Вытворчасць набірае абароты

У 2016 годзе ў Мікашэвічах адкрыўся цэх па перапрацоўцы рыбы доследнага рыбгаса “Лахва”, асноўнай прадукцыяй якога на працягу доўгага часу з’яўляліся вэнджаныя карпы, карасі, шчупакі, таўсталобікі і белыя  амуры. Калектыў з 5 чалавек узначаліла майстар-тэхнолаг  Наталля Клемпач.

Сёння тут працуюць 10 работнікаў. Двума тэхнолагамі ў сту-дзені 2019-га папоўніўся штат адміністрацыі. Як расказала Наталля Клемпач, дагэтуль яна была адзіным спецыялістам. Даводзілася не толькі наладжваць рабочы працэс, “цягнуць” усю папяровую работу, адказваць за арганізацыю аховы працы, але і навучаць персанал упраўляцца з абсталяваннем:

– Перш, чым даверыць тую ці іншую аперацыю апрацоўшчыкам рыбы, яе дасканала вывучала і выконвала сама, – кажа Наталля Уладзіміраўна. – А сваіх нюансаў хапае ўсюды. Удзячна за разуменне і старанне першапраходцам  – Валянціну Караніха, Людміле Івановай, Святлане Баброўнік і Алене Капліч, разам з якімі працуем дагэтуль. Цяпер ужо яны навучаюць маладых. Значна пашырылі асартымент выпускаемай прадукцыі: акрамя вэнджаніны вырабляем філе, наборы для юшкі, фарш з ласосевых відаў рыб, а нядаўна – паўфабрыкаты для шпрот. Каб самім выпускаць такую прадукцыю, пакуль не хапае патрэбнага абсталявання. У першую чаргу – аўтаклава. Яго нам абяцаюць набыць прыкладна праз 2 месяцы, пасля чаго ў продажы паявяцца шпроты нашага цэха ў спажывецкай упакоўцы.

Калектыў будзе павялічвацца ў залежнасці ад асваення магутнасцей. Ужо сёння адчуваем патрэбу ў 8 апрацоў-шчыках рыбы. На работу набіраем не толькі жанчын, але і мужчын. У дапамогу да Валянціна Караніхі прыйшлі Дзмітрый Куліцкі, Сяргей Макаед і Віктар Маскальчук. Усе яны заняты на лініі па вэнджанню рыбы, а калі ёсць патрэба, то займаюцца выгрузкай рыбы і адгрузкай гатовай прадукцыі. Ручной працы пакуль шмат, аднак стараемся кожны працэс механізаваць. Асвоіць выпуск новых відаў з такой абмежаванай колькасцю работнікаў дазволіла  набыццё наколачнай лініі і машыны для адрэзвання галоў і хвастоў.

Рабочы працэс пакуль ладзім у адну змену. З нарошчваннем вытворчасці прадугледзім двухзменны графік. Магутнасці цэха дазваляюць перапра-  цоўваць не толькі сыравіну Лахвенскага рыбгаса, але многіх іншых. На сённяшні дзень супрацоўнічаем з рыбгасамі “Трэмля”, “Лактышы”, “Днепрабугскі”, таксама з прыватным прадпрымальнікам Мазурэнка. Рыхтуем таксама паўфабрыкаты з рыбы для гарачага вэнджання для ТАА “Азума”. Прадукцыю, вырабленую з давальніцкай сыравіны, накіроўваем у асноўным яе заказчыкам. Сваю ж рэалізоўваем як на месцы ў цэху, так і ў гандлёвых кропках рыбгаса, а яшчэ ў магазінах Мікашэвіч, Лунінца, Калінкавіч. Набыць яе можна і  падчас кірмашоў.

У студзені працаўнікі выпусцілі 4 тоны 100 кілаграмаў гатовай прадукцыі, тады як у снежні 2018-га – толькі 1 тону.

Разам з Наталляй Уладзіміраўнай накіраваліся на вытворчасць. Перш, чым трапіць у рабочую зону, зазірнулі ў прасторны пакой для прыёму ежы, наведалі акуратныя раздзявальні і пакоі гігіены. Затым апранулі халаты, прайшлі праз санпрапускнік, дзе апрацавалі рукі антысептыкам. І вось мы каля размешчанага непадалёк ад уваходных дзвярэй участка па фасоўцы гатовай прадукцыі. Алена Капліч і Святлана Баброўнік акуратна ўпакоўвалі ў цэлафанавыя пакеты фарш з ласосевых рыб і ўзважвалі яго на электронных вагах. У кожным павінна быць роўна 500 грамаў. Прасторны і светлы ўчастак з серабрыстым канвеерам для раздзелкі рыбы сустрэў ціхім шорахам працуючай мясарубкі. З яе дапамогай раздзелачніцы  Людміла Іванова і Наталля Богдан выраблялі фарш.

Не наведаць цэх вэнджаніны было проста немагчыма. Адсюль тонкім струменьчыкам цягнуўся заварожваючы пах свежапрыгатаванай рыбы. Гэта Сяргей Макаед разам з калегамі толькі што выкаціў з печаў вялікі кантэйнер з залацістай кількай, – так апетытна выглядае аснова для будучых шпрот.

На заканчэнні экскурсіі майстар-тэхнолаг расказала, што вытворчасць прадукцыі з рыбы безадходная. Непрыгодныя для ежы рэшткі замарожваюцца і прадаюцца на корм жывёле.  Іх за невялікі кошт можна набыць у цэху.