«Вялікая размова з Прэзідэнтам»

«Вялікая размова з Прэзідэнтам» сабрала больш за дзвесце ўдзельнікаў, пытанні задаваліся і ў жывым, і ў інтэрактыўным фармаце. Гаварылі аб усім: аб незалежнасці, аб бяспецы, аб палітыцы, аб бізнесе, аб зарплатах і пенсіях, аб жыллі, аб адукацыі, аб мове, аб спорце, аб музыцы, аб жанчынах… Здаецца, пад час гутаркі не засталося без увагі ніводнай актуальнай тэмы.

Аляксандр Лукашэнка павітаў прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ і экспертнай суполкі і звярнуў увагу на тое, што ў размове належыць даць аб’ектыўную ацэнку ў адносінах самых гучных тэм, якія асабліва хвалююць грамадства. Паводле яго слоў, усё, што сёння прагучыць ў зале, стане асновай для падрыхтоўкі важнай для краіны падзеі – штогадовага Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на моцнае развіццё медыйнай прасторы, зараз адчуваецца дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі. Адна з прычын – так званыя фэйкавыя навіны, лічыць кіраўнік дзяржавы. “Яны імгненна распаўсюджваюцца, захопліваюць аўдыторыю, бударажаць думкі. Потым, вядома, абвяргаюцца, але градус напружання ў грамадстве не падае, – сказаў ён. – І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе пра вялікую палітыку, небяспека ад падобнага роду інфармацыйных укідаў павялічваецца значна”.

Беларусі і Расіі наканавана быць разам

Адказваючы на пытанне ад прадстаўніка радыёстанцыі «Говорит Москва», Прэзідэнт у чарговы раз падкрэсліў, што Беларусі і Расіі наканавана быць разам. «Нават калі наш старэйшы брат, ну, не вельмі такі-сякі і г.д. Ну, братоў жа не выбіраюць. І ў нас мора недахопаў. Мы таксама не заўсёды, ведаеце, пушыстыя і беленькія. Гэта жыццё, да гэтага трэба спакойна ставіцца, але мы павінны быць разам», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён вітаў рост увагі расійскага кіраўніцтва да лёсу Саюзнай дзяржавы, пры гэтым выказаў здзіўленне, чаму ў Расіі толькі праз два дзесяцігоддзі вярнуліся да дамовы аб стварэнні структуры.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Расія — не толькі дзве родныя краіны, краіны завязаныя эканамічна. «Ведаеце, калі я вызначаўся на досвітку нашай незалежнасці, з кім быць і як быць, шмат у чым лёс нашай дзяржавы і маю палітыку абумовіла тое, што мы не толькі як людзі завязаныя адна на адной, мы родныя. Але пад гэта ўвесь эканамічны базіс быў падведзены. Наша эканоміка была фінішнай высокатэхналагічнай вытворчасцю, і мы пералапачвалі вялікую колькасць рэсурсаў, камплектуючых і іншае з Расійскай Федэрацыі перш за ўсё. Многія фактары мяне падштурхнулі да таго, каб мы мелі вось такія цесныя саюзніцкія адносіны з нашай брацкай Расіяй «, — адзначыў ён.

З тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякіх войн і канфліктаў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на навіну, што Польшча да 2026 года на абарону плануе выдаткаваць 50 мільярдаў долараў. Аднак, па яго меркаванні, калі б Расія паспрабавала неяк пашырыць сваю армію на захад ад Масквы, на гэта так спакойна б не глядзелі. Прэзідэнт прапанаваў выпрацоўваць аднолькавыя крытэрыі і ацэньваць такія падзеі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “З тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякіх войн і канфліктаў. Перш за ўсё ў адносінах Польшчы. Нам гэта не трэба”.

“Мы прызвычаіліся да таго, што не ўсе вітаюць спакойнае жыццё і паступовае развіццё невялікай краіны ў цэнтры Еўропы. Што не выклікае захаплення абраны Беларуссю курс сацыяльна арыентаванай дзяржавы, падчыненай інтарэсам чалавека”, – працягнуў Прэзідэнт. На яго думку, гэты факт правакуе найбольшую колькасць нападак на нашу ўнутраную палітыку з боку неафіцыйных і ананімных крыніц.

У Расіі і яе лідара Уладзіміра Пуціна няма намераў паглынуць Беларусь

«Ніякіх замашак з боку, па меншай меры, Прэзідэнта Расіі, што Беларусь трэба інкарпараваць ці ўключыць у склад Расіі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра беларуска-расійскую інтэграцыю, заклікаў вырашаць у першую чаргу такія надзённыя пытанні. «Нам нельга загубіць тое, што добра. У нас хапае праціўнікаў, а, можа, нават ворагаў, — сказаў ён. — Гэта патэтыка, напэўна, але мы з вамі адказваем за славянскі свет, славянскую цывілізацыю. І калі мы загубім гэта, нашым дзецям будзе цяжка «

Прэзідэнт падкрэсліў, што за час, які прайшоў пасля развалу Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. «Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як шмат хто ў Расіі кажуць, пра ўключэнне Беларусі ў склад Расіі, 98% прагаласуюць супраць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. і беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. што ў гэтым дрэннага? «

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным перш за ўсё наладзіць больш эфектыўную працу дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы.

Пра саюзную ідэнтычнасць

Расійскі палітычны эксперт Сямён Уралаў, шэф-рэдактар медыя-пляцоўкі “СОНАР 2050”, расказаў, што ўдзельнікі праекта, які пазіцыянуе сябе як фабрыка саюзных думак, прыйшлі да цікавых вынікаў наконт пакаленняў, якія сацыёлагі абазначаюць літарамі Y і Z. “Яны сапраўды інакш арыентаваныя, па-першае, у сілу суверэннага развіцця, але і з-за глабальнай ідэнтычнасці, бо фільмы, якія яны глядзяць, не нашы, яны арыентуюцца на іншыя гаджаты, на камп’ютарныя гульні і іншае. Гэтае пакаленне арыентуецца ўжо не столькі на сродкі масавай інфармацыі, колькі на новую з’яву XXI стагоддзя — масавыя камунікацыі. Гэта блогеры, ютуб-каналы, тэлеграм-канал. І вось, што ў Расіі, што ў Беларусі менавіта сродкі масавай камунікацыі ў многім стаяць з аднаго боку на антыдзяржаўнай пазіцыі… Яны канкрэтна парушаюць нашу бяспеку… І нашу саюзную ідэнтычнасць”.

“Нягледзячы на тое, што гэта новае пакаленне, асаблівае, іншае, не кажу – добрае або кепскае… Яно толькі з’явілася і павінна прайсці шмат часу, каб даць ацэнку. Пакуль аб’ядноўвае гэта пакаленне і ў нас, і ў вас у Расіі, адно – яны разумеюць, што беларусы і расіяне – блізкія, браты. І гэта добра. Канешне, ёсць група людзей, якія думаюць інакш. Але ў цэлым гэта ўласціва і вашаму і нашаму пакаленню Y і Z,”, – адказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца сродкаў масавай інфармацыі, то расіяне ў Беларусі не адчуюць, што знаходзяцца за мяжой. Бо тут транслююцца ўсе расійскія СМІ. “Вы “прастрэльваеце” Беларусь і трапляеце практычна да Берліна сваімі СМІ. А якія вы ведаеце беларускія СМІ, якія “прастрэльваюць” Расію да Уладзівастока?”, – задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Аб выбарах

Прадстаўнік Беларускага радыё нагадаў, што раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што ўлада ў бліжэйшы час будзе здаваць экзамен. Якую адзнаку ён чакае?

Кіраўнік дзяржавы адказаў, што ў сакавіку-красавіку будзе прынята рашэнне аб тэрмінах правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. І гэта экзамен для ўсіх. “Усе будзем здаваць экзамен. І перад народам даваць справаздачу”, — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што ўлада яго вытрымае, але трэба дзейнічаць сумленна, у тым ліку з боку СМІ.

Пра інфармацыйную бяспеку, свята БНР, Курапаты і нацыянальную ідэнтычнасць

Журналіст “Еўрарадыё” задаў пытанне пра інфармацыйную бяспеку. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што яго больш хвалюе не пагроза па-за межамі краіны, а наколькі мы здольны і гатовы абараняцца. “Любыя гарачыя сутыкненні пачынаюцца з інфармацыйных войнаў. І мы павінны ўмець ім процістаяць”, – лічыць Прэіздэнт. Гэтае пытанне ўжо сёння вырашаецца, запэўніў кіраўнік дзяржавы.

“Давайце будаваць сваю інфармацыйную бяспеку не за кошт іншых ці за кошт нападкаў на іншых”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён дадаў: “Мы ўсе прыхільны з вамі, і я перш за ўсё, да нашых суверынітэту і незалежнасці. Толькі ў нас розныя метады барацьбы за гэта”.

Другое пытанне прадстаўнік “Еўрарадыё” задаў наконт беларускай мовы і вышэйшай навучальнай установы, дзе бы выкладалі па-беларуску. Прэзідэнт адказаў, што пытанне наконт ВНУ прапрацоўвалася. У Беларусі дастаткова прадметаў выкладаюць на беларускай мове, упэўнены Прэзідэнт.

Наконт нацыянальнай ідэнтычнасці, Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, что трэба паказваць, чым беларусы адрозніваюцца ад іншых народаў, нашы нацыянальныя рысы.

Што датычыцца святкавання 101-годдзя БНР, Прэзідэнт заявіў: «Святкавання на стадыёне «Дынама» – гэтага не будзе. Мэр горада гэта чуе», – сказаў ён.

Звярнуўся Прэзідэнт і да тэмы Курапатаў. Ён нагадаў, што даручыў паставіць помнік у Курапатах. “Неабходна прывесці месца ў парадак – там пахаваныя нашы людзі”, –. адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і пытанні ацэнкі гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Прэзідэнт адзначыў, што тычыцца ролі і значэння БНР, «мы спакойна рухаемся ў напрамку таго, каб разабрацца — як было і што было — без прапаганды».

Ён падкрэсліў, што вялікая роля ў дзяржаве — у адзінстве народа: «У нас сваіх праблем дастаткова. Ніякія бязладзіца — ні з Расіі, ні з Захаду, ні далей — ніхто нас не згорне, калі мы тут будзем адзіныя. Калі мы будзем дзейнічаць так, як мы з вамі гэта разумеем, так, як у нас у галовах. А не так — думаем аднолькава, а паводзім сябе па-рознаму».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Мы дагэтуль не змаглі выразна сфармуляваць нацыянальную ідэю, такую, якая б захапіла ўвесь народ. Усё, што мне прапаноўвалі, збіта, нешта не падыходзіць нам. Быў бы надзвычай удзячны, калі б нехта сфармуляваў гэту ідэю і пераканаў мяне ў тым, што гэта тое, што трэба, каб яна лягла на душу народу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пагадзіўся, і што ідэалагічная работа ў краіне праводзіцца недастаткова якасна. “Час змяніўся, трэба ісці іншым шляхам, — сказаў ён. — Патрэбны новыя формы, флэш-мобы, тое, што будзе зразумела моладзі. Ідэалогія павінна быць больш скіраваная на моладзь”. Пры гэтым мы не павінны капіраваць тое, што робяць суседзі, калі ў нас ужо ёсць сваё.

Палітолаг Вадзім Гігін звярнуў увагу на тое, што мы самі павінны фарміраваць парадак дня, шукаць у гісторыі факты, на якія трэба звяртаць асаблівую ўвагу. На яго думку, нацыянальная ідэя, мабыць, і не да канца, але ўжо сфарміравалася.

Аляксандр Лукашэнка не зусім пагадзіўся. На яго думку, нацыянальная ідэя павінна быць асаблівай, класціся на душу і сэрца. “З майго пункту погляду, мы гэту нацыянальную ідэю не выпрацавалі, такую, за якую магчыма захапіцца”, — пракаменціраваў Прэзідэнт. Мабыць час не прыйшоў.

Што датычыцца ідэалогіі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта няпростая праца, ідэолагі – штучны тавар.

Пра Эканамічны пояс Шаўковага шляху

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў індустрыяльны парк “Вялікі камень” жамчужынай у праекце Вялікага Шаўковага шляху. Аднак кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта можа нашкодзіць нашай эканоміцы, калі пакінуць без кантролю: “Таму што там беспрэцэдэнтныя ільготы для інвестараў. Калі яны пачнуць вырабляць трактары накшталт МТЗ, вядома ж, дзе ж наш трактар будзе з імі канкурыраваць?” – запытаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт акцэнтаваў, што там не павінны быць прадпрыемствы, якія будуць ствараць нездаровую канкурэнцыю айчынным. А калі яны і будуць існаваць, то прадукцыя будзе ісці не на наш рынак. Аднак пакуль што ствараюцца сумесныя прадпрыемствы. Да таго ж у індустрыяльным парку могуць будаваць свае прадпрыемствы і іншыя краіны, а не толькі Беларусь і Кітай, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Не было пытання, з якім бы я звярнуўся да кіраўніцтва Кітая і ён не быў бы вырашаны”, – так адказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, як пасля праблем з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расію, кітайскі лідар з задавальненнем пагадзіўся адкрыць свой рынак для беларусаў. Менавіта гэта дазволіла нам прыблізіцца да формулы “30-30-30”, калі па траціне экспертных патокаў прыходзіцца на Расію, ЕС і далёкія рынкі.

Другі напрамак – пабудова кітайцамі пад кітайскія ж досыць танныя крэдыты на тэрыторыі Беларусі электрастанцый, прадпрыемстваў, правядзенне мадэрнізацыі.

Магчымае размяшчэнне ракет сярэдняй і меншай дальнасці ва Украіне — гэта катастрофа

«Калі ва Украіне будуць размешчаны такія ракеты — гэта катастрофа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба разумець, расіяне не могуць дапусціць, каб гэтыя ракеты былі там размешчаны. Мы з расіянамі абсалютна будзем салідарныя. Таму ні ў якім разе нельга рабіць у гэтым кірунку крокі Украіне».

Прэзідэнт Беларусі не першы раз выказвае занепакоенасць магчымым размяшчэннем у Еўропе ракет малой і сярэдняй дальнасці. Як кіраўнік дзяржавы ён у першую чаргу трывожыцца ў гэтай сувязі за Беларусь. «І не хацелася б, каб у старой матухне-Еўропе загарэлася нейкая, не дай бог, ядзерная катастрофа».

Еўразійскі эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца

“Калі шчыра, я вялікіх надзей не ўскладаю ў плане Еўразійскага эканамічнага саюза, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Занадта шмат насцярожанасці і рознагалоссяў. Больш за тое – эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца”.

Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікую колькасць выключэнняў у гандлёвых адносінах і на невыкананне уласна прынятых рашэнняў у рамках ЕАЭС. Паводле яго слоў, калі ўносяцца разумныя прапановы па вырашэнні той ці іншай праблемы, то рашэнне “выпустошваецца да такой ступені, што яно не мае ўжо ніякага значэння”. “Нават свабоднае перамяшчэнне, адсутнасць межаў у эканоміцы для тавараў, капіталаў, людзей і іншае, кожная краіна спрабуе абысці і заблакаваць гэты рух. Таму ў нас узнікаюць праблемы”, – упэўнены Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сустрэчы ў Сочы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным падатковы манеўр закранаўся «толькі ў кантэксце, калі абмяркоўвалі пытанні, што мы ні ў якім разе не павінны сёння рабіць, таму што гэта парушыць баланс нашых адносін. “Калі мы пералічвалі гэтыя пытанні, у нас было поўнае разуменне, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я сказаў, што калі ў Расіі ёсць нейкія праблемы, складанасці з грашовымі сродкамі – добра, тады мы не ставім пытанне аб падатковым манеўры, калі гэта цяжка для Расіі”.

У нашай краіне ўжо дастаткова магчымасцяў для бізнесу

Яраслаў Раманчук запытаў, ці лічыць кіраўнік дзяржавы, што за апошнія тры гады беларусы сталі гатовыя да рэформ, якія неабходныя нам для эканамічнага росту? Таксама эканаміст прапанаваў зрабіць лакаматывам рэгіёнаў вялікі і сярэдні бізнэс, але сказаў, што трэба перастаць іх “кашмарыць” з боку сілавых структур. Ці надышоў час змяніць парадак прыняцця эканамічных рашэнняў, каб разняволіць бізнес?

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканамічна нельга быць абсалютна незалежным, бо заўсёды трэба весці гандаль і нешта набываць у іншых краін. Гэта характэрна для любой дзяржавы, нават Расіі.

“Што датычыцца свабоды, я ўжо не ведаю, якая тут свабода патрэбна для таго, каб сёння працаваць і зарабляць. Я гляджу на “Контэ”, “Санта Брэмар”. Мне падаецца, хай яны не алігархі, не супербагатыя, але яны як бізнесмены вядуць сваю справу ў Беларусі, маюць свой дастатак”, – адказаў Прэзідэнт. На яго думку, у нашай краіне ўжо дастаткова магчымасцяў для бізнесу. “Што датычыцца сілавікоў, тут вы перабольшваеце, што яны прымаюць рашэнні па эканамічным пытанням”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пра падтрымку дзяржавай беларускіх прадпрыемстваў

Александр Машэнскі, генеральны дырэктар кампаніі “Санта-Брэмар” працягнуў размову пра становішча бізнесу ў Беларусі. Ён запрасіў Прэзідэнта ўзяць удзел у абмеркаванні з прадпрымальнікамі найбольш актуальных пытанняў. Бізнесмен выказаўся і пра сельскую гаспадарку: “Першы калгас, у які мы пайшлі з інвестыцыямі – гэта парадку 40 мільёнаў долараў – толькі зараз, пасля 10 гадоў, пачаў даваць аддачу. Цяпер мы гатовыя да наступнага кроку”.

Аляксандр Машэнскі лічыць, што ва ўсякім разе ў Брэсцкай вобласці сельская гаспадарка, дзякуючы палітыцы дзяржавы, падымаецца на ногі і становіцца больш прывабнай для інвестыцый.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што і бізнесу трэба вучыцца: з сотняў тых, хто пачынае сваю справу, адзінкі становяцца паспяховымі бізнесменамі.

Пра пенсіі

Старшыня Таварыства беларускай мовы, член Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім запытала наконт пенсій. У працаўнікоў рэальнага сектара эканомікі пенсіі часцей за ўсё ніжэйшыя за 400 рублёў, пры гэтым яны не могуць атрымаць якасныя медыцынскія паслугі. Дэпутат пагадзілася, што мы не можам адначасова падняць усім пенсіі, але маглі б разгледзець варыянт ільготнага праезду і аплаты медыцынскіх паслуг.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што ў нас невялікія пенсіі. З гэтым трэба разбірацца, як і з дэмаграфічнай сітуацыяй. «Разбяромся з мнагадзетнымі сем’ямі, а то праз 30 гадоў нікога не застанецца, таму што жанчыны нараджаць не хочуць, мужыкоў нармальных няма. А там і пенсіямі зоймемся», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка паабяцаў беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сям’і

«У бліжэйшы час мы прымем рашэнні. Яны павінны быць беспрэцэдэнтнымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — гэта жыллё. Калі трэцяе дзіця нарадзілася і ты ўмоўна атрымліваеш бясплатна кватэру ад дзяржавы, думаю, будуць нараджаць».

Галоўнае пажаданне Прэзідэнта за некалькі дзён да жаночага свята 8 Сакавіка — каб беларускі нараджалі пабольш дзяцей. «Гэта і для краіны вельмі важна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Двое вашых, а трэці — мой. Гэта жалезабетонна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць шматдзетную сям’ю адзіным выратаваннем для народа, асабліва ў святле тэндэнцыі скарачэння нараджальнасці, якая захапіла ўсю Еўропу. Нават у шматнацыянальнай Расіі, дзе моцныя традыцыі шматдзетных сем’яў у розных народнасцяў, усё роўна гэтая тэндэнцыя прасочваецца.

Пры гэтым Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што знайсці сапраўдных мужчын у Беларусі нашым жанчынам не так проста. «З мужыкамі, вядома, бяда», — прызнаў Аляксандр Лукашэнка, спаслаўшыся на вялікую колькасць тых, хто мае адтэрміноўку ад войска.

Пра моўнае пытанне

Грамадскі дзеяч Алег Трусаў звярнуў асаблівую ўвагу на мову. Зараз абсалютная большасць законаў выходзіць па-руску. Па яго словах, суддзі нават наймаюць перакладчыкаў, каб разабрацца ў беларускамоўных справах. На думку Алега Трусава, кожны суддзя павінен ведаць дзве мовы. Таксама ён папрасіў Палату прадстаўнікоў і Савет міністраў дубліраваць законы на дзвюх мовах.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што беларуская мова, як і руская, для яго родная. На яго думку, не трэба іх ставіць у процівагу, але і насаджваць такія паняцці, як “рускі свет” не трэба. У нас беларусы размаўляюць на рускай, таму гэта частка і нашай культуры. Прэзідэнт пагадзіўся, што мова – гэта тое, што нас адрознівае ад рускіх і ад іншых нацыянальнасцяў. Гэта асаблівасць народа. Трэба падтрымліваць і гэтыя тэндэнцыі.

Наконт выдання законаў на двух мовах Аляксандр Лукашэнка адказаў, што гэта магчыма, але пацягне дадатковыя выдаткі.

Пра кампенсацыю савецкіх укладаў

Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч спытаў, ці знойдзе дзяржава магчымасці вярнуць людзям грошы, якія «згарэлі» на банкаўскіх ўкладах пасля развалу СССР.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыць ураду пралічыць, пра якую суму ідзе размова. «Каб сказаць, у якія тэрміны мы вернем гэтыя грошы, трэба паглядзець, якая гэта сума, з улікам дэнамінацыі, каб суаднесці з бюджэтам. Абяцаю вам, што адкажу на гэта пытанне. Калі гэта пацягне на ўзровень Паслання, то скажу пра гэта ў Пасланні Прэзідэнта народу і парламенту», -адказаў кіраўнік дзяржавы.

Уладу перадаваць па спадчыне не буду

Карэспандэнт “Радыё Свабода” Валянцін Жданко спытаў Прэзідэнта, які са шляхоў транзіту ўлады яму найбольш імпануе, які, на яго думку, найбольш карысны для краіны.

“Абяцаю вам, што на той свет мяне з прэзідэнцкага крэсла не панясуць, – адказаў Аляксандр Лукашэнка. – Другое: я вам абяцаю, што дзеля сваіх дзяцей не буду трымаць уладу і перадаваць яе па спадчыне. Няма такога жадання ў дзяцей, гэта першае. Ні ў воднага з іх, нават у самага малодшага, хоць да прэзідэнцтва яму 20 гадоў. Не перажывайце за гэта. Няма ў мяне такой мэты – па спадчыне перадаць уладу».

Наша краіна не качае нафту, у нас пасада прэзідэнта – гэта вельмі цяжкая пасада, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. “Не кажу, што я пакутую, гэта маё, асабістае. Бывае пакутую, бывае радуюся, але я цаню тое, што мяне некалі абралі першым Прэзідэнтам Беларусі”, – прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

“Адзінае, як мне зараз падаецца: я не змагу не вылучыць сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта. Я зараз так думаю. Можа ж змяніцца здароўе, іншае, і прыйдзецца па-іншаму паступіць. Але зараз, каб вы потым мяне не абвінавацілі ў баязлівасці і не сказалі, што я ў цяжкую хвіліну збег, вылучу сваю кандыдатуру. Вы выбірайце любога. Можаце за мяне не галасаваць, гэта будзе нармальна, але калі нешта абваліцца потым, я буду спакойны. І калі вы мяне ў нечым папракнеце, скажу: “Вы маглі за мяне прагаласаваць, але не прагаласавалі”. Я хачу сам сябе ў гэтым плане абараніць”.

Аб Канстытуцыі

У краіне неабходна прымаць новую Канстытуцыю, лічыць кіраўнік дзяржавы.

— Я схільны сёння да таго, што новую Канстытуцыю нам сёння прыйдзецца прымаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што неабходна ўзмацніць іншыя галіны улады: выканаўчую і заканадаўчую. Магчымы нейкія змяненні ў выбарчай сістэме, але толькі пасля вельмі сур’езнага аналізу спецыялістаў і вывучэння досведу іншых краін. Аднак ў бліжэйшыя два гады, падчас парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, ніякіх змяненняў не будзе.

Пра Крым

Карэспандэнт “Комсомольской правды” запытаў, ці настаў час Беларусі выказаць сваю пазіцыю па Крыму. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што не можа быць марыянеткай і, падпісаўшы адзін дакумент (размова ідзе пра Будапешцкі мемарандум), цяпер казаць па-іншаму. Аднак, звярнуў увагу, што, магчыма, неабходна было і падтрымаць Расію. «Колькі ўкраінцаў загінулі, абараняючы Крым? Ніводнага. Колькі прагучала стрэлаў падчас так званага захопу Крыма? Ніводнага. Вось вам і адказ».

Ён нагадаў, што Беларусь з’яўляецца добрай пляцоўкай для вырашэння недамоўленнасцяў паміж суседзямі, і такая наша пазіцыя можа быць выгаднай для абодвух бакоў.

Пра нацыянальны адбор на «Еўрабачанне»

Адказваючы на пытанне пра адбор на нацыянальны фінал конкурсу «Еўрабачанне», Прэзідэнт пагадзіўся, што перамога ў гэтым конкурсе працуе на імідж краіны, і ён сочыць за працэсам унутранага адбору. “Калі на гэта трацяцца грошы, то нехта павінен несці адказнасць. Каго пасылаем? Хто павінен адказваць за гэта? Арганізатар і журы”, – заўважыў ён.

«Павінны паехаць годныя людзі, якія перамогуць у адборы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Ні ў якім разе ніякіх прэферэнцый быць не павінна. Перамаглі – паехалі”.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што сам любіць лірычную музыку. Пры гэтым у яго сям’і ёсць аматар і выканаўца класікі – сын Мікалай.

“Ці цяжка быць Прэзідэнтам?”

Такое пытанне прагучала ад юнага тэлегледача канала ОНТ. – Па-рознаму бывае. Прэзідэнту бывае і цяжка, і цікава, але лёгка ніколі не бывае. Лёгкасць і інтарэс, калі нешта атрымалася, асабліва значныя. А цяжкасцей у любой прафесіі хапае.

Падчас “Вялікай размовы з Прэзідэнтам” закраналіся і іншыя пытанні, якія хвалююць грамадства.