія гаспадарскія клопаты: сям’я жыве ва ўласным доме, які маладым пакінуў бацька Сяргей Іванавіч. Дарэчы, дом старэйшы Рылач будаваў сам, калі пасля смерці жонкі з сынам вярнуўся з Віцебшчыны на малую радзіму ў Чучавічы. З вялікім стараннем уладкаванае бацькам (ён, дарэчы, жыве побач) жытло і сёння верай і праўдай служыць маладой сям’і.

Карыстаючыся невялікім перапынкам у размове, Сашка самавіта запрасіў на экскурсію па пакоях, гаспадарліва паказваючы мноства цацак. Вельмі смелы, ён чамусьці наадрэз адмовіўся фатаграфавацца, у слязах схаваўшы тварык на маміных гру-дзях. Падысці да фотаапарата задзіўся толькі, каб паглядзець, якімі на здымках атрымаліся татавы вышыўкі.

Прыгожымі. Хоць і застаюцца беражліва згорнутымі ляжаць у шафе: належным чынам аформіць дорагакаштуючае паспарту рукі ў гаспадароў, думаю, дойдуць няхутка. А як хацелася б, каб гэтая прыгажосць знайшла сабе месца ва ўтульным доме. Каб з часам акуратных і вытанчаных карцін станавілася больш і каб нязменна радавалі яны людзей сваёй узнёсласцю і непаўторнасцю. У думках шчыра жадала гэтага маладой сям’і і верыла – так і будзе. Патрэбен толькі час.