Яслі-сад №12 атрымаў абласную ўзнагароду

Калектыў ясляў-сада №12 атрымаў дыплом ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблыканкама.
Узнагароду работнікам і выхаванцам прынесла навагодняя сюжэтна-гульнявая праграма, з якой яны ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурса Дзедаў Марозаў і Снягурак “Ёлка-Фэст-2018”. У аснове – казка “12 месяцаў” на сучасны лад. Злая мачыха адправіла дзяўчынку ў лес за клубніцамі. З дапамогай казачных герояў і падтрымкай зала ўсе перамясціліся ў памесце Марозіка Лунінецкага і Снежавічкі, дзе знайшлі патрэбныя ягады.

На днях пастаноўку прэзентавалі ў гарадскім Доме культуры для лунінецкіх гледачоў.

Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з лунінецкіх дзіцячых садкоў за падзеямі на сцэне назіраў і старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Пасля выступлення кіраўнік мясцовай улады ўручыў загадчыцы садка Марыі Пятроўскай сертыфікат на камп’ютар і прынтэр.

У той жа дзень работнікі ГДК паказалі малышам навагоднія прыгоды Дзюдзюкі і Дзеда Піхто.