Дасягнуць намечанага можна толькі разам

Гэтая думка яскрава прасочвалася ў кожным з выступленняў, якія прагучалі ў ходзе сустрэчы прадстаўнікоў улады з землякамі. Прайшла яна 30 верасня ў гарадскім доме культуры, а ладзілася ў межах «Дня адкрытага пісьма».

Перш-напер, да прысутных звярнуліся намеснікі старшыні райвыканкама, якія расказалі пра стан спраў у курыруемых галінах.

Уладзімір Кавалевіч спыніўся на тым, як выконваюцца ключавыя паказчыкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016-2020 гады, адзначыўшы штогадовы прырост аб’ёмаў выпуску прамысловай прадукцыі. Так, у грашовым адлюстраванні на 3,5 года вытворчасць яе павялічылася ў 1,8 раза, а ў натуральным – на 122 працэнты. Вырасла яе рэалізацыя за межы рэспублікі. Калі ў 2015 годзе на экспарт было пастаўлена тавараў на 55,4 мільёна долараў ЗША, то летась сума павялічылася ледзь не ўдвая. Сёння Лунінеччына пастаўляе прадукцыю ў 32 краіны свету. Больш чым у два разы павялічыўся экспарт паслуг. Сукупнае сальда за мінулы год дасягнула 79 мільёнаў долараў. Актыўна ідзе гандаль спажывецкімі таварамі ўнутры раёна. Адкрыта 170 новых аб’ектаў агульнай плошчай 10,5 тысячы квадратных метраў. Выручка ад рэалізаціі тавараў, работ і паслуг павялічылася ў 1,6 раза, рэнтабельнасць склала 8,9 працэнта.

Працуе інвестыцыйная праграма: агульны аб’ём укладанняў дасягнуў 314,8 мільёна рублёў. Замежныя інвестары ў развіццё сваіх прадпрыемстаў асігнавалі больш як 2 мільёна долараў. Актыўнымі «рэціпіентамі» сталі прамысловасць, будаўніцтва і сельская гаспадарка.

Стаўчую дынаміку дэманструе транспартная галіна. Развіваецца бізнес. Пачынаючы 3 2015 года, створана 42 мікра- і малых арганізацый, а ўсяго на тэрыторыі раёна працуе больш як 260 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і 1100 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Павялічваецца колькасць новых рабочых месцаў. Сёлета ў раёне ёсць 474 вакансіі, на ўліку стаяць 95 безпрацоўных. На жаль, іх кваліфікацыя не заўсёды адпавядае патрабаванням наймальнікаў, таму колькасць свабодных рабочых месцаў захоўваецца год ад года. І ўсё ж, перакананы Уладзімір Міхайлавіч, тыя, хто можа і жадае працаваць, заўсёды знойдуць работу.

Падводзячы папярэднія вынікі ходу выканання Праграмы, дакладчык адзначыў, што з 17 устаноўленых паказчыкаў на сёння выканана 15. Не выкананы планы па колькасці занятых у эканоміцы жыхароў і будаўніцтву жылля. Да 2020 года яшчэ ёсць час, а значыць – і магчымасць выйсці на запланаваныя лічбы.

Менавіта з аналізу стану спраў у жыллёвым будаўніцтве пачаў сваё выступленне Руслан Хоміч. Намеснік старшыні райвыканкама адзначыў, што за перыяд з 2015 па 2019 год у Лунінцы ўведзена ў эксплуатацыю амаль 70 тысяч квадратных метраў жылля, у новыя кватэры і дамы ўсяліліся больш як 700 сем’яў. І ўсё ж на 1 верасня гэтага года на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў значацца 2040 сем’яў, з якіх 177 – мнагадзетныя. Будаўніцтва жылля для іх будзе працягвацца.

Істотна паўплываў на камфортнасць пражывання прыход прыроднага газу. Сёння на абслугоўванні раёна газазабеспячэння – больш як 9 тысяч абанентаў, з якіх прыкладна трэцяя часта – прыватныя домаўладальнікі. Работы па пракладцы артэрый для “блакітнага паліва” запланаваны і на будучы год, у прыватнасці – да шматкватэрных дамоў на вуліцы Чапаева.

Вялікі аб’ём работ выкананы раёнам электрасетак, РУП “Белтэлекам”. Падрабязна расказаў дакладчык пра тое, што робіцца ў плане забеспячэння жыхароў горада чыстай вадой. На рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы з адпаведнай назвай выдаткавана больш як 300 тысяч рублёў.

Немалыя сродкі ідуць на добраўпарадкаванне горада. Працягласць вуліц райцэнтра перабольшвае 105 кіламетраў, 63 з іх – маюць асфальтавае пакрыццё, больш як 6 кіламетраў – пясчана-гравійнае, 35 – грунтовыя вуліцы. На падтрыманне іх у належным стане выдаткавана больш як 4 мільёны рублёў. На навядзенне і падтрыманне парадку ідуць і сродкі, заробленыя на суботніках.

Цікава было даведацца гараджанам і пра тое, што за тры з паловай года ўдалося капітальна адрамантаваць 9 шматкватэрных дамоў і замяніць 13 ліфтаў (між іншым, толькі на замену ліфтаў было затрачана 755 тысяч рублёў). Акрамя гэтага, на сямі шматвапярхоўках адрамантаваны дах, гожы выгляд набылі 60 пад’ездаў, заменены 4 цеплаабменнікі. На гэтыя мэты затрачана больш як 700 тысяч рублёў бюджэтных грошай. У наступным годзе плануецца кардынальна абнавіць шматпавярхоўкі па вуліцы Савецкая, 18, Заходняя, 13, Някрасава, 6 і вуліцы Чырвоная,119а, памяняць пад’ёмныя механізмы ў доме №20 па вуліцы Гагарына.

З мэтай своечасовага і якаснага прадастаўлення камунальных паслуг, зніжэння сабекошту цеплавой энергіі і яе страт пастаянна праводзяцца работы па мадэрнізацыі сетак, якіх на балансе ЖКГ – амаль 180 кіламетраў.

Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч расказаў пра тое, як развіваецца сацыяльная сфера, на фінасаванне якой ідзе львіная доля раённага бюджэту – 82 працэнты.

У 15-ці ўстановах адукацыі навучаюцца і выхоўваюцца 4798 дзяцей, з іх больш як 3540 – школьнікі. Пачынаючы з 2015 года, за кошт павелічэння нараджальнасці і актывізацыі ўнутраных міграцыйных працэсаў колькасць дзетвары вырасла на 183 чалавекі. Асобна спыніўся дакладчык на павышэнні якасці прадстаўляемых адукацыйных паслуг, прапанаваўшы вопыт Лунінецкай гімназіі і СШ №2 г. Лунінца, чые вучні найбольш перамог здабылі для сваёй малой радзімы.

Пры тым, што кожны год на рамонт і ўтрыманне ўстаноў адукацыі выдаткоўваюцца велізарныя сумы бюджэтных сродкаў, праблемным назваў Анатоль Захаркевіч пытанне рэкаструкцыі і мадэрнізацыі СШ №1 г. Лунінца. Працягваецца работа па ўключэнню яго ў абласную інвестыцыйную прагараму. Вывучаюцца іншыя варыянты вырашэння праблемы.

У спартыўных школах займаюцца 1071 вучань. Штогод са сцен гэтых устаноў выходзяць спартсмены-першаразраднікі, хто-ніхто трапляе ў школы вышэйшага спартыўнага майстэрства. Тым не менш, падкрэсліў Анатоль Захаркевіч, гарадская спартыўная база дазваляе ставіць больш амбіцыёзныя задачы.

Характарызуючы сітуацыю ў сферы аховы здароўя, было адзначана, што ў Лунінцы працуюць 155 урачоў і 455 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Вакантнай застаецца пасада ЛОР-урача ў паліклініцы. Аб стабільным развіцці галіны сведчыць пастаяннае павелічэнне бюджэтнага фінансавання на аднаго жыхара: з 216 рублёў у 2015 годзе лічба павялічылася да 320-ці – летась.

Нягледзячы на тое, што ў раёне захоўваецца адмоўны дэмаграфічны баланс, у горадзе на працягу апошніх трох год назіраецца натуральны прырост насельніцтва, у тым ліку і за кошт росту нараджальнасці.

Штогод умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база: за тры гады на мэты аховы здароўя з бюджэту накіравана 440 тысяч рублёў. Сёлета набыта новага абсталявання на 42 тысячы рублёў. Каля 700 тысяч было выдаткавана на рамонт былой Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, куды сёлета пераехалі дзіцячая і жаночая кансультацыі.

Ахарактарызаваў дакладчык становішча ў сацыяльнай сферы сёння ў нас амаль 20 тысяч атрымальнікаў пенсій і дапамог.

Аналіз крымінагеннай сітуацыі дапоўніў намеснік начальніка РАУС Павел Паўловіч, які адзначыў рост колькасці злачынстваў з 357-мі – летась да 387 – сёлета. Раскрывальнасць складае 67,9 працэнта. Ёсць у статыстыцы 2 забойствы, 2 замахі на забойства, 4 выпадкі прычынення цяжкіх цялесных пакалечанняў, 1 згвалтаванне, 4 махлярствы… Аднак пераважаюць крадзяжы – 105 выпадкаў. Раскрывальнасць іх – 53 працэнты. Звярнуў увагу праваахоўнік на павелічэнне колькасці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, параіўшы грамадзянам быць больш абачлівымі пры зносінах у сацыяльных сетках.

Пытанні, якія паступілі загадзя, зачытаў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч. Адказы на іх давалі прадстаўнікі адпаведных службаў. Так, на запыт аб перспектыве рамонту пешаходнай дарожкі, якая вядзе да СШ №2 г. Лунінца прагучала запэўніванне, што сёлета з-за адсутнасці фінансаў выканаць яго не ўяўляецца магчымым. Аднак пытанне застаецца на кантролі з тым, каб у будучым зрабіць больш камфортай і бяспечнай дарогу дзетвары да школы.

Пытанне аб абмежаванні хуткаснага рэжыму на вуліцы Машэрава ў бліжэйшы час будзе разгледжана на пасяджэнні камісіі па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме.

Неабгрунтаванай можна назваць скаргу на адсутнасць у стаматалагічай паліклініцы магчымасці зрабіць рэнтгенаўскі здымак. Такая сітуацыя была толькі аднойчы ў сувязі з экстраннай шпіталізацыяй рэнтгенлабаранта. Сёння кабінет працуе ў звычайным рэжыме.

Не знайшла падтрымкі прапанова перанесці пляцоўку па агляду вялікагрузных аўтамабіляў спецыялістамі інспекцыі па насенняводству, каранціну і абароне раслін з вуліцы Давыдава на пляцоўку каля аўтастанцыі, дзе рух аўтамабіляў яшчэ больш напружаны, чым у пасёлку Сельгастэхніка. Размяшчэнне пляцоўкі на Баханова створыць яшчэ большую небяспеку для пасажыраў і пешаходаў. З-за недахопу сродкаў не плануецца пакуль і асфальтаванне вуліцы Давыдава.

Некалькі пытанняў прагучала з залы. Адзін з гараджан паскардзіўся на немагчымасць з-за забарон адпачыць на ўзбярэжжы Прыпяці. Адпаведнае рашэнне, якім будуць дакладна вызначаны месцы для “кемпінгу”, знаходзіцца на юрыдычнай экспертызе. Пасля захавання ўсіх пратакольных патрабаванняў, яно будзе апублікавана. Папярэдне стала вядома, што ім прадугледжваецца не менш як 90 месцаў для размяшчэння палатак адпачываючых.

Магымасцю вырашыць пытанне з падводам электрычнасці да прыватнай новабудоўлі скарыстаўся жыхар прыгараднай вёскі, якому ўдалося такі падубаваць дом без гэтай вельмі патрэбнай выгоды. Па запэўніванню кіраўніка раёна электрасетак Віталя Падапрыгары, электрычнасць у новым доме паявіцца да канца 2019 года.

У ходзе дыялогу была звернута таксама ўвага на агрэхі ў добраўпарадкаванні вуліцы Трошына, неналежную абрэзку дрэў, хібы ў доглядзе за маладымі насаджэннямі, з-за чаго многія пасля пасадкі гінуць, і стан канала за стаматалагічнай паліклінікай.

Якасць рамонту вуліцы Трошына ўзята на кантроль. Абрэзку дрэў, па запэўніванню дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Георгія Шпакоўскага, вядуць спецыяльна навучаныя людзі. Што датычыць догляду за новымі насаджэннямі, то ў дварах шматкватэрных дамоў (а менавіта пра іх ішла гаворка) да гэтай безумоўна высакароднай справы карысна было б далучыцца жыхарам шматпавярховак. Утрыманскія пазіцыі часта становяцца прычынай праблем. Той жа канал па-за стаматпаліклінікай выгляд, варты жалю, таксама набыў дзякуючы абыякавым гараджанам. Дык хто павінен там наводзіць парадак?

Відавочна, што адказ на гэтае пытанне кожны павінен даць для сябе сам. Менавіта пра гэта гаварыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які пераканана заўважыў, што толькі разам мы зможам больш утульным і гожым зрабіць наваколле – тэрыторыю, што прымыкае да дома; двор, які абрамляюць шматпавярхоўкі; вуліцу, па якой штодня ідзем на працу; горад, які цёпла завем малой радзімай.