Аб развіцці вёскі, будаўнічай галіны і ЖКГ

Тры новыя Дырэктывы падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву нумар 6 «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны».

У дакуменце выкладзены рашэнні, прынятыя 3 красавіка 2018 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы ў час мерапрыемства задачы, мэты далейшага развіцця аграрнай галіны і механізмы іх рэалізацыі.

Асноўныя палажэнні Дырэктывы, выкананне якіх дасць магчымасць дасягнуць пастаўленых мэт, датычацца забеспячэння ўстойлівага развіцця і функцыянавання аграпрамысловага комплексу, правядзення канкурэнтнай эканамічнай палітыкі для дасягнення эфектыўнага функцыянавання рынку сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання, забеспячэння ўстойлівага развіцця тэрыторыі сельскай мясцовасці, занятасці сельскага насельніцтва і павышэння ўзроўню яго жыцця.

Палажэнні дакумента таксама накіраваны на ўзмацненне залежнасці ацэнкі работы кадраў ад стану вытворчай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для сельскагаспадарчай вытворчасці.

Пры выкананні ўстаноўленых Дырэктывай заданняў да канца 2020 года аб’ёмы вытворчасці малака ў краіне павінны дасягнуць 9 млн т у год, прадукцыі гадоўлі жывёлы і птушкі — 1,8 млн т. Павінен быць забяспечаны рост прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы на 40 працэнтаў і ўзровень заработнай платы ў галіне не ніжэйшы за ўзровень, што складваецца ў сярэднім у эканоміцы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву нумар 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны».

У дакуменце выкладзены рашэнні, прынятыя 20 кастрычніка 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе, даручэнні і патрабаванні кіраўніка дзяржавы па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Асноўнымі мэтамі, што вызначаюць перспектыўныя напрамкі развіцця галіны, з’яўляюцца павышэнне якасці паслуг і правядзенне справядлівай тарыфнай палітыкі, аказанне дзяржаўнай падтрымкі малазабяспечаным і сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян, удасканаленне работы з насельніцтвам, развіццё механізмаў грамадскага кантролю ў сферы ЖКГ, стымуляванне грамадзян да ўдзелу ў рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў у жыллёвым фондзе, шырокае ўключэнне насельніцтва ў работу па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.

Дырэктыва таксама накіравана на ўдасканаленне абыходжання з камунальнымі адходамі (скарачэнне аб’ёмаў іх накаплення, больш глыбокая перапрацоўка і другаснае выкарыстанне гэтых адходаў), паэтапная адмова ад поліэтыленавай упакоўкі з яе замяшчэннем экалагічна бяспечнай, у тым ліку са шкла і паперы.

Комплекснае вырашэнне пастаўленых задач дасць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг і работы з насельніцтвам, забяспечыць павышэнне камфортнасці ўмоў пражывання, стварыць умовы для павышэння эфектыўнасці арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устойлівага развіцця аб’ектаў камунальнай інфраструктуры, забяспечыць удасканаленне структуры кіравання ЖКГ і павысіць узровень прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для галіны.

У 2020 годзе плануецца дасягнуць уводу 3,6 млн. кв.м агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту і павялічыць да 25 працэнтаў узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў. У 2025 годзе плануецца забяспечыць 100 працэнтаў спажыўцоў якаснай пітной вадой.-0-

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву нумар 8 «Аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны».

У дакуменце выкладзены рашэнні, прынятыя 23 лістапада 2018 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе, змешчаны пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы па ўстараненні існуючых у галіне праблем і павышэнні яе эфектыўнасці. Яны датычацца выканання нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў, у тым ліку жылых дамоў, падтрымання сярэдняга кошту квадратнага метра жылля, што будуецца з дзяржпадтрымкай, у памеры, які не перавышае сярэднямесячную заработную плату, зніжэння да аднаго года тэрміну накіравання шматдзетных сем’яў на будаўніцтва жылля.

Рашэнні, выкладзеныя ў Дырэктыве, будуць садзейнічаць развіццю гарадоў-спадарожнікаў, павелічэнню аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля, комплекснаму развіццю тэрыторый населеных пунктаў, павышэнню якасці і скарачэнню тэрмінаў падрыхтоўкі праектнай дакументацыі, устойліваму развіццю і росту эфектыўнасці арганізацый будаўнічага комплексу, павышэнню іх канкурэнтаздольнасці на ўнутраным і знешніх рынках.

Дакумент таксама накіраваны на павышэнне ўзроўню вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і плацежнай дысцыпліны ў будаўнічай галіне, скарачэнне колькасці адміністрацыйных працэдур і спрашчэнне парадку іх ажыццяўлення на ўсіх этапах будаўніцтва, укараненне інфармацыйных тэхналогій у праектаванні і будаўніцтве, стварэнне эканамічных і сацыяльных умоў для захавання кадравага патэнцыялу галіны.

Сістэмная рэалізацыя прынятых рашэнняў дасць магчымасць будаўнічай галіне выйсці на якасна новы ўзровень развіцця, забяспечыць патрэбнасці нацыянальнай эканомікі ў высокаэфектыўнай будаўнічай прадукцыі і насельніцтва якасным і даступным жыллём. Будуць скарочаны тэрміны і кошт будаўніцтва, зніжана матэрыяла- і энергаёмістасць, павышаны якасць і канкурэнтаздольнасць прадукцыі, а таксама нарошчаны экспартны патэнцыял.