Да 100-годдзя БССР: Свая цаліна і дзяржаўны Знак якасці

У пасляваенныя гады ў аднаўленне народнай гаспадаркі актыўна ўключыліся прамысловыя прадпрыемствы горада і раёна.
Лунінецкі чыгуначны вузел лічыўся адным з лепшых на Брэст-Літоўскай дарозе. Разам з “вялікай” чыгункай існавала і Люшчанская вузкакалейка, якой належала значная роля ў вывазе нарыхтаванай драўніны. Да 1 лістапада 1947 года ў дэпо быў выкананы гадавы план па рамонце паравозаў. Школа фабрычна-заводскога навучання № 37 не выпадкова была з чыгуначным ухілам. Другая школа ФЗН (№ 74) рыхтавала будаўнікоў.
Першыя калектыўныя гаспадаркі ўтвораны ў 1947 годзе, а ў пачатку 50-ых узяты курс на ўзбуйненне калгасаў. У раёне існавала свая цаліна – праводзілася расчыстка зямель ад хмызнякоў на сотнях гектараў, сіламі калгаснікаў праводзілася асушэнне асобных участкаў. Гэта дазволіла павялічыць плошчу ворыўных зямель на чвэрць.
За 1950-54 гады пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася ў 2,7 разы (у тым ліку кароў – у 3,4, свіней – у 7, авечак – у 6 разоў). Колькасць птушкі на фермах ўзрасла ў 5 разоў. Інкубатарная станцыя ў Кажан-Гарадку забяспечвала маладняком некалькі раёнаў. Падвоіліся надоі малака.
Створаная ў 1955 годзе Лунінецкая машынна-меліярацыйная станцыя (цяпер – ПМК-59) за 4 гады асушыла ў некалькіх раёнах каля 6000 га (у Лунінецкім – 1190 га). Гэта прынесла вялікую карысць сельскай гаспадарцы раёна. Калі ў 1953 годзе ўраджайнасць збожжавых была ўсяго 5,4 ц/ га, а бульбы — каля 40, то ў 1958-ым яна складала адпаведна 7,7 і 57 ц/га. За тыя ж гады ў 5 разоў вырасла вытворчасць мяса (свініны – у 4). Значную долю даходаў калгасы мелі за кошт ільну і канопляў.
Славу раёну прыносіў свінагадоўчы комплекс калгасу “Расія”, пабудаваны ў пачатку 70-ых для вырошчвання розных жывёл. Вытворчасць прадукцыі дасягала 600 тон у год. З 1980 года па 1990 г. калектыў пастаянна станавіўся пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, удзельнікам ВДНГ СССР, многія работнікі атрымалі дыпломы і імянныя падарункі. Начальнік комплексу Уладзімір Урбан, адзіны чалавек у раёне, хто быў удастоены звання “Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР”.
З восені 1972 года пачалося будаўніцтва Лунінецкага завода электрарухавікоў. У першую чаргу БУ-62 узвяло галоўны вытворчы корпус са зборачным, штамповачным, нарыхтоўча-абмотачным цэхамі і кацельні. Былі задзейнічаны спецыялісты з розных куткоў СССР, Венгрыі і ГДР. У 1976 годзе тры мадыфікацыі рухавікоў атрымалі дзяржаўны Знак якасці. У 1975-1985 гг. завод выпусціў больш як 3 мільёны электрарухавікоў.
Адначасова былі зроблены першыя крокі па ўзвядзенню жылля і аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы. За 70-80-я гг. непазнавальна змянілася аблічча Лунінца, асабліва раён вуліцы Чырвонай, дзе на месцы былой пусткі вырас мікрараён з сучасных будынкаў. Дамы таксама былі ўзведзены па вуліцах Блока, Заходняй.
У гэты ж час у Мікашэвічах пачалося будаўніцтва найбуйнейшага ў СССР і Еўропе драбільна-сартавальнага завода. Ужо ў 1975 годзе ўступіла ў строй першая чарга, у наступным – другая. У 1978-ым камбінат нярудных матэрыялаў зарабіў на поўную магутнасць. На сённяшні дзень РУВП «Граніт» з’яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам у Еўропе па здабычы і перапрацоўцы шчыльных горных парод.
Лунінеччына стала радзімай многіх вядомых людзей. Сярод лунінчан ёсць Героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, пісьменнікі, навукоўцы, дзяржаўныя дзеячы.
Павел Паўловіч з Дварца, паэт, кандыдат філасофскіх навук, у свой час быў самым маладым у краіне дэканам, узначальваў адзін з факультэтаў Ленінградскага ўніверсітэта. У Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце халадзільнай прамысловасці працаваў кандыдат тэхнічных навук Аляксей Дубініч з Любачына, а кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксандр Дземянчук – супрацоўнікам Інстытута матэматыкі Акадэміі навук Беларусі. Кандыдат тэхнічных навук Алег Пустаход з Лунінца працаваў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі.

На адгрузцы насеннага матэрыялу з механізаванага току ў паляводчыя брыгады ў калгасе “Новае Палессе”. 31 жніўня 1971 г.