З пытаннямі – да пракурора

У рэдакцыі прайшла чарговая “Прамая лінія”. На пытанні жыхароў адказваў пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК.

Добры дзень, Аляксандр Паўлавіч! Вас турбуе інвалід 1-ай групы, жыхар Лахвы Павел Веляшкевіч. Жывем мы ўдваіх з жонкай, якая таксама з’яўляецца інвалідам 1-ай групы. На вуліцу не выходзім – калясачнікі. Вядома ж, без старонняй дапамогі абыходзіцца нам проста немагчыма. Колькі часу таму нам прызначылі чалавека, які павінен быў дапамагаць у быце. Але працаваў ён нядоўга. Атрымаў першую зарплату і больш не паказваўся. Мы патэлефанавалі ў сацыяльную службу, але там нам сказалі, каб самі шукалі сабе таго,  хто згадзіўся б нас даглядаць.   Ды толькі дзе мы яго знойдзем, калі нават за парог дома не можам пераступіць?

– Павел Аляксеевіч, абавязкова разбяромся ў вашай праблеме, пра што паведамім дадаткова.

Як стала вядома, у сувязі з паступіўшым зваротам пракуратурай раёна была праведзена праверка, у ходзе якой прааналізавана эфектыўнасць мер, прымаемых дзяржаўнымі органамі па захаванню бяспекі, жыцця і здароўя састарэлых грама- дзян. Устаноўлена, што за сям’ёй Веляшкевіч, дзе муж і жонка – інваліды 1-ай групы, з 28 верасня 2018 года быў замацаваны адзін з жыхароў в. Лахва. Аднак фактычна ён ажыццяўляў догляд  да 23 кастрычніка 2018 года – няпоўны месяц. Гэта засталося без увагі адказных асоб на пасадах. У выніку грамадзянін працягваў атрымліваць дапамогу па догляду за састарэлымі, не выконваючы сваіх абавязкаў.

Па патрабаванню пракуратуры ён вызвалены ад работы, а ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама без прамаруджвання прыняты меры па афармленню іншага чалавека, які прыступіў ужо да работы. Адначасова разглядаецца пытанне аб вяртанні ва ўстаноўленым законам парадку неабгрунтавана выплачаных сум дапамогі.

У адрас райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ухіленні выяўленых парушэнняў, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічалі. У дакуменце прапанавана прыцягнуць да адказнасці вінаватых асоб. Суб’-ектам прафілактыкі даручана актывізаваць работу па выяўленню выпадкаў знаходжання састарэлых грамадзян у небяспечным для жыцця становішчы, узмацніць кантроль за асобамі, якія ажыццяўляюць за імі догляд. Пры неабходнасці – не марудзячы прымаць меры па спыненню выплаты дапамогі ці вяртанню ўжо зробленых выплат. Адначасова запатрабавана больш строгім зрабіць падбор кандыдатаў для выканання догляду за інвалідамі 1-ай групы ці асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

Абарона пажылых грамадзян, якія па прычыне вельмі сталага ўзросту не могуць у поўнай меры рэалізоўваць свае правы і законныя інтарэсы, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач органаў пракуратуры.

Тэлефаную з Мікашэвіч. Мой муж разам з яшчэ некалькімі гараджанамі трапіў у непрыемную сітуацыю, згадзіўшыся стаць паручыцелем пры афармленні крэдытаў жанчынай, якую здавалася б, добра ведалі. У выніку яна набрала пазык у МТБанку, а вяртаць іх не збіраецца. Плаціць даводзіцца паручыцелям. Няўжо махлярка застанецца без пакарання?

– Ведаю, пра якую справу вы гаворыце. Па факце неправамерных дзеянняў гэтай грамадзянкі расследаванне праводзіць Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. Думаю, яе ўчынкам будзе да-дзена належная ацэнка. У сваю чаргу мы накіруем інфармацыю аб гэтым звароце ў пракуратуру Брэсцкай вобласці, якая ажыццяўляе нагляд за дзейнасцю УСК, для разгляду і прыняцця рашэння па сутнасці.

Не так даўно Лунінец прымусіў скалануцца жудасны факт забойства 8-месячнай дзяўчынкі. Ці ёсць новыя звесткі ў расследаванні страшнай трагедыі? І ўвогуле, якія меры сёння прымаюцца праваахоўнымі органамі па папярэджванню насілля ў сем’ях?

–  Для Лунінца гэты выпадак стаў самай сапраўднай трагедыяй. У тое, што адбылося, проста немагчыма паверыць. І ўсё ж… Сёння не бяруся гаварыць нешта канкрэтнае, бо Упраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці яшчэ вядзецца расследаванне па ўстанаўленню ўсіх абставін злачынства. Назначаны комплекс самых розных экспертыз. Маці дзяўчынкі і яе знаёмаму, якія ўтрымліваюцца пад вартай, прад’яўлена абвінавачванне па пунктах 2, 6, 13, 15 часткі 2 артыкула 139 Крымі-нальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (забойства заведама малалетняга, учыненае з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскага намеру, групай асоб). Пракуратурай Лунінецкага раёна сёння таксама праводзіцца праверка па ўстанаўленню прычын і ўмоў таго, што адбылося. Матэрыялы лягуць у аснову актаў пракурорскага рэагавання. Што датычыць увогуле злачынстваў, учыненых у быце, то сёння ўжо можна пэўна сказаць, што прававое поле для ўтаймавання дамашніх тыранаў сфарміравана. Прымаюцца дзейсныя меры для папярэджвання злачынстваў на бытавой глебе. І пракуратуры ў гэтай справе належыць каардынуючая роля. Нярэдка менавіта пракурор становіцца ініцыятарам узбуджэння крымінальных спраў. У тым ліку і ў выпадках, калі бакі, як гэта бывае нярэдка, паспелі памірыцца. Прычым, кожны выпадак сямейнага насілля разглядаецца індывідуальна і дасканала. У якасці доказу магу прывесці нядаўні выпадак з адной з гараджанак. Была яна разведзенай, але мела сужыцеля. Аднойчы ў ходзе сваркі п’яны мужчына яе моцна пабіў. Не шкадуючы, цягаў за валасы, біў рукамі, а калі ўпала – нагамі. Пасля гэтага падняў і нават завёў у дом. Да медыкаў за дапамогай жанчына так і не звярнулася і нават паспела дараваць крыўду сужыцелю. Але праз колькі дзён стан яе пагоршыўся. Яна была вымушана звярнуцца да ўрача, які і накіраваў у стацыянар. Паколькі на целе і твары хворай яшчэ заставаліся бачнымі сляды пабояў, звесткі трапілі ў праваахоўныя органы. Пракуратурай была ініцыіравана праверка. У выніку ў адносінах да сужыцеля ўзбудзілі крымінальную справу. І падобныя факты, на жаль, не адзінкавыя. Вядома, мы стараемся не пакідаць іх без увагі, але павінен сказаць, што эфектыўнасць папярэджвання гэтага сацыяльнага зла ўсё ж у вялікай ступені залежыць ад грамадскасці і, вядома ж, ад саміх асоб, у дачыненні да якіх заўважана насілле. Ім трэба памятаць, што такія рэчы дабром, як правіла, не заканчваюцца, а цярплівасць і ўсёдараванне ў такіх выпадках далёка не лепшыя якасці.

Добры дзень, Аляксандр Паўлавіч!  Думаю, што мяне падтрымаюць многія жыхары раёна. А спытаць хачу вось пра што. Ці ёсць управа на надакучлівых прадаўцоў разнастайнага посуду, коўдраў, фільтраў для вады і іншых непатрэбных рэчаў, якія настойліва прапаноўваюць, у маім разуменні, махляры? Дайшло да таго, што людзям бясконца тэлефануюць, запрашаючы на розныя промаакцыі, дзе некаторым умудраюцца-такі  “ўцюхаць” абсалютна непатрэбныя дорагакаштуючыя рэчы.

– Скажу адразу, што ў адпаведнасці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэкламе” распаўсюджванне рэкламы праз тэлефонную ці сотавую электрасувязь, электронную пошту дапускаецца толькі са згоды абанента. Распаўсюджвальнікі павінны па першаму патрабаванню без прамаруджвання спыніць навязванне рэкламы ў адрас гэтага абанента ці адрасата. Таму, як толькі патэлефануюць у чарговы раз, смела патрабуйце, каб вас больш не турбавалі. Уважліва чытайце разнастайныя дагаворы на аказанне паслуг тэлефоннай, факсі-мільнай, сотавай і іншай сувязі, заключаемыя ў пісьмовай форме. Калі там ёсць адпаведны пункт, вы ўправе патрабаваць выключыць яго, пра што ў дагаворы павінна быць адпаведная адзнака. У выпадку, калі вы ўсё-такі далі згоду на распаўсюджванне рэкламы па тэлефоне, дамоўленасць можаце ануляваць, накіраваўшы ў адрас рэкламадаўцы адпаведнае патрабаванне. Што датычыць розных промаакцый, то тут усё залежыць ад вас. Калі вы ўсё-такі вырашылі яе наведаць, мая вам парада – не заключайце дагаворы ў час прэзентацыі. Прадавец нікуды не дзенецца. Заўсёды лепш папрасіць у яго рэкламны лісток і дома добра падумаць пра неабходнасць гэтай пакупкі. Прыкладна гэтак жа варта ставіцца і да незнаёмцаў, якія ходзяць па дамах і офісах, прапа-ноўваючы разнастайны тавар. Акрамя ўсяго іншага, яны могуць аказацца звычайнымі махлярамі. Будзьце асцярожнымі.

Былая жонка пазбавіла мяне бацькоўскіх правоў на сына. Скажыце, ці магу я зараз патрабаваць экспертызы ДНК?

– Ну, па-першае, бацькоўскіх правоў вас пазбавіла не жонка, а суд і, думаю, для гэтага былі важкія прычыны. Калі я правільна вас зараз разумею, вы збіраецеся аспрэчваць бацькоўства? Але ж калі вы на момант адпаведнага запісу ў пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці ведалі, што фактычна не з’яўляецеся яго бацькам, і ўсё ж далі дазвол запісаць сябе такім, ваша патрабаванне аб аспрэчванні не можа быць задаволена.

– Тады я не сумняваўся.   Сумняваюся зараз…

– У такім выпадку можаце звярнуцца ў суд з адпаведнай іскавай заявай. Назначэнне судом экспертызы вырашаецца ў залежнасці ад канкрэтных абставін справы.

Наперадзе зіма, а значыць, час адноснага зацішша ў правядзенні разнастайных святаў. Але ж улетку нярэдка даводзілася быць сведкам, як пры наладжванні масавых мерапрыемстваў, асабліва ў вёсках, абвальваліся батуты, а надзіманыя горкі ўзнімаў вецер. Хто і як правярае гэтыя “самасційныя” атракцыёны на надзейнасць?

– Дзякуй за пытанне. Адзначу, што прафілактыка дзіцячага траўматызму знаходзіцца на асаблівым кантролі ў пракуратуры. На пастаяннай аснове ажыццяўляецца нагляд за адпаведнасцю правілам бяспекі дзіцячых гульнявых пляцовак і малых архітэктурных формаў, якія там знаходзяцца. Не абходзім увагай абсталяванне дваровых, а таксама  тэрыторый навучальных устаноў і спартыўных аб’ектаў. Такія праверкі праводзіліся і сёлета. Накіраваны яны, перш за ўсё, на захаванне бяспечнага выкарыстання спартыўнага абсталявання ў тых жа школах і дзіцячых садах, на папярэджванне выпадкаў утойвання фактаў траўматызму вучняў і выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў. На жаль, па-сёння трывожыць праблема абмежавання доступу непаўналетніх у закінутыя будынкі, падвалы і нават на дахі дамоў. Пракуратуры ўжо даводзілася ў адрас уладных структур уносіць  адпаведныя прадстаўленні, якія сталі пасылам для таго, каб тэрмінова ўхіліць выяўленыя парушэнні. Што датычыць атракцыёнаў, якія ўстанаўліваюцца падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, то пастараемся ў будучым звярнуць на іх пільную ўвагу. Абавязкова падключым да гэтай справы прадстаўнікоў улады на месцах, бо хто, як не яны павінны разам з уладальнікамі несці адказнасць за бяспеку забаўляльных аб’ектаў, на ўстаноўку якіх даюць дазвол.

Аляксандр Паўлавіч, дапамажыце, калі ласка, вырашыць маю праблему, падкажыце, куды звярнуцца. Паўтара месяца таму ў прыезджага гомельскага прадпрымальніка заказала дзверы, спакусіўшыся на танны іх кошт. Нават частку сумы заплаціла. Аднак да гэтага часу ні дзвярэй, ні грошай… Штораз па тэлефоне ён абяцае дзверы прывезці, але потым абавязкова нешта перашкаджае. У мяне ёсць копія дагавора.

– Пракуратура раёна не надзелена правам урэгулявання грама-дзянска-прававых спрэчак. Усе яны вырашаюцца ў судовым парадку. Мая парада: перад тым, як падпісаць дагавор, трэба ўважліва яго прачытаць, абавязкова азнаёміцца з тэрмінам пастаўкі і парадкам урэгулявання ўзнікаючых непаразуменняў. Тым жа дагаворам можа быць прадугледжаны парадак дасудовага ўрэгулявання спрэчкі. Такія выпадкі былі. Прачытайце ўважліва дагавор, магчыма, тэрмін пастаўкі яшчэ не закончыўся. Дарэчы, суд – гэта апошні крок у высвятленні адносін “прадавец-пакупнік”. Да гэтага ў выпадку невыканання грамадзянска-прававога дагавора, у прыватнасці, дагавора пастаўкі тавару ці куплі-продажу можна звярнуцца за кансультацыяй да ўпаўнаважаных па абароне правоў спажыўцоў па Брэсцкай вобласці. У вашым выпадку – у райвыканкам да загадчыка юрыдычнага сектара ці галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі.

Ці могуць звольніць работніка, калі ён хварэў    на працягу амаль пяці месяцаў?

– У адпаведнасці з заканадаўствам на агульных падставах наймальнік мае права скасаваць працоўны дагавор з работнікам пры няяўцы яго на працу па хваробе на працягу больш як чатырох месяцаў запар. Працоўны дагавор у такім выпадку можа быць скасаваны нават у час непрацаздольнасці работніка. Аднак суміраванне наймальнікам асобных перыядаў непрацаздольнасці з мэтай звальнення не дапускаецца. Адсутнасць на рабочым месцы на працягу чатырох месяцаў і болей, але з перапынкамі, не з’яўляецца падставай для скасавання працоўных адносін. Пры гэтым страта працаздольнасці ў сувязі з працоўным калецтвам ці прафесійным захворваннем гарантуе захаванне месца работы да поўнага выздараўлення чалавека ці ўстанаўлення яму  інваліднасці.

Нядаўна да майго суседа прыходзілі праваахоўнікі. Аказалася, што ён на сваёй старонцы “ВКонтакте” размясціў відэаролік, змест якога прызналі парнаграфічным. Цяпер сусед чакае суда. Але ж хіба гэта парушэнне? Ён жа   не рассылаў гэты ролік іншым…

– Не рассылаў, але і не абмежаваў доступ да яго, хаця абавязаны быў гэта зрабіць. На старонку, хутчэй за ўсё, свабодна заходзілі яго сябры, некаторыя знаёміліся са зместам відэароліка. І што гэта, як не распаўсюджванне забароненага? Часта грамадзяне, якія размяшчаюць матэрыялы парнаграфічнага характару на агульнадаступных рэсурсах, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, не задумваюцца аб магчымых наступствах сваіх дзеянняў ці спадзяюцца, што застануцца па-за межамі дасягальнасці для праваахоўнікаў. Такое меркаванне памылковае. Тым больш, што  няведанне закона не вызваляе ад адказнасці. Сёлета з пачатку года падобных крымінальных спраў было 10. Таму лічу своечасовым нагадаць, што выраб, захоўванне з мэтай распаўсюджвання і рэкламавання ці распаўсюджванне, рэкламаванне, трансляцыя або публічная дэманстрацыя парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, адлюстраванняў, кіна- і відэа-фільмаў ці сцэн парнаграфічнага зместу, іншых прадметаў адпаведнага характару караюцца грамадскімі работамі ці выпраўленчымі на тэрмін да двух год або арыштам. Тыя ж дзеянні, учыненыя групай ці па папярэдняй дамоўленасці або арганізаванай групай з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт, іншай сеткі электрасувязі, а разам распаўсюджванне, рэкламаванне, трансляцыя ці дэманстрацыя парнаграфічных матэрыялаў непаўналетняй асобай, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, можа пацягнуць за сабой пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 год. Ці варта ў такім выпадку рызыкаваць, ідучы на сумніўныя забавы?